«Гульня без правілаў»: новы фільм «Белсату» пра Лукашэнку

Пра першыя крокі Аляксандра Лукашэнкі ў палітыцы распавядае чалавек, які напачатку 1990-х запусціў ягоную прэзідэнцкую кар’еру.

Яны разам гулялі ў футбол у камандзе Вярхоўнага Савету. І менавіта гэты чалавек на адным з пасяджэнняў парламенту даў старт прэзідэнцкай кар’еры Аляксандра Лукашэнкі. Яны разам выйгралі той палітычны марш, а потым сталі зацятымі супернікамі.

«У аснове сюжэту гісторыя двух маладых на той час палітыкаў, якія абодва паходзілі з вёскі, а пазней працавалі ў адной камандзе ў Вярхоўным савеце, – распавядае рэжысёр дакументальнага фільму «Гульня без правілаў» Антось Цялежнікаў. – Пасля яны пяройдуць у адкрытую канфрантацыю і стануць па розныя бакі барыкадаў».

Антось Цялежнікаў падкрэслівае, што хацеў зняць аб’ектыўны фільм, без хэйту і сатыры, з унікальнай відэахронікай 1990-х і выказваннямі сведкаў тых падзеяў.

«Мы паказваем, якім чынам былы дырэктар саўгасу змог стаць першым прэзідэнтам Беларусі, хто і што гэтаму паспрыяла, – тлумачыць ён. – Гэта такая палітычная анатомія 1990-х. Мы шмат прысвяцілі тэме незалежнасці і таму, якім чынам яна нам дасталася. Пра гэта фактычна не было раней фільмаў».

У «Гульні без правілаў» дэпутата Лукашэнку ўзгадваюць тыя, хто ведаў яго яшчэ да прэзідэнцтва. Сярод іх – Сяргей Антончык, аўтар антыкарупцыйнага дакладу пра атачэнне новаабранага кіраўніка дзяржавы, слухаючы які Аляксандр Лукашэнка пусціў слязу.

Як Аляксандр Рыгоравіч хацеў дамовіцца з Зянонам Пазняком і ўзначаліць у Вярхоўным Савеце фракцыю… Беларускага народнага фронту? У чый аўтамабіль ён патаемна загрузіў цэлы багажнік гуркоў? І як дзякуючы Віктару Шэйману, якога пазней абвінавацяць у датычнасці да забойства апазіцыянераў, бел-чырвона-белы сцяг у 1991-м стаў дзяржаўным?

Глядзіце новы фільм «Белсату» «Гульня без правілаў» (відэа вышэй).

ІА belsat.eu

Hавiны