Хакей – самае вядомае хобі Аляксандра Лукашэнкі і ягонай сям’і. Belsat.eu распавядае, як фармавалася хакейнае атачэнне кіраўніка дзяржавы, хто гэтыя людзі і якія прывілеі яны атрымліваюць.
У 2014 годзе Аляксандр Лукашэнка распавёў журналістам, што насамрэч захапляцца хакеем ён стаў «па няшчасцю»: раней, нават у першыя гады прэзідэнцтва, ён гуляў у футбол, але потым атрымаў цяжкую траўму.
«Я па прафесіі футбаліст. Я ўсё жыццё гуляў у футбол. Але калі траўмаваўся і мне палову калена выразалі, то скакаць на поле было ўжо цяжка», – прызнаўся ён.
Паводле СМІ, Лукашэнка зацікавіўся хакеем у 1997 годзе пасля знаёмства з вядомым трэнерам Міхаілам Захаравым. У тым жа годзе была створана прэзідэнцкая каманда, а Федэрацыю хакею Беларусі ўзначаліў кіраўнік Службы бяспекі прэзідэнта (СБП) Юрый Бародзіч. Пасля Бародзіча цягам 9 гадоў (2001-2010) федэрацыю ўзначальваў Уладзімір Навумаў – тагачасны міністр унутраных справаў і былы кіраўнік СБП. Хакей стаў дзяржаўным відам спорту, куды ўкладаліся вялізарныя грошы. Па ўсёй краіне будаваліся лядовыя палацы – на дадзены момант іх ужо больш за 30.
Пад эгідай прэзідэнцкага спартовага клубу, які ўзначальвае сын кіраўніка дзяржавы Дзмітрый Лукашэнка, у Беларусі рэгулярна праводзяцца аматарскія спаборніцтвы па хакею. Каманда прэзідэнта амаль заўсёды перамагае – яна была чэмпіёнам 11 з 13 рэспубліканскіх турніраў і 13 з 16 міжнародных Калядных турніраў на прызы прэзідэнта Беларусі. Хаця ўсе гэтыя спаборніцтвы з’яўляюцца аматарскімі, за каманду Лукашэнкі гуляюць пераважна прафесійныя хакеісты, былыя або дзейныя. Сярод іх ёсць зоркі НХЛ – Канстанцін Кальцоў і Міхаіл Грабоўскі. Калі журналісты запыталі Грабоўскага, ці мог ён адмовіцца гуляць за прэзідэнцкую каманду, той ухіліўся ад адназначнага адказу:
«Можна сказаць, што гэта трэба было зрабіць для развіцця нашага хакея».
Стасункі ўнутры каманды будуюцца на татальным аўтарытэце Лукашэнкі. Хакеістаў у калектыў запрашаюць толькі з адабрэння кіраўніка дзяржавы. Ён мае асабістую распранальню, куды шараговых гульцоў не дапускаюць. «Да нас Аляксандр Рыгоравіч, бывае, заходзіць. Напрыклад, павіншаваць з добрай гульнёй, са святамі. Частуе нас кавунамі, печывам», – распавядаў у адным з інтэрв’ю хакеіст Аляксей Баранаў. СМІ заўважалі, што і падчас гульні на лаве запасных Лукашэнка трымаецца адасоблена, ні з кім не размаўляе.
Па выніку кожнага трэнавання найлепшаму гульцу Лукашэнка дорыць шакаладку «Прэзідэнт» з асабістым подпісам на ёй.
«Мы, можна сказаць, ваюем за гэтыя шакаладкі», – прызнаваўся гендырэктар ХК «Дынама-Менск» Дзмітрый Баскаў.
Часам гэтая традыцыя набывае абсурдную форму. Напрыклад, калі ў снежні 2019 года памёр вядомы беларускі хакеіст, гулец прэзідэнцкай каманды Уладзімір Цыплакоў, то Лукашэнка проста накіраваў на развітанне з ім чарговую шакаладку.
Аднак гульцы хакейнай каманды прэзідэнта атрымліваюць ад Лукашэнкі не толькі шакаладкі і печыва. На гэтым тыдні медыі паведамілі, што ўладальнікамі скандальна вядомага заводу АКБ сталі трэнер каманды Лукашэнкі Дзмітрый Баскаў і бізнесовец Сяргей Кагановіч, які таксама выступае ў хакейных спаборніцтвах пад эгідай прэзідэнцкага спартовага клубу.
Будаўніцтва і запуск акумулятарнага заводу ў Берасці сталі прычынай адной з самых працяглых у Беларусі кампаніяў пратэсту. Людзі ў Берасці і ваколіцах упэўненыя, што выкіды з заводу АКБ пашкодзяць іхнаму здароўю і навакольнаму асяроддзю. Таму з лютага 2018 года яны рэгулярна выходзяць на пратэсты – так званае «кармленне галубоў», якое потым пераўтвараецца ў вулічнае шэсце.
У чэрвені 2019 года Берасцейскі аблвыканкам прыпыніў будаўніцтва заводу АКБ, прызнаўшы наяўнасць шэрагу парушэнняў. У ліпені КДБ арыштаваў Віктара Лемяшэўскага, якому належала кампанія «АйПауэр», што будавала акумулятарны завод. Бізнесоўца і шэраг ягоных супрацоўнікаў абвінавацілі ў хабарніцтве. Падчас візіту ў Берасце ў верасні 2019 года Лукашэнка заявіў, што ў канфлікце вакол АКБ ён «на баку людзей» і прызнаў асобныя парушэнні з боку забудоўнікаў ды чыноўнікоў.
«Я ўбачыў там крымінальныя справы і жорстка даручыў адпаведным службовым асобам заняцца гэтым пытаннем. Калі зразумелі, што прэзідэнт трымае на кантролі, рукамі развялі і адправілі ў месцы не гэтак аддаленыя некалькі чалавек», – казаў ён.
Аднак перамога пратэстоўцаў была часовай. У красавіку 2020 года акумулятарны завод «АйПауэр» атрымаў станоўчае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. А ў траўні Віктар Лемяшэўскі, якога, паводле медыяў, вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе яшчэ ў канцы 2019 года, прадаў завод кампаніі «Акумулятарны Альянс». 85% гэтай кампаніі належыць Сяргею Кагановічу, а 15% – Дзмітрыю Баскаву.
41-гадовы Дзмітрый Баскаў спачатку быў брамнікам хакейнай каманды прэзідэнта, а потым і трэнерам. На публіцы ён дэманстраваў асабістую адданасць Лукашэнку.
«Адзін ідэал, на які трэба раўняцца, – гэта наш прэзідэнт», – казаў Баскаў у інтэрв’ю СТВ у 2016 годзе.
Ступень набліжанасці Баскава да кіраўніка дзяржавы дэманструе цікавы эпізод. У лютым 2020 года Лукашэнка праводзіў з Пуціным складаныя шматгадзінныя перамовы ў Сочы. У перапынку палітыкі вырашылі пагуляць у хакей, іх каманды амаль цалкам складаліся з працаўнікоў службаў бяспекі дзвюх прэзідэнтаў. Але было выключэнне – разам з кіраўнікамі дзяржаваў у хакей гулялі малодшы сын Лукашэнкі Мікалай і Дзмітрый Баскаў, якія таксама прыляцелі ў Сочы.
Раней Баскаў пяць гадоў трэнаваў Мікалая Лукашэнку індывідуальна, а потым у складзе каманды «Грыфоны». Імаверна, яны дагэтуль маюць добрыя асабістыя стасункі: напрыклад, у лютым 2020 года Баскаў і Мікалай Лукашэнка разам наведалі гульню менскага «Дынама».
За апошнія некалькі гадоў Баскаў зрабіў бліскучую кар’еру спартовага функцыянера. Ён стаў генеральным дырэктарам ХК «Дынама-Менск», намеснікам старшыні Федэрацыі хакею Беларусі і сябрам выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Акрамя таго, Баскаў прыйшоў у камерцыйную сферы – летась ён атрымаў месца ў савеце дырэктараў БСБ-банку. Адначасова ў савет дырэктараў увайшоў бізнесовец Сяргей Кагановіч.
У адрозненні ад Баскава, Сяргей Кагановіч – чалавек не публічны. Ён узначальвае кампанію «Семь холмов», што спецыялізуецца на продажы і рамонце складской тэхнікі. Галоўнае хобі 46-гадовага бізнесоўца – хакей. У аматарскім чэмпіянаце Менску ён гуляе за каманду «Миф-Семь холмов».
Таксама ён выступае за калінінградскую каманду «Захад Расеі», якая прымае ўдзел у спаборніцтвах Начной хакейнай лігі. У гэтай аматарскай лізе ў тым ліку гуляе Уладзімір Пуцін і іншыя прадстаўнікі расейскага істэблішменту.
Гісторыя Кагановіча і Баскава – не першы выпадак, калі людзі з хакейнага атачэння Лукашэнкі раптоўна пачынаюць дэманстраваць поспехі ў бізнесе. Найбольш вядомы прыклад такога кшталту – гэта алігарх Павел Белы.
Белы гуляў з Лукашэнкам у хакей мінімум з 2006 года. За таго часу былы прафесійны спартовец стаў адным з галоўных забудоўнікаў Менску. Па стане на 2019 год 39-гадовы Павел Белы займае 25-е месца ў рэйтынгу самых паспяховых і ўплывовых беларускіх бізнесоўцаў.
У 2014 годзе Лукашэнка падпісаў указ №365, паводле якога кампанія «Тапас» атрымала частку тэрыторыі побач з заказнікам «Лябядзіны» для пабудовы там шматфункцыянальнага комплексу. Праект забудовы сам па сябе выклікаў шмат пытанняў у эколагаў – яны лічылі, што жыллёвы комплекс можа нашкодзіць прыродзе. Аднак пазней высветлілася, што ва ўжо зацверджаны праект сталі ўносіць істотныя змены: у выніку «Тапас» залез у зону, якая мае статус «тэрыторыі з адмысловым рэжымам засваення і ўтрымання». Але Лукашэнка асабістым указам скараціў межы заказніку і такім чынам узаконіў скандальны праект. У снежні 2019 года Лукашэнка наведаў гала-вячэру ў рэстарацыі «Лебядзіны», пабудаванай Белым на месцы былога заказніку.
2020.02.27 18:05
У 2017 годзе Лукашэнка сам распавядаў, як Белы папрасіў аддаць яму тэрыторыю побач з заказнікам:
«Я еду міма гэтага возера і разумею, трэба яго ў парадак прывесці вонкава – яно апынулася фактычна ў горадзе на галоўным праспекце. Я так недзе сказаў, і да мяне падыходзіць чалавек аднойчы і кажа: «Паслухайце, дазволіце, я там пабудую штосьці».
Паводле СМІ, кватэры ў пабудаваным Паўлам Белым элітнымі жыллёвым комплексе «Алімпік-парк» набылі па заніжаных коштах асобы, набліжаныя да Лукашэнкі – прэс-сакратарка Наталля Эйсмант, начальніца аддзелу дзяржаўнага пратакола прэзідэнта Дар’я Шманай, кіраўнік ДАІ Дзмітрый Карзюк. Таксама кватэры там маюць Дзмітрый Баскаў і алігарх Аляксей Алексін.
Магчымасцю падысці да Лукашэнкі асабіста і нешта папрасіць таксама скарыстаўся Вадзім Салей – брат легендарнага хакеіста Руслана Салея. Вадзім Салей узначальвае Завод эфектыўных прамысловых канструкцыяў (ЗЭПК) і раней гуляў разам з Лукашэнкам у хакей.
«Прыйшоў да мяне дырэктар. Кажа: дайце мне зямлі ў Менску, я буду будаваць жыллё. І я вам абяцаю, з пяціпрацэнтны рэнтабельнасцю я пабудую жыллё (ён вырабляе панэлі для буйнапанэльнага домабудавання) і перадам каму трэба – дзяржпрадпрыемствам. І калі я ўнёс на разгляд гэтае пытанне, пачынаючы ад Мясніковіча і мэра Менску і заканчваючы ўсім жуллём, якое там целяпаемся, [яны выступілі] катэгарычна супраць [і сказалі], што гэта немагчыма. Я кажу: усё, будуем, дайце яму зямлі», – распавядаў Лукашэнка вясной 2019 года.
Паводле REALTY.TUT.BY, завод Вадзіма Салея атрымаў пад будаўніцтва сацыяльнага жылля спачатку адзін участак у Навінках, а потым яшчэ 24 гектары ў тым жа раёне. Эксперымент з будаўніцтвам жылля з абмежаванай, 5-адсоткавай рэнтабельнасцю так натхніў Лукашэнку, што ён паставіў завод Салея ў прыклад іншым.
Як вынікала са словаў самога Лукашэнкі, гэтая схема не зробіць жыллё больш танным – проста цяпер галоўную выгаду будуць атрымліваць не бізнесоўцы, а дзяржава. «Ён пабудаваў гэта жыллё – 500 даляраў у Менску квадратны метр. Забірайце! Забірай, Анатоль Васільевіч Ліс, і прадавай па 1200, у бюджэце пакідай гэтую розніцу. А мы аддалі асобным жулікам і прайдзісветам гэтыя грошы. Чаму?» – звяртаўся Лукашэнка да кіраўніка Берасцейшчыны.
Пры гэтым ЗЭПК раней ужо мела праблема з будаўнічымі праектамі. Яшчэ ў 2012 годзе завод выступаў генпадрадчыкам будаўніцтва 9-павярховага дому і мікрараёне Лебядзіны. Людзі, якія мусіла атрымаць жыллё ў гэтым доме, скардзіліся на зацягванне будоўлі і беспаспяхова прасілі ўлады змяніць падрадчыка.
«Дырэктар гэтага заводу гуляе ў хакей у камандзе прэзідэнта, можа, таму нас ніхто і не чуе», – казалі абураныя грамадзяне TUT.by.
Бізнесам займаюцца і некаторыя іншыя гульцы каманды Лукашэнкі. Напрыклад, брамнік Вадзім Пякарскі ўжо шмат гадоў з’яўляецца заснавальнікам і кіраўніком буйной турыстычнай кампаніі «Холідэй Клаб». Адзін з найлепшых бамбардзіраў Алег Антоненка летась прызнаўся журналістам, што ўдзельнічае ў адным бізнес-праекце, але адмовіўся распавядаць дэталі. На жонку Вадзіма Бекбулатава Кацярыну зарэгістраваны шэраг кампаніяў на Кіпры, якія ў сваю чаргу ўскосна маюць дачынення да скандальнай рэстарацыі «Поедем поедим». Аднак мы не валодаем фактамі, якія б сведчылі пра тое, што на развіццё бізнесу гэтых людзей паўплывала знаёмства з кіраўніком дзяржавы.
Некаторыя гульцы прэзідэнцкай каманды займаюць высокія пасады ў галіне спартовай бюракратыі. Напрыклад, Генадзь Савілаў з 2018 года ўзначальвае Федэрацыю хакею Беларусі. Былы працаўнік Службы бяспекі прэзідэнта Андрэй Асташэвіч, які гуляў з Лукашэнкам у хакей з 1997 года, працяглы час кіраваў цэнтрам алімпійскай падрыхтоўкі «Раўбічы».
У хакей гуляюць усе тры сыны Лукашэнкі. Малодшы сын Мікалай Лукашэнка цяпер выступае за каманду прэзідэнта. Сёлета на рэспубліканскім турніры юнак нават стаў найлепшым бамбардзірам.
Віктар і Дзмітрый Лукашэнкі цяпер абмяжоўваюцца гульнёй у аматарскім чэмпіянаце Менску. Віктар Лукашэнка выступае за каманду «Бастыён», Дзмітрый – за «Шчыт». Таксама ў «Бастыёне» гуляе ўнук кіраўніка дзяржавы – Аляксандр.
У камандах сыноў Лукашэнкі зорак хакею няма. Але ёсць дзейныя сілавікі і чыноўнікі. Напрыклад, капітан «Бастыёну» – начальнік ДАІ Дзмітрый Карзюк, якога СМІ называюць сябрам сям’і Лукашэнкі. Раней ён гуляў у непасрэдна ў прэзідэнцкай камандзе, працаваў у Дзмітрыя Лукашэнкі ў прэзідэнцкім спартовым клубе, з’яўляўся разам з Віктарам Лукашэнкам на байкерскіх злётах.
Яшчэ адзін гулец «Бастыёну» – Сяргей Зелянкевіч, таямнічы памочнік Віктара Лукашэнкі. Зелянкевіч быў адным з пасажыраў прыватнага самалёту Gulfstream G550, на якім у лютым Віктар Лукашэнка лётаў у Абу-Дабі. Belsat.eu падрабязна распавядаў пра гэта раней.
Таксама ў камандзе Віктара Лукашэнкі можна сустрэць звязанага з кампаніяў «Dana Holdings» сербскага бізнесоўца Жэлька Шыніковіча і генеральнага дырэктара кампаніі «Спорт-Пары» Юрыя Юрасюка («Спорт-пары» – манапаліст на рынку інтэрактыўных электронных гульняў). Яшчэ частка гульцоў, імаверна, працуюць у Службе бяспекі прэзідэнта – прынамсі, у гэтай ролі іх прозвішча раней фігуравалі ў СМІ.
Дарэчы, Дзмітрый Баскаў «Бастыён» таксама трэнаваў. А ягоны сын Даніла – адзін з брамнікаў каманды Віктара Лукашэнкі.
Ігар Ільяш belsat.eu