Грузія працягне інтэграцыю ў НАТО і Еўразвяз


Прэзідэнт краіны Гіёргі Маргвэлашвілі падчас адкрыцця міжнароднай канферэнцыі па пытаннях абароны і бяспекі Грузіі ў Батумі заявіў, што краіна працягне рэформы, якія накіраваныя на набліжэнне да заходнееўрапейскіх стандартаў.

Галоўныя моманты выступу прэзідэнта краіны трансляваліся ў прамым эфіры тбіліскага тэлеканалу Imedi.

«Мы лічым, што сяброўства з НАТО стане гарантам суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі ў рамках міжнародна прызнаных межаў краіны», – адзначыўМаргвэлашвілі.

Міжнародная канферэнцыя па пытаннях абароны і бяспекі адбываецца ў 12 раз, паведамляе ТАСС. Пляцоўка з’яўляецца форумам, дзе разглядаюцца пытанні еўраатлантычнай бяспекі і рэгіянальнай стабільнасці, выклікі, якія стаяць перад краінай і рэгіёнам. Удзельнічае ў канферэнцыі кіраўніцтва краіны.

Грузія шчыльна супрацоўнічае з НАТО з канца 1990-х гадоў. У 2002 года прэзідэнт краіны Эдуард Шэварнадзэ на саміце ў Празе заявіў пра жаданне Грузіі стаць сябрам альянсу. Гэта пацвердзіў і Міхэіл Саакашвілі. Новы ўрад, які прыйшоў да ўлады пасля перамогі кааліцыі «Грузінская мара» у кастрычніку 2012 года, працягнуў курс на інтэграцыю ў НАТО.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў