Грузінская дзяўчына, якая страціла вока падчас мітынгу ў Тбілісі: «Мы абавязкова выйграем гэтую вайну!»


18-гадовую Мако Гамуры, якая падчас жорсткага разгону акцыі ў Тбілісі страціла вока, 24 чэрвеня выпісалі з клінікі «Нью Хоспітал». Дзяўчына заклікала моладзь, якая ўдзельнічае ў пратэстных акцыях, працягнуць барацьбу, піша newsgeorgia.ge.

Дзяўчыну ў шпіталі сустракалі блізкія, журналісты і звычайныя грамадзяне. Пасля таго, як дзяўчыну выпісалі, ёй падарылі кацяня.

Мако выказала падзяку лекарам і ўсім, хто яе падтрымліваў.

«Заклікаю аднагодкаў, мы павінны разам змагацца для таго, каб дасягнуць таго, што хочам», – сказала Гамуры.

Напярэдадні тэлекампанія «Руставі-2» распаўсюдзіла зварот Мако, які дзяўчына напісала ў бальнічнай палаце, на наступны дзень пасля аперацыі па выдаленні вока.

«Я Мако, мне 18 гадоў і ўчора на акцыі я страціла вока. Я – тая дзяўчына, якая воляй ці няволяй унесла сваю частку ахвяры ў барацьбу за свабоду. Я не хачу, каб кожная секунду болю, якую я адчуваю, згубілася на аперацыйным стале або бальнічнай палаце, дзе я ўжо некалькі начэй не магу спаць ад болю. Не хачу, каб страцілася нічога з таго, што я адчуваю – боль, злосць…

Мако Гамуры. Крыніца – On.ge

Я была безабаронная, як і сотні іншых людзей і мяне выраклі на смерць, як і сотні іншых людзей. Абяцаю ўсё тым, хто за мяне хварэе: я буду стойкай, і вы таксама паабяцайце, што будзеце падтрымліваць мяне і змагацца з несправядлівасцю. Да гэтага я заўсёды лічыла, што адзін чалавек не можа зрабіць нічога. Цяпер, калі я здалёку гляджу на сваіх аднагодкаў, то бачу, якая ў нас ёсць сіла. Расея – акупант. Мы абавязкова выйграем гэтую вайну!» – сказана ў звароце Мако.

Пратэстоўцы падчас наступных мітынгаў выказвалі салідарнасць з тымі, хто страціў вочы ў выніку дзеянняў паліцыянтаў 20 чэрвеня. Надпіс 20% на павязке – нагадванне пра тое, што Расея акупуе 20% тэрыторыі Грузіі. Крыніца – Timur Popkhadze/TASS Крыніца – Timur Popkhadze/TASS
  • 20 чэрвеня ў Тбілісі каля 10 тысяч пратэстоўцаў прарвалі паліцэйскае ачапленне перад будынкам парламента, патрабуючы адстаўкі старшыні парламенту Іраклія Кабахідзэ, кіраўніка МУС Георгія Гахарыі і кіраўніка Службы дзяржбяспекі Вахтанга Гамелауры. Паліцыянты спынілі спробу штурму, да раніцы пятніцы рассеяўшы асноўную частку тых, хто сабраўся на праспекце Руставэлі. Ужываліся спецсродкі – газ, гумовая кулі і вадамёты. Праваахоўныя органы затрымалі 305 чалавек. Міністэрства аховы здароўя Грузіі паведаміла пра 240 пацярпелых падчас мітынгу перад будынкам парламента ў цэнтры Тбілісі. Двум пацярпелым давялося выдаліць вочы.
  • Пратэсты ўспыхнулі пасля таго, як дэпутат расейскай Дзярждумы Сяргей Гаўрылаў звярнуўся да ўдзельнікаў Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя, што праходзіць у Тбілісі, седзячы ў крэсле спікера грузінскага парламента і на расейскай мове. Гэта выклікала гнеў грузінскіх палітыкаў і грамадства, бо Расею ў Грузіі лічаць агрэсарам і акупантам.
  • Жорсткі разгон мітынгу выклікаў абурэнне ў грамадстве, пратэсты працягнуліся ў наступныя дні. 24 чэрвеня МУС паведаміла, што прыпыненыя службовыя паўнамоцтвы дзесяці праваахоўнікаў, якія ўдзельнічалі ў разгоне акцыі пратэсту перад будынкам парламенту ў Тбілісі 20 чэрвеня. У дзеяннях двух паліцыянтаў выяўлены прыкметы крымінальнага злачынства. Генпракуратура Грузіі распачала крымінальную справу ў сувязі з магчымым перавышэннем службовых паўнамоцтваў з боку праваахоўнікаў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў