«Грошы, знойдзеныя ў сяброў». Усё, што вядома пра «справу Белгазпрамбанку»


Канец мінулага тыдня ў Беларусі адзначыўся разгромам у «Белгазпрамбанку» і ператрусамі ў кампаніях, з ім звязаных. Улады ўвялі ў банк сваю адміністрацыю, чым выклікалі абурэнне яго расейскіх акцыянераў. У КДК Беларусі заявілі, што затрыманыя 15 асобаў, якіх вінавацяць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і «адмыванні» грошай (арт. 243 і 235 КК). Belsat.eu сабраў галоўныя факты пра рэзанансную справу.

«Зліткі золата, карціны»

4 чэрвеня, прадстаўляючы новы ўрад, Лукашэнка выказаўся пра сваіх патэнцыйных супернікаў на выбарах. Закрануў ён і Віктара Бабарыку: «Што такое «ПрыватЛізінг»? І другое: дзе грошы трымае, якія ашуканскім чынам атрымаў у Беларусі?»

На словы Лукашэнкі Бабарыка адказаў, што ведае кампанію «Прыват Лізінг» як даўняга кліента «Белгазпрамбанку», яна мае структуру валодання, у якую ўваходзяць два ці тры былыя працаўнікі «Белгазпрамбанку». Падчас ператрусаў 11 чэрвеня Бабарыка ўжо заяўляў, што яны праходзяць у людзей «цесна звязаных» з ім.

«Увесь цынізм гэтых дзеянняў складаецца ў тым, што яны накіраваны не на мяне, а на маіх сяброў, на людзей, з якімі я працаваў», – адзначаў ён.

Пазней на прэс-канферэнцыі ў Менску Бабарыка адзначыў, што юрыдычна не мае дачынення да дзейнасці кампаніяў, аднак персанальна ведае некаторых іхных кіраўнікоў. Паводле яго, «Кентаўр» і «Кампары», як і «Прыват Лізінг» з’яўляюцца кліентамі «Белгазпрамбанку».

Віктар Бабарыка.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што па справе «Белгазпрамбанку» затрыманыя 15 чалавек, пры гэтым праваахоўныя органы нібыта сачылі за дзейнасцю банку з 2016 году, але нейкія дакументы з-за мяжы атрымалі толькі ў снежні 2019-га. Лукашэнка прызнаў, што даручыў хутчэй весці следства, а Бабарыку назваў «нягоднікам», у якога «рыльца ў пушку».

«Калі яго саўдзельнікаў адправілі на нары, яны ўжо ўчора ўвечары ўсе распавялі. За дзве гадзіны прынеслі $ 14 тысяч, потым яшчэ $ 600 тысяч, або $ 800 тысяч. Там зліткі золата, карціны, усё прынеслі адразу, толькі не чапайце. З імі акуратна абышліся. Яны ўсе расказваюць», – казаў Лукашэнка.

У той жа дзень КДК афіцыйна пацвердзіла інфармацыю пра 15 затрыманых, не называючы прозвішчы фігурантаў. Старшыня КДК Іван Церцель дадаў, што мае «пераканаўчыя доказы датычнасці да супрацьпраўнай дзейнасці» самога Бабарыкі.

Патэнцыйны кандыдат, у сваю чаргу, заявіў, што грошы і аблігацыі, выяўленыя падчас ператрусаў, належаць яму. «Я банкір і не прывык захоўваць усё ў адным кошыку», – патлумачыў ён, згадаўшы «сяброў Дзмітрыя і Уладзіміра», якія нібыта захоўвалі для яго грошы ў дэпазітах і банкаўскіх ячэйках.

Што да канфіскаваных карцін, іх паказалі ў эфіры тэлеканалу «Беларусь-1»: гаворка пра 150 твораў, у тым ліку Марка Шагала і Хаіма Суціна, набытыя для карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанку» на аукцыёнах. То бок, прывезеныя ў Беларусь. Аднак старшыня «Белтэлерадыёкампаніі» Іван Эйсмант у «Галоўным эфіры» 14 чэрвеня заявіў:

«Ёсць інфармацыя, што іх рыхтавалі да тэрміновага вывазу з краіны».

Hавiны
Сілавікі канфіскавалі ў «Белгазпрамбанку» карціны з карпаратыўнай калекцыі
2020.06.15 09:36

«Прыват Лізінг» і латвійскі след

ТАА «Прыват Лізінг» заключае ўгоды па фінансавым лізінгу з фізічнымі асобамі. Кампанія прапануе свае паслугі праз платформу рассрочка.бел і ў сетцы крамаў «Пяты элемент».

У статутным фондзе 19 % належаць Аляксею Герашчанку і Андрэю Харлановічу, які з 2007 году з’яўляецца дырэктарам кампаніі. Па 15 % валодаюць былыя супрацоўнікі «Белгазпрамбанку» Сяргей Дабралёт і Антон Марозаў. Дабралёт раней быў намеснікам старшыні. Бабарыка казаў, што іх звязвалі яшчэ і сяброўскія стасункі. Марозаў працаваў у юрыдычным аддзеле банку.

32 % у статутным фондзе «Прыват Лізінгу» належыць двум латвійскім кампаніям: і «Алді Проджэктс» (18 %) і «МВС Інвестмент» (14 %). Апошняя, у сваю чаргу, валодае 100 % беларускай ТАА «Хайв Проджэкт», якой належаць краудфандынгавыя платформы MolaMola і Ulej. Сын Бабарыкі Эдуард з’яўляецца адпаведна сузаснавальнікам і дырэктарам па развіцці гэтых крауд-пляцовак. А партнёрам у галіне прыёму плацяжоў ад ахвярадаўцаў выступае «Белгазпрамбанк».

Галоўны офіс Белгазпрамбанку. Фота – belsat.eu

«Еўрарадыё» падрабязна апісала сувязь дзвюх латвійскіх кампаніяў з атачэннем Віктара Бабарыкі. Паводле выдання, абедзве маюць долі ў ТАА «Прававы дыялог», якая займаецца спагнаннем запазычанасцяў: 17,5 % у калектараскай фірме мае «МВС Інвестмент», 25 % – «Алді Проджэктс». А па 7,5 % валодаюць ўжо згаданыя Андрэй Харлановіч, Аляксей Герашчанка і Эдуард Бабарыка. 10 % мае «Белгазпрамбанк», 15 % – Сяргей Дабралёт. Кіруе «Прававым дыялогам» Антон Марозаў, які таксама мае 10 %.

Латвійскія кампаніі займаюцца бізнес-мэнеджментам і кансультацыямі. Асноўным ўласнікам абедзвюх з’яўляецца грамадзянін Латвіі Аляксей Сцяпанаў.

У каментары Naviny.by Сцяпанаў сказаў, што з Віктарам Бабарыка ён асабіста не знаёмы. Сцяпанаў адмаўляе падазрэнні ў адмыванні грошай, якія ўзніклі ў некаторых праз тое, што Латвія неаднаразова выкарыстоўвалася для стварэння шэрых бізнес-схемаў.

«Мы да гэтага не маем дачынення. Усе падаткі былі цалкам выплачаныя. Грошы, якія зарабляюцца, зноў жа ўкладваюцца ў беларускія бізнесы, развіваючы іх», – казаў ён.

«Кентаўр»: Ніхто не затрыманы, працэсуальны статус невядомы

Офіс кампаніі “Кентаўр” у Менску. Фота yandex.maps

Страхавая кампанія «Кентаўр» была зарэгістраваная 2001 годзе. Найбуйнейшы яе акцыянер – Латвійскае інвестыцыйнае агенцтва «Ауструму тілтс», якое сёлета было перайменаванае ў «Алдзі проджэктс». Ёй належаць 76,79 % акцыяў «Кентаўра», астатнія мае «Прававы дыялог» і «Прыват Лізінг».

Віктар Бабарыка на прэс-канферэнцыі распавядаў, што ў свой час «Белгазпромбанк» хацеў набыць долю ў «Кентаўры», але акцыянеры банку выступілі супраць, бо палічылі дзейнасць «Кентаўра» няпрофільнай. У выніку ўзаемадзеянне ўсіх трох кампаніяў, паводле Бабарыкі, склалася як «партнёрская экасістэма».

Генеральны дырэктар «Кентаўра» Сяргей Прахорчык у каментары belsat.eu распавёў, што ніхто з працаўнікоў кампаніі не затрыманы.

«Нам ніякіх абвінавачванняў не выстаўлялі. Следчых дзеянняў з намі не праводзяць. Адзінае, у нас цяпер заблакаваныя ўсе рахункі і мы не можам абслугоўваць нашых кліентаў – фізічных, юрыдычных асобаў, якія застрахавалі свае транспартныя сродкі або жыццё і здароўе. Нам не тлумачылі прычыну блакавання, проста паведамілі, што гэта зроблена паводле пастановы ДФР», – сказаў Прахорчык.

Ён таксама распавёў, што падчас ператрусу ў чацвер у офісе кампаніі вынялі дакументацыю, у яго і ягонага намесніка забралі ноўтбукі. Што шукалі – невядома. Свой працэсуальны статус працаўнікі «Кентаўра» не ведаюць, пакуль іх нікуды не выклікалі.

«Я проста спадзяюся, што нам патлумачаць, чаму гэта адбываецца і дадуць плаціць нашым кліентам, якія не маюць дачынення да палітычных працэсаў. Мы хацелі б проста спакойна працаваць», – дадаў гендырэктар фірмы.

ТАА «Кампары», у офісе якой таксама прайшоў ператрус 11 чэрвеня, працуе ў Беларусі з 1997 года. Яна мае ўласную вытворчасць сродкаў гігіены. У офісе кампаніі belsat.eu распавялі, што ніхто з працаўнікоў не мае працэсуальнага статусу, не з’яўляецца падазраваным. Кампанія функцыянуе ў штатным рэжыме.

Людзі на пікеце ў Горадні робяць сэлфі з Бабарыкам. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат

«Старая гвардыя» за кратамі

Сярод затрыманых па справе «Белгазпрамбанку» следства афіцыйна агучыла прозвішча толькі аднаго – Сяргея Кармызава. Ён узначальваў магілёўскую філію банку. Вядома, што яго вінавацяць у крадзяжы ў асабліва буйным памеры шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Ці ўваходзіць Кармызаў у лік 15 затрыманых паводле іншых артыкулаў – невядома.

Hавiны
Кіраўніка магілёўскай філіі «Белгазпрамбанку» вінавацяць у крадзяжы ў асабліва буйным памеры
2020.06.14 10:33

Праваахоўнікі не называюць дэталі схемы, але кажуць, што яна звязаная з продажам крэдытаў, а шкода нібыта склала дзясяткі тысяч долараў. У сюжэце «БТ» гэтыя звесткі ілюстравалі пачкамі валюты, залатымі медалямі і нейкімі скрынкамі.

15 чэрвеня ў тэлеграм-канале журналіста Арцёма Гарбацэвіча былі апублікаваныя некаторыя прозвішчы затрыманых. Называюцца кіраўнік «Прыват Лізінгу» Андрэй Харлановіч і саўладальнік Сяргей Дабралёт, экс-намеснік Бабарыкі ў «Белгазпрамбанку» Аляксей Задойка, сябра назіральнай рады «Кентаўра» Вольга Радзецкая і іншыя. Афіцыйнага пацверджання гэтых звестак няма.

Як пісаў TUT.by, сілавікі «узялі старую гвардыю» – людзей, якія працавалі з Бабарыкам не першае дзесяцігоддзе. Напрыклад, сярод іх можа быць намеснік старшыні праўлення «Белгазпрамбанку» Аляксандр Іллясюк, які аддаў гэтай працы каля 30 гадоў жыцця і кантраляваў юрыдычнае ўпраўленне, службу бяспекі і рэгіянальныя сеткі банку.

Абноўлена
«Гэта рэйдарскі захоп з боку дзяржавы», – Бабарыка пра пераслед «Белгазпрамбанку»
2020.06.14 09:22

Тым часам Нацбанк Беларусі афіцыйна паведаміў, што ўвёў сваю часовую адміністрацыю ў «Белгазпрамбанку». Рашэнне было прынятае «у мэтах абароны інтарэсаў укладальнікаў і крэдытораў «Белгазпрамбанку», недапушчэння пагаршэння фінансавага стану банку». Кіраўніком прызначылі Надзею Ермакову, колішнюю старшыню Нацбанку.

Расейскія «Газпрам» і «Газпрамбанк», якім належаць 99 % акцыяў «Белгазпрамбанку», назвалі дзеянні Нацбанку незаконнымі. Віктар Бабарыка, у сваю чаргу, акрэсліў тое, што адбылося, як кампанію запалохвання, звязаную з ягоным удзелам у выбарах, а таксама сказаў, што гэта рэйдарскі захоп з боку дзяржавы.

КА belsat.eu

Стужка навінаў