– У «Белгазпрамбанку» ператрус!
– Ды вы што?! Вось прама так, ні з таго, ні з гэтага, нечакана?!
Стоп! Пакуль не «гоп-стоп», а проста – стоп! А чаму, уласна кажучы, нечакана?
Былы старшыня праўлення «Белгазпрамбанка» – ён што, хлопчык з вуліцы? Чалавек прапрацаваў ва ўстанове дваццаць гадоў. Норавы нашай «варонняй слабодкі» ён ведае дасканала. Калі Бабарыка вылучаўся ў прэзідэнты, выдатна разумеў, чым рызыкуе і ён сам, і яго ўстанова. Што з ператрусу ўсё пачнецца – таксама разумеў.
Дык навошта яго наагул праводзіць? З шумам, як любіць казаць яшчэ адзін кандыдат у прэзідэнты, гвалтам. Толькі круглы ідыёт, які адсутнічаў у краіне звыш чвэрці стагоддзя, мог бы меркаваць, што ператрусу не будзе, і не падстрахаваўся б. А ўлічваючы ўзаемаадносіны ў банкаўскай сістэме, калі Нацыянальны банк не проста кантралюе іншыя дзейныя ў Беларусі банкі, але яшчэ і з’яўляецца неацэннай крыніцай кампрамату на іх кіраўнікоў, ператрус аказваецца проста не патрэбным. Усе дакументацыя ёсць у спадара Калаура: папрасіце, каму трэба, і вам дадуць.
Вобшук з сарака душамі адказных супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнага кантролю, якімі кіруе і якіх натхняе генерал КДБ (які былым дакладна не з’яўляецца) – гэта не Бабарыку запалохваць. Невыпадкова ж сказана: яму (пакуль) нічога не інкрымінуюць. Гэта нас з вамі, нясмелых і бяздзейных, запалохваць. Гэта нам кіруючы Віні-Пух глыбакадумна намякае:
– Вы, народзец, глядзіце там! Гэта «ж-ж-ж-ж» – нездарма!
Інакш кажучы:
– Гэты вобшук сапраўды мае пад сабой падставы!
Бо ў свядомасці кіруючага Віні-Пуха (вобраз цалкам зборны, прашу не крыўдзіцца і матам мяне не крыць) банкі і банкіры не маюць прэзумпцыі невінаватасці. Яны вінаватыя ўжо таму, што яны ў банку працуюць. Жыруюць. Пузатыя яны буржуі. Гуцэрыеў – правільная пчала і робіць правільны мёд, а вось «Белгазпрамбанк» робіць (як высветлілася, бач ты!) мёд няправільны. Вось цяпер мы іх і накрыем!
«Гоп-стоп! Мы подошли из-за угла!»
Ну, падышлі. Што далей? Палохаць офісных сакратарак? Так, вы, спадары ў пагонах, гэта ўмееце. Маўляў, канфіскуем кампутары, дакументацыю, а далей напэўна што-небудзь знойдзецца.
Вось гэта самае «што-небудзь» потым ператвараецца ў ганьбу ўсіх следчых органаў. У 2010 годзе справу ўзбуджалі аб спробе дзяржаўнага перавароту, а на паверку яна абярнулася здзяйсненнем групавых дзеянняў, якія маглі пацягнуць за сабой масавыя беспарадкі. Той самы 342-ы артыкул, які цяпер шыюць Сяргею Ціханоўскаму.
Яшчэ больш ганебным апынуўся ў свой час працэс па справе былога міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіля Лявонава: чалавек, чыё ведамства здзяйсняла шматмільённыя закупкі, уганараваўся «справы» у некалькі дзясяткаў тамоў; прэзідэнт глыбакадумна вяшчаў пра дзясяткі катэджаў і кватэр – а на паверку ўсё абярнулася пшыкам. Чалавека, які прынёс і мог прыносіць і далей велізарную карысць дзяржаве і народу, абвінавацілі на падставе таго, што іншы стары, двойчы герой працы, не мог успомніць, аплаціў Лявонаў яго гаспадарцы дачны гарнітур з плеценай лазы ці не.
Сілавыя і следчыя органы, што ператварыліся ў руках Аляксандра Лукашэнкі з вартаўнікоў закона ў «хлопчыкаў па выкліку», страцілі ранейшы аўтарытэт. Не, грошы яны атрымліваюць. Проста раней знаходзіліся ідэалісты, якія ішлі туды служыць за ідэю. Назавіце цяпер тую ідэю, якой яны служаць. Дзяржаву абараняць? Але ж у іх свядомасці дзяржава ўжо даўно злілася з асобай чалавека, які ўзурпаваў права яе ўзначальваць. І замест прафесійных ідэалаў засталося пацанскае «Гоп-стоп!»
– Хлопцы, ату яго!
– Гоп-стоп! Мы подойдем из-за угла!
– Малайцы, хлопцы! А цяпер – гэтага!
– Цяпер, фінкі пратрэм – і – гоп-стоп!
– Ай, малайцы! Віця… Не, не ты, – Віктар Уладзіміравіч, што там у нас з жытла завалілася? Скажы братам-сербам, хай пару-тройку канурак вылучаць… Ай, малайцы! Глядзі, як служаць, а? А ну, яшчэ раз падскок… добры даберманчык вырас, а? Ну, яшчэ разок…
Аляксандр Фядута/МВ belsat.eu
Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.