«Гомельтранснафта Дружба» пасля атрымання забруджанай нафты з Расеі ўдасканаліць падыходы да бяспекі транспартавання. Пра гэта паведаміў галоўны інжынер прадпрыемства Андрэй Вярыга ў інтэрв’ю часопісу «Вестник Белнефтехима».
«Мы павінны стварыць новы ўзровень бяспекі, пры якім сітуацыі, падобныя красавіцкай, будуць выключаныя прынцыпова», – сказаў ён.
Паводле яго, раней падобных красавіцкаму выпадкаў проста не было.
«19 красавіка пасля выяўлення партыі нафты з змененымі характарыстыкамі мы апавясцілі расейскі бок і праінфармавалі іншых нашых партнёраў. Але Расея не спыніла перапампоўвання нафты, еўрапейскія аператары таксама не адразу ацанілі маштаб трагедыі і магчымыя наступствы. Гэта значыць, сістэма інфармавання была адпрацаваная выразна, а сістэма рэагавання дала збой», – распавёў Андрэй Вярыга.
Найбліжэйшы год нафтаправод будзе працаваць напаўсілы
У выніку прыём атрутнай нафты негатыўна паўплываў на абсталяванне НПЗ, прывёў да працяглага прастою трубаправоднай сістэмы і істотна знізіў абʼёмы транспартавання.
«Выпадак беспрэцэдэнтны, эканомікам шэрагу дзяржаў нанесеныя каласальныя страты», – сказаў галоўны інжынер.
Надалей, паводле яго, аператар у такіх выпадках павінен будзе прыпыніць транспартаванне.
Андрэй Вярыга таксама заявіў, што выцісканне бруднай нафты зойме два месяцы. Больш за тое, найбліжэйшы год нафтаправод будзе працаваць напаўсілы, бо для ачысткі трубаправодаў ПАО «Транснафта» спатрэбіцца не менш за восем месяцаў.
2019.06.21 10:09
«Толькі пасля гэтага сістэма «Дружба» зможа выйсці на звыклую магутнасць», – сказаў прадстаўнік «Гомельтранснафта Дружба».
Ён таксама падкрэсліў, што рэальныя лічбы стратаў можна будзе назваць толькі з часам.
МГ belsat.eu