«Гітлер капут» і надбаўка да стыпендыі. Як у Менску прайшла акцыя «Беларусь памятае!»


Раніцай 3 ліпеня на плошчы Перамогі адбылася патрыятычная акцыя «Беларусь памятае!», удзел у якой прыняў Аляксандр Лукашэнка і ягоныя сыны. Belsat.eu распавядае, як выглядала дзяржаўнае святкаванне Дня Незалежнасці.

Святочныя сілавікі

Напярэдадні Дня незалежнасці гарадскія ўлады паведамлялі, што ад 05:00 будзе абмежаваны рух на праспекце Незалежнасці, а ў 10:00 мусіць адбыцца патрыятычная шэсце «Беларусь памятае!» Цікава, што месца збору ўдзельнікаў шэсця не называлася, дзяржаўныя СМІ пазначылі толькі канчатковую кропку – плошча Перамогі.

Фота: «Белсат»

На Плошчы Перамогі шэсце мусіў сустрэць асабіста Аляксандр Лукашэнка. Раніцай праз абмежаванне руху праспект Незалежнасці з боку Лагойскага тракту выглядаў пустэльна: аўтамабіляў і людзей было зусім мала. Затое было вельмі шмат сілавікоў у цывільным, якія ў сувязі са святам усе як адзін былі апранутыя ў кашулі і пінжакі, на якія начапілі стужачкі колераў дзяржаўнага сцяга. Ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Перамогі сілавікі ў цывільным сустракаліся прыкладна праз кожныя 10-15 метраў. У дварах дзяжурылі аўтазакі.

Супрцоўнік спецслужбаў на Кастрычніцкай плошчы.
Фота: «Белсат»

Сама плошча Перамогі была агароджаная турнікетамі. На святкаванне дапускалі толькі праз рамкі металадэтэктараў і пільны асабісты агляд – сілавікі вельмі старанна прамацвалі кожнага, хто імкнуўся трапіць на патрыятычную акцыю.

«Мяне так абшуквалі – я, шчыра кажучы, спалохалася!» – прызнавалася потым адна з нашых суразмоўцаў.

Усе вокны ў навакольных дамах былі зачыненыя, шторы – шчыльна завешаныя. На дахах можна было пабачыць снайпераў. На плошчы з дынамікаў гучалі песні пра Вялікую Айчынную вайну ў сучаснай апрацоўцы.

Аляксандр Лукашэнка на шэсці 3 ліпеня.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Шэсце «Беларусь памятае!» мусіў сустракаць не толькі Лукашэнка, але і некалькі сотняў чалавек з дзяржаўнымі сцягамі і сцягамі «Белай Русі». Іх выстраілі ўздоўж дарогі з абодвух бакоў. Людзі ў асноўным стаялі моўчкі, час ад часу пераступаючы з нагі на нагу. За гэтым тонкім ланцугом прагульваліся шматлікія сілавікі ў цывільным, пільна назіраючы за кожным рухам.

Нарэшце каля стэлы з’явіўся Аляксандр Лукашэнка ў атачэнні дзетак. Ягоны выхад сустрэлі некалькімі асцярожнымі воплескамі, пасля чаго людзі заціхлі. На плошчы зноў павісла няёмкае маўчанне. Сілавікі працягвалі прагульвацца за спінамі людзей, што стаялі ўздоўж праспекту.

Сцюардэсы і барабаншчыцы

Тым часам калона, сфармаваная паміж Кастрычніцкай плошчай і вуліцай Янкі Купалы, пачала рух у бок Аляксандра Лукашэнкі. Напярэдадні анансавалася, што ў шэсці мусяць прыняць удзел 5 тысяч чалавек. Аднак ужо пасля акцыі дзяржаўныя СМІ заявілі пра 11,5 тысяч удзельнікаў.

Сыны Лукашэнкі на афіцыйных урачыстцях 3 ліпеня. VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Калона фармавалася па строгіх іерархічных прынцыпах. У першым шэрагу, у самым цэнтры, з кветкамі ішлі тры сыны Лукашэнкі (Мікалай, Віктар, Дзмітрый), прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава і старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. Другі шэраг – кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Сяргеенка, дзяржсакратар Савету Бяспекі Андрэй Раўкоў, старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала, кіраўнік КДК Іван Тэртэль, генпракурор Аляксандр Канюк. Каб разбавіць гэты афіцыёз да шэрагаў топ-чыноўнікаў і сілавікоў далучылі па некалькі піянераў і навучэнцаў кадэцкіх вучэльняў.

За дзвюма шэрагамі найвыйшэйшых службовых асобаў дзяржавы ехалі 12 УАЗікаў з ветэранамі, а потым ужо шлі менш уплывовыя міністры, чыноўнікі і дэпутаты. А за імі – дэлегацыі ад бюджэтных арганізацыяў і дзяржаўных прадпрыемстваў. Акрамя дзяржаўнай сімволікі яны неслі чырвоныя і зялёныя шарыкі, а таксама сцягі і расцяжкі з назвамі сваіх арганізацыяў. Некаторыя ішлі з партрэтамі ўдзельнікаў вайны – традыцыя, якая пайшла ад акцыяў «Бессмяротнага палку».

Шмат хто з удзельнікаў шэсця адмаўляўся гутарыць з журналістамі. Тыя, хто пагаджаліся, былі нешматслоўнымі – яны прызнавалі, што іх заклікала прыйсці сюды начальства, але запэўнівалі пры гэтым, што прыйшлі ўсё ж добраахвотна.

– Мы самі прыйшлі. Для нас гэта – самае галоўнае свята, мы заўсёды прыходзім! – кажа жанчына.

– А дзе вы ўзялі сцяг?

– Скажам так: мы яшчэ і грамадскую арганізацыю прадстаўляем… Мы – грамадска актыўныя людзі.

Вонкавы выгляд удзельнікаў шэсця быў вельмі разнастайным. Людзі не проста неслі расцяжкі і сцягі сваіх арганізацыяў, шмат хто з іх быў у службовай форме. Была нават група працаўнікоў кампаніі «Белавіа».

– Што вас сюды прывяло? – пытаюся ў сцюардэсаў.

– Вам шчыра? Дух патрыятызму! – засмяяліся яны ў адказ.

– А чаму вы ў сваёй службовай форме?

– Таму што мы афіцыйна прадстаўляем тут нашую кампанію.

Працаўніцы «Белавія» прызнаваліся, што пайсці на мерапрыемства ім прапанавалі на працы, але пераконвалі пры гэтым, што ніякіх бонусаў за гэта не абяцалі. «Дух патрыятызму», – са смехам паўтарылі свой жарт сцюардэсы, калі карэспандэнт belsat.eu ужо развітваўся.

Фота: Таня Капітонова / «Белсат»
Фота: Таня Капітонова / «Белсат»
Фота: Таня Капітонова / «Белсат»
Фота: Таня Капітонова / «Белсат»
Фота: Таня Капітонова / «Белсат»
Фота: Таня Капітонова / «Белсат»

Найбольш недарэчна ў шэсці выглядалі людзі ў нацыянальных або проста сцэнічных касцюмах – імаверна, яны прадстаўлялі мастацкія калектывы, якія мусіць сёння выступаць на святочных мерапрыемстваў. Былі нават дзяўчаты ў адзенні ансамблю барабаншчыц – праўда, без барабанаў.

Калі галава калоны стала набліжацца да стэлы, у маўклівым натоўпы адчулася лёгкае ажыўленне. Пачуліся ціхія воплескі, хтосьці млява выгукнуў «Са святам!» Нейкі мужчына нечакана крыкнуў «Гітлер капут» – вокліч прагучаў настолькі двухсэнсоўна, што прыцягнуў увагу сілавікоў. Аднак паўтараць лозунг мужчына не стаў, таму сілавікі вырашылі не ўмешвацца. Хутка лёгкае ажыўленне зноў змянілася цішынёй. Лукашэнка, ягоныя сыны і топ-чыноўнікі з першых шэрагаў калоны ўсклалі кветкі да Вечнага агню, пасля чаго аркестр сыграў дзяржаўны гімн. Лукашэнка выступіў з прамовай.

«Калі нехта хоча – няхай разгойдвае сітуацыю»

Напярэдадні МУС распаўсюдзіў адмысловую заяву наконт святочных мерапрыемстваў 3 ліпеня, дзе папярэджваў, што «працаўнікі міліцыі не дазволяць азмрочыць памяць тых, хто аддаў свае здароўе і жыццё за мір і спакой на беларускай зямлі». «Любыя правакацыі, у тым ліку палітычнага толку, будуць спыняцца ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам», – гаварылася ў паведамленні. Але прынамсі падчас шэсця «Беларусь памятае!» ніякіх спрабаваў правесці пратэстную акцыю не было заўважана.

Тыя ўдзельнікі шэсця, з якімі размаўляў карэспандэнт belsat.eu, ставіліся да пагрозы «правакацыяў палітычнага толку» абыякава. Гэтак сама яны ставяцца і да рыторыкі Лукашэнкі пра спробы нейкіх сілаў «разгайдаць сітуацыю».

«Мы – па-за палітыкай. Калі нехта хоча – няхай разгойдвае сітуацыю, калі не хоча – няхай не разгойдвае. Нам усё роўна», – прызнаўся мужчына са стужачкай колераў дзяржаўнага сцяга на кашулі.

«А чаго нам хвалявацца? Мы ставімся да гэтага спакойна. Усё добра будзе», – дадала жанчына.

Фота: Таня Капітонова / «Белсат»
Фота: Таня Капітонова / «Белсат»
Фота: Таня Капітонова / «Белсат»
Фота: Таня Капітонова / «Белсат»
Фота: Таня Капітонова / «Белсат»
Фота: Таня Капітонова / «Белсат»

Плошча Перамогі апусцела вельмі хутка, святочныя імпрэзы перацяклі на пляцоўку каля палацу спорту.

Калі шэсце да стэлы цягнулася павольна і размерана, то разыходзіліся людзі вельмі хутка, маленькімі групамі знаёмых па 3-4 чалавекі. Такую групу з чатырох дзяўчат у цішотках з дзяржсімволікай і сцягамі карэспандэнт belsat.eu перахапіў ужо на мосце каля парку Горкага.

– Чаму прыйшлі? Шчыра? Бо нам у вучэльні паабяцалі надбаўку да стыпендыі! – прызналася адна з дзяўчат, не спыняючы крок, – Так, было можна адмовіцца і нічога б нам не было. Але мы пагадзіліся.

– А калі б тут былі акцыі пратэсту, вы як бы да гэтага паставіліся?..

– Дык яшчэ будуць, будуць сёння акцыі! – радасна перабіла яе сяброўка.

– Добра ставімся, – упэўнена адказала дзяўчына, – За бацькоў страшна троху. Але мы за пратэсты…

Самалёцікі з паперы з заклікам вызвалі палітзняволеных раскідалі каля палацу спорту. Фота: Таня Капітонава / «Белсат»
Самалёцікі з паперы з заклікам вызвалі палітзняволеных раскідалі каля палацу спорту. Фота: Таня Капітонава / «Белсат»
Самалёцікі з паперы з заклікам вызвалі палітзняволеных раскідалі каля палацу спорту. Фота: Таня Капітонава / «Белсат»
Самалёцікі з паперы з заклікам вызвалі палітзняволеных раскідалі каля палацу спорту. Фота: Таня Капітонава / «Белсат»
Самалёцікі з паперы з заклікам вызвалі палітзняволеных раскідалі каля палацу спорту. Фота: Таня Капітонава / «Белсат»
Самалёцікі з паперы з заклікам вызвалі палітзняволеных раскідалі каля палацу спорту. Фота: Таня Капітонава / «Белсат»
Самалёцікі з паперы з заклікам вызвалі палітзняволеных раскідалі каля палацу спорту. Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў