«Гэта ўжо не пляма, а дзіра». КДБ затрымаў за наркотыкі двух памочнікаў пракурора

Беларускія спецслужбы затрымалі двух працаўнікоў пракуратуры. Цяпер яны пад вартай, паведамляе Генеральная пракуратура на сваёй старонцы ў Facebook.

Затрыманыя два намеснікі пракурораў Савецкага і Ленінскага раёнаў Менску пракурораў. Справу распачаў і расследуе Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі.

Комитет государственной безопасности Республики Беларусь возбудил и расследует уголовное дело в отношении двух бывших…

Opublikowany przez Генеральная прокуратура Республики Беларусь Poniedziałek, 6 kwietnia 2020

Паводле звестак «Белсату», затрыманыя – намеснік пракурора Ленінскага раёну Яўген Маісеенка і намеснік пракурора Савецкага раёну Аляксей Ерафееў. Падчас затрымання яны былі ў адной машыне.

Затрыманыя – маладыя людзі. На сваіх пасадах знаходзяцца адносна нядаўна. Гэтак, Маісеенка быў прызначаны намеснікам пракурора Ленінскага раёну 2,5 гады таму – увосень 2017 года.

Аляксей Ерафееў выступае перад школьнікамі. Фота: sch66.minsk.edu.by

Супрацоўнікам пракуратуры інкрымінуюць незаконны абарот наркатычных сродкаў без мэты збыту паводле часткі 1 артыкула 328 КК. За гэта ім пагражае абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.

Падазраваныя змешчаныя пад варту і звольненыя з органаў пракуратуры.

Гіганцкія тэрміны і «шасцёркі» за кратамі. Што не так з антынаркатычным заканадаўствам?

Гэта не першы выпадак затрымання ў Беларусі праваахоўнікаў паводле наркатычнага артыкулу. Напрыклад, у 2016 годзе вынеслі прысуды арганізатарам буйной інтэрнэт-крамы для продажу наркотыкаў. Тады трое працаўнікоў праваахоўных органаў атрымалі па 14–15 гадоў.

Але не прайшло і года, як з абвінавачання выключылі шэраг эпізодаў пра наркотыкі і змянілі прысуд. Паводле рашэння Вярхоўнага Суда, былы працаўнік КДБ Дзмітрый Вераценскі мусіць адсядзець 9 гадоў замест 15, ягоны кадэбэшны калега Ігар Карыцкі ды былы міліцыянт Канстанцін Дзянісевіч – 8 гадоў замест 14. У студзені 2019 года Карыцкага ўжо заўважылі на волі, у родным Берасці, нягледзячы на тое, што адсядзеў ён толькі 4 гады. Ёсць звесткі, што на волі – яшчэ адзін фігурант справы.

Суд змякчыў выракі наркамафіі з КДБ

Затрыманне двух працаўнікоў пракуратуры пракаментаваў belsat.eu праваабаронца Алег Волчак, які раней сам працаваў старшым следчым у пракуратуру Фрунзенскага раёну Менску.

Паводле яго, дзіўна, што ініцыятарам расследавання стаў КДБ, а не пракуратура.

«Там ёсць служба ўласнай бяспекі, і я ведаю, яна няблага працуе. Тут пытанне, ці то яна не дапрацавала, ці то там ёсць яшчэ, магчыма, іншыя працаўнікі, датычныя да гэтага злачынства», – сказаў суразмоўца.

На яго думку, зараз трэба «не па хвастах біць, а разабрацца, адкуль яны наагул узялі наркотыкі». У сувязі з гэтым Алег Волчак прыгадаў версію сваякоў асуджаных паводле артыкула 328 КК пра тое, што праваахоўнікі адмыслова робяць інтэрнэт-крамы для распаўсюду наркотыкаў, наймаюць туды распаўсюджвальнікаў, а праз некаторы час пачынаюць іх арыштоўваць.

Былы супрацоўнік КДБ датэрмінова выйшаў на свабоду

«Калі яны былі ўдзельнікамі стварэння адмысловай сеткі для раскрыцця справаў, гэта таксама парушэнне закону, бо яны не маюць права правакаваць людзей на ўжыванне і распаўсюд наркотыкаў», – сказаў праваабаронца.

Пракуратуры трэба «адбельвацца»

Таксама, паводле Волчака, наркотыкі маглі застацца ў працаўнікоў пракуратуры пасля таго, як яны павінны былі пракантраляваць іх знішчанне паводле рашэння суду. На думку Алега Волчака, нельга выключаць, што частка наркотыкаў можа не знішчацца, а захоўвацца для згаданай вышэй дзейнасці.

У любым разе, заявіў ён, справа павінна дайсці да суду, бо пракуратуры трэба зараз «адбельвацца».

«Гэта ўжо не проста чорная пляма, гэта такая вельмі вялікая дзірка», – сказаў Алег Волчак.

Праваабаронца мяркуе, што пракурорам зараз будзе цяжка вярнуць давер грамадзянаў, калі яны будуць выступаць абвінаваўцамі на судовых працэсах паводле наркатычных справаў. Бо «не наркотыкамі ж ім гандляваць, і ўжываць», падкрэсліў ён.

МГ belsat.eu

Hавiны