«Гэта прыкмета слабасці ўладаў». Рада БНР і Беларуская нацыянальная платформа асудзілі рэпрэсіі ў Беларусі


Яны заклікаюць вызваліць затрыманых, спыніць рэпрэсіі і забяспечыць правядзенне сумленных выбараў.

Адразу некалькі арганізацыяў выступілі з асуджэннем рэпрэсіяў беларускай улады. Адпаведная заява з’явілася на старонцы рады БНР у Facebook.

«Рада Беларускай Народнай Рэспублікі асуджае факты катаванняў і здзекаў з арыштаваных палітыкаў, у тым ліку Паўла Севярынца, які ўскрыў вены ў знак пратэсту супраць здзекаў турэмнай адміністрацыі. Такія факты супярэчаць закону і зʼяўляюцца абсалютна непрымальнымі для сучаснай еўрапейскай краіны, якой павінна быць Беларусь», – гаворыцца ў заяве.

Асобна быў адзначаны арышт і ціск на палітычных апанентаў Лукашэнкі. Паводле Рады БНР, гэта ёсць галоўнай перашкодаю да сумленным выбарам у Беларусі.

Рада БНР патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх незаконна затрыманых беларускіх палітыкаў, актывістаў і журналістаў.

Пратэст дзеянням улады

Беларуская нацыянальная платформа прыняла заяву, у якой выказвае рашучы пратэст дзеянням беларускіх уладаў пад час кампаніі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

«Кіроўны орган БНП лічыць грубым парушэннем нацыянальнага і міжнароднага права, дэмакратычных прынцыпаў і правоў чалавека затрыманне і крымінальны пераслед патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, кіраўніка яго ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыкі, блогера Сяргея Ціханоўскага (кіраўнік ініцыятыўнай групы патэнцыйна кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай), а таксама ўсіх іх паплечнікаў».

БНП заклікае беларускія ўлады прыслухацца да Еўрапейскай службы вонкавых дзеянняў, чальцоў Еўрапейскага парламенту і беларускіх праваабарончых арганізацыяў, спыніць рэпрэсіі і забяспечыць празрыстасць выбарчага працэсу.

Заява накіраваная ў дзяржаўныя органы і міжнародныя арганізацыі для інфармавання пра пазіцыю Беларускай нацыянальнай платформы.

Беларускя нацыянальная платформа — адзін з органаў Усходняга партнёрства ў Беларусі. Ён дапамагае беларускім грамадскім арганізацыям наладжваць сувязі з Еўразвязам.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў