«Гэта перадвыбарчы фэйк». Прэс-сакратар Цапкалы пракаментаваў заяву турэцкага бізнесоўца


Валер Цапкала, фота: Аляксандр Любянчук / Belsat.eu

Прэс-сакратар патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Валера Цапкалы Аляксей Урбан пракаментаваў belsat.eu сітуацыю з перадследчай праверкай сілавікоў і «злівам» кампрамата ў сеціва.

29 чэрвеня стала вядома, што МУС Беларусі ладзіць правяранне па заяве грамадзяніна Турэччыны наконт супрацьпраўнай дзейнасці патэнцыйнага кандыдата на прэзідэнцтва Валера Цапкалы. Раней у блізкім да сілавікоў тэлеграм-канале «Папаратар» было апублікаванае фота заявы турэцкага бізнесоўца Сэдата Ігдэджы ў Генеральную пракуратуру. Сэдат сцвярджае, што пазнаёміўся з Цапкалам у 2006 годзе, калі той узначальваў Парк высокіх тэхналогіяў. Цапкала нібыта вымагаў у яго хабары. Як гаворыцца ў заяве, турэцкі грамадзянін быццам бы перадаў Цапкалу больш за $ 1 млн у перыяд з 2011-2015 гадоў – грошы ў тым ліку праводзіліся праз афшорныя фірмы на Кіпры.

«У нас пакуль няма афіцыйнай інфармацыі наконт гэтай праверкі. То бок мы ведаем са СМІ, што такая праверка ў дачыненні Валера Вільямавіча праходзіць. Але яго нікуды не запрашалі, яму не тэлефанавалі. У яго пакуль усё ў парадку», – заявіў прэс-сакратар Цапкалы belsat.eu.

Што тычацца тых абвінавачванняў, пра якія ідзе гаворка ў заяве турэцкага грамадзяніна, то Аляксей Урбан адзначыў, што Цапкала ацэньвае як «бруд, які нават каментаваць няма чаго».

«Складана каментаваць словы чалавекі, які не завершыў ніводны аб’ект у Беларусі. Тое, што ён там выкладае – гэта вельмі беспадстаўна. Тыя аб’екты, якімі ён (Сэдат – заўв. belsat.eu) у ПВТ займаўся, – ніводны з іх не прымаўся адміністрацыяй парку. Таму, калі ён кажа, што ён тут камусьці нешта даваў, то гэта не па адрасе», – кажа Аляксей Урбан.

«Вы самі ўсё разумееце. Тое, што Сэдат Ігдэджы сцвярджае – гэта перадвыбарчы фэйк, гэта відавочна», – падкрэсліў ён.

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў