«Гэта памылка і злачынства з боку Лукашэнкі». Жырыноўскі заявіў, што ЛДПР не паедзе на парад у Менск

Расейскія дэпутаты не збіраюцца наведваць Менск для ўдзелу ў парадзе на Дзень Перамогі 9 траўня. Пра гэта паведамляе «Эхо Москвы».

Як паведаміў чалец фракцыі КПРФ у Дзяржаўнай думе РФ Уладзімір Кашын, фракцыя не будзе рэкамендаваць сваім дэпутатам ехаць на парад у Менск.

«Мы, вядома, параімся, але я лічу, што гэтага рабіць нельга, нягледзячы на ўсю прывабнасць гэтай падзеі», – сказаў ён.

У сваю чаргу кіраўнік ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі заявіў, што расейскія парламентарыі ні ў якім разе не павінны ехаць на беларускі парад, нават нягледзячы на афіцыйныя запрашэнні.

«Мы выконваем вельмі жорсткі рэжым. Ніхто з фракцыі ЛДПР нікуды не паедзе. Мы асудзілі самым суровым чынам усіх, хто паедзе ў Менск. Гэта недапушчальна, гэта памылка і злачынства з боку Лукашэнкі, і ў гэтым злачынстве мы ўдзельнічаць не павінны», – сказаў ён.

Паводле яго, кіраўнік Беларусі «хоча звярнуць на сябе ўвагу», а праз гэта «падвяргае небяспецы жыццё тысячы людзей, асабліва ветэранаў, у якіх саслабленае здароўе».

Лукашэнка пра парад 9 траўня: «Гэта ніяк не паўплывае на здароўе нашых людзей»

Нагадаем, Лукашэнка абвесціў, што не збіраецца адмяняць парад да Дня Перамогі, нягледзячы на эпідэмію каронавірусу. На яго думку, парад «ніяк не паўплывае на здароўе нашых людзей».

МГ belsat.eu

Hавiны