«Гэта неабходнасць». Што трэба ведаць пра рэферэндум, які хоча правесці Віктар Бабарыка


Штаб палітыка правёў онлайн-трансляцыю, дзе адказаў на галоўныя пытанні аб рэферэндуме, які хоча ініцыяваць Віктар Бабарыка.

Сёння 22 чэрвеня юрыст Максім Знак правёў онлайн-трансляцыю, дзе падрабязней распавёў аб рэферэндуме па змене Канстытуцыі, які плануе ініцыяваць Віктар Бабарыка. Юрыст адзначыў, што неабходнасць мяняць Канстытуцыю даўно наспела. У першую чаргу з-за занадта вялікай улады прэзідэнта.

Онлайн-трансляцыя аб рэферэндуме. Скрын

«Рэферэндум – гэта аб’ектыўная неабходнасць, калі трэба мяняць канстытуцыю. Аб гэтым гаварыў і дзейны прэзідэнт», – падкрэсліў ён.

Перадусім рэферэндум мусіць вярнуць змяняльнасць улады (абмежаванне тэрмінаў дзеяння прэзідэнта на 2 гады) і размежаваць галіны ўлады.

Максім Знак акцэнтаваў увагу на тым, што заява рэферэндуму не значыць змены ў прэзідэнцкай кампаніі Віктара Бабарыкі. Да 14 ліпеня – моманту рэгістрацыі яго ў кандыдаты ў прэзідэнты – штаб будзе актыўна займацца падрыхтоўкай да рэферэндуму.

Чаму праводзіць рэферэндум менавіта зараз?

Тут юрыст спаслаўся на Віктара Бабарыку. Як казаў затрыманы кандыдат, запушчаны рэферэндум гарантуе магчымасць выкання зменаў у Канстытуцыі. У тым ліку абмежаванне прэзідэнцкіх тэрмінаў і размежаванне галінаў улады.

Таксама зараз даволі зручны момант для рэалізацыі такіх ініцыятываў. Падчас выбарчай кампаніі людзі выкарыстоўваюць ледзь не любыя магчымасці, каб зрэалізаваць свае юрыдычныя правы. І зараз лёгка можна сабраць такую вялікую колькасць подпісаў.

Участак 29 па другой выбарчай акрузе ў Берасці. Ілюстрацыйны здымак. Фота – «Белсат»

Юрыст зазначыў, што правядзенне рэферэндуму – гэта даволі доўгая працэдура. Ён адзначыў тры асноўныя праблемныя моманты.

Першы: фармальнае афармленне дакументаў, збор усёй ініцыятыўнай групы ў адным памяшканні, абранне каардынатара ініцыятыўнай групы і па вобласцям. Зараз штаб працуе над вырашэннем гэтых фармальнасцяў.

Другі момант: неадназначныя фармулёўкі Выбарчага кодэксу. Кожны подпіс чальца ініцыятыўнай групы мусіць быць натарыяльна завераны, і ў ініцыятыўнай групе пры правядзенні рэферэндуму ў роўнай ступені мусяць быць прадстаўленыя ўсе рэгіёны.

«Таму не ўсе здолеюць патрапіць у ініцыятыўную групу. Але кожны ахвочы можа дапамагаць», – зазначыў Максім Знак.

Трэцяя праблема: юрыдычная праверка Генеральнай пракуратуры і Міністэрства юстыцыяў, якія мусяць выдаць заключэнне, што пытанні рэферэндуму не супярэчаць заканадаўству Беларусі.

«Аднак норма аб змяненні заканадаўства апрыёры супярэчыць дзейнаму заканадаўству. Таму гаворка перадусім ідзе аб тым, што пытанне мусяць адпавядаць маральным нормам і міжнароднаму заканадаўству», – зазначае юрыст.

Гэта не хутка

Ён падкрэслівае, што рэферэндум – гэта не хуткая гісторыя. Ён дакладна не пройдзе да 9 жніўня. Толькі першы этап зойме каля месяцу, яшчэ 2 месяцы на збор подпісаў. Пасля збору і падліку подпісаў будзе праводзіцца аналіз. А потым ЦВК мусіць прыняць адпаведнае рашэнне і на працягу двух месяцаў прэзідэнт выдае ўказ наконт галасавання на рэферэндуме. Агулам – пяць месяцаў чакання.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.
Фота: pravo.by

Самае важнае пытанне юрыдычнае – якое пытанне будзе выносіцца. Гэта мусіць вырашыць ініцыятыўная група. Аднак Віктар Бабарыка гаварыў, што зараз ёсць ідэя аб вяртанні да Канстытуцыі 1994 года: з іншым парламентам, які прызначаў вышэйшых службовых асобаў і абмежаваннем па колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў.

«Мы мяркуем, што трэба вынесці максімальна простае пытанне. Напрыклад: »прыняць змяненні ў Канстытуцыю і вярнуць яе ў стан 15 сакавіка 1994 года. Праз тры месяцы яна набірае моц і будуць праведзеныя выбары Вярхоўны савет«, – адзначае Максім Знак.

Ці зарэгіструюць рэферэндум?

Шанцы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў Максім Знак ацэньвае даволі высока. Ён кажа, што ўдалося сабраць 450 тысячаў подпісаў у пандэмію.

Ён адзначыў актыўную ролю беларускай дыяспары, якая зрабіла шмат прапаноў. Аднак збіраць подпісы яны не могуць. Толькі па месцы рэгістрацыі ў пашпарце.

Дарэчы, трансляцыя «завісла» менавіта ў той момант, калі гаворка зайшла аб адмене тэрміну дзейнага прэзідэнта. Юрысту прышлося паўторна адказваць на пытанне.

«Адмена тэрміну таго, хто будзе ва ўладзе пасля 9 жніўня, можа адбыцца толькі ў тым выпадку, калі гэта будзе ўказана ў пытанні і рэферэндум пройдзе паспяхова», – гаворыць Максім Знак.

Моўнае пытанне і іншыя нюансы

Ён звярнуўся да канстытуцыі 1994 года. Беларуская мова тады была адзінай дзяржаўнай, аднак рускай мове забяспечвалася права свабоднага выкарыстоўвання.

«Я мяркую, што нават з такой фармулёўкай у нас анічога не зменіцца ў практычным сэнсе. Але калі на сходзе ініцыятыўнай групы высветліцца, што чальцы хочуць захаваць статус рускай мовы, то мы можам унесці карэктывы ў пытанні».

Участак для галасавання №39.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Юрыст мяркуе, што судовая сістэма ў Беларусі пабудаваная на дэмакратычных прынцыпах, але пытанне ў практыцы.

«Як толькі будзе новы канстытуцыйны лад, то змены, як колы на вадзе, распаўсюдзяцца», – перакананы ён.

Максім Знак запэўнівае, што штаб Бабарыкі намагаецца пазбегнуць усіх магчымасцяў забракаваць рэферэндум на стадыі падрыхтоўцы.

Онлайн-трансляцыя аб рэферэндуме. Скрын

Ён зазначыў, што не ведае аб стане Эдуарда і Віктара Дзмітрыевіча. Але спаслаўся на інфармацыю ад адвакатаў, якія абвяргаюць чуткі аб іхным збіцці.

«Я шчыра спадзяюся, што да 14 ліпеня ў нас будзе вызначанасць і па крымінальнай справе, і па рэгістрацыі Віктара Дзмітрыевіча як кандыдата».

Нагадаем, што Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард былі арыштаваныя 18 чэрвеня. Праз некалькі гадзінаў пасля затрымання быў апублікаваны адмысловы відэазварот Віктара, дзе ён заклікае правесці рэферэндум.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў