«Гэта – не па-чалавечы». Настаўнікі звярнуліся з адкрытым лістом да Міністэрства адукацыі


Беларускія настаўнікі просяць Міністэрства адукацыі перагледзець «неканструктыўны падыход» да атэстацыі па выніках чацвёртай чвэрці тых вучняў, якія ва ўмовах пандэміі навучаюцца дыстанцыйна пры дапамозе інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогіяў.

Зварот апублікавала выданне «Наша Ніва».

У дакуменце адзначаецца, што настаўнікі атрымалі інфармацыю са спасылкай на намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая аб тым, што ў міністэрстве прынята рашэнне не атэставаць у чацвёртай чвэрці вучняў, якія па рашэнні бацькоў навучаюцца дома пры дапамозе інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогіяў: адзначаць у журналах іх адсутнасць, не выстаўляць у класныя журналы адзнакі за дамашнія работы і тым самым закрыць ім доступ да паўнавартаснага адукацыйнага працэсу. Настаўнікі ў сваім звароце хочуць перасцерагчы міністэрства ад гэтай памылкі.

Hавiны
«Прыйшлі 25 %». Бацькі павялі дзяцей у школы, не зважаючы на пандэмію каронавіруса?
2020.04.20 17:57

«Мне не хочацца думаць, што рашэнне не атэставаць у апошняй чвэрці дзяцей, што працуюць самастойна, прынятае выключна з мэтай вярнуць вучняў у школы. У той сітуацыі, калі эпідэмія COVID-19 у Беларусі набірае ход, калі кожны дзень рэгіструецца болей за 700 новых выпадкаў, калі кантакты першага ўзроўню знаходзяцца дома, а не ізаляваныя па бальніцах, кожны законны прадстаўнік вучня мае права клапаціцца аб бяспецы свайго дзіцяці. Адначасова ён мае права і на адукацыю, арганізаваную з улікам магчымасцяў, якое дае нам наша стагоддзе, наш узровень тэхнічных ведаў, наш статус «айці-краіны», урэшце рэшт», – падкрэсліваецца ў звароце.

Паводле настаўнікаў, самастойнае вывучэнне школьных курсаў пры дапамозе ІКТ можа быць эфектыўным і гэта ўжо пацверджана на практыцы. На думку аўтараў звароту, рашэнне пазбавіць дзяцей права на атэстацыю перакрэсліць давер паміж настаўнікамі, вучнямі і іх бацькамі.

«Мы кідаем іх адзін на адзін з праблемай у вельмі няпростай сітуацыі. Мы перастаем даваць ім тую зваротную сувязь, якую яны зараз павінны мець ад нас і на якую маюць права. Мы распісваемся ва ўласнай бездапаможнасці. Гэта не толькі непедагагічна, гэта – не па-чалавечы», – упэўнены настаўнікі.

Аўтары ліста просяць Міністэрства адукацыі перагледзець неканструктыўны падыход да атэстацыі па выніках чацвёртай чвэрці тых вучняў, якія навучаюцца пры дапамозе ІКТ, дазволіць настаўнікам пераносіць у журнал адзнакі, атрыманыя за работы, што выконваюцца дома, і атэставаць дзяцей па выніках самастойнай працы за чацвёртую чвэрць, а таксама ўлічваць адзнаку пры выстаўленні гадавой.

«Мы не маем права пазбавіць вучняў рэспублікі права на атэстацыю пры навучанні праз ІКТ», – падкрэсліваецца ў лісце.

Зварот ініцыявала Ганна Севярынец. Подпісы пад дакументам паставілі яшчэ 22 настаўнікі.

Hавiны
У Докшыцах і Бягомлі зачынілі школы, дзеці вучацца дыстанцыйна
2020.04.21 21:34

КА belsat.eu

Стужка навінаў