«Гэта будуць стратныя інвестыцыі». У Беларусь ляціць прэзідэнт Зімбабвэ


Прэс-сакратар зімбабвійскага прэзідэнта назваў гэты візіт стратэгічным. Ён мусіць прынесці Зімбабвэ «небывалы ўраджай пагадненняў і мемарандумаў аб узаемаразуменні». Але чаго чакаць Беларусі?

На 16-18 студзеня запланаваны афіцыйны візіт прэзідэнта Зімбабвэ Эмэрсана Мнангагўа ў Беларусь. У Менску ён сустрэнецца з беларускімі бізнесоўцамі, а таксама з Аляксандрам Лукашэнкам.

Хто такі Мнангагўа?

76-гадовы Эмэрсан Мнангагўа няспынна займае кіруючыя пасады ў Зімбабвэ з моманту абвяшчэння яе незалежнасці ў 1980 годзе.

«Гэта такі моцны і жорсткі чалавек, пра што даволі красамоўна кажа ягоная мянушка «Кракадзіл», – заявіў у каментары Belsat.eu палітычны аглядальнік Яўген Красулін.

Мнангагўа быў блізкім паплечнікам першага прэзідэнта Робэрта Мугабэ і, на думку многіх, нясе адказнасць за масавыя рэпрэсіі і генацыд у краіне ў 1980-ых. Таксама палітык згуляў важную ролю падчас рэформы канца 90-ых-пачатку 2000-ых, калі перадача зямлі ад белых фермераў чорнаму насельніцтву прывяла «фактычна да краху сельскай гаспадаркі».

У лістападзе 2017-га ў выніку дзяржаўнага перавароту Мнангагўа захапіў уладу ў краіне. Новы кіраўнік пачаў казаць пра неабходнасць змянення іміджу Зімбабвэ на міжнароднай арэне, дэклараваў памкненні палепшыць стасункі з краінамі, рабіў захады па паляпшэнні інвестыцыйнага клімату.

Hавiны
У Беларусь прыляціць прэзідэнт Зімбабвэ
2019.01.10 09:11

Але, заяўляе Яўген Красулін, заходнія краіны і патэнцыйных інвестараў напалохала задушэнне з дапамогай агняпальнай зброі пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2018 года.

«Гэта прадэманстравала ўсім, што Зімбабвэ працягвае, нягледзячы на ўсю рыторыку, заставацца краінай рызыкоўных інвестыцый. І ў гэтую краіну інвеставаць – значыць звязвацца з недэмакратычным рэжымам, які ў любы момант можа сваю палітыку да інвестара змяніць», – падкрэсліў эксперт.

Архітэктар адносінаў з Менскам

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Зімбабвэ былі ўсталяваныя ў 1992 годзе. Але стасункі паміж краінамі яшчэ фармуюцца. Візітаў на вышэйшым узроўні раней не было, але з 2010 года Беларусь сталі наведваць некаторыя зімбабвійскія ўрадоўцы, у тым ліку ў 2015 годзе – сам Эмэрсан Мнангагўа (тады ён займаў пасаду віцэ-прэзідэнта). Увогуле, менавіта яму зімбабвійскія СМІ прыпісвалі ўсталяванне кантактаў з Беларуссю.

У сваю чаргу сталіцу Зімбабвэ Харарэ наведалі кіраўніцтва Банку развіцця Беларусі, «БелАЗу» і «Трайплу». Летась двойчы Зімбабвэ наведваў кіраўнік справаў прэзідэнта Беларусі Віктар Шэйман.

Фота president.gov.by

Дамовы на дзясяткі мільёнаў долараў

Двухбаковы тавараабарот доўгі час вагаўся ў межах некалькіх мільёнах долараў, але ў 2017 годзе за кошт буйных паставак тэхнікі здолеў пераваліць за 20 млн долараў. Аснову беларускага экспарту складаюць калійныя ўгнаенні і друкаваная прадукцыя. З Зімбабвэ Беларусь пастаўляе тытунёвую сыравіну ды нязначныя аб’ёмы гародніны і садавіны.

Увесну 2018 года падпісалі кантракты на амаль 58 млн долараў на пастаўкі беларускіх трактароў і тэхнікі для лясной гаспадаркі. Пра падпісанне кантрактаў на пастаўкі беларускай тэхнікі на амаль 60 млн долараў заяўлялася і ўвосень. Не да канца зразумела, ці гэта не адны і тыя ж сумы. Бакі таксама рыхтавалі кантракт на закуп беларускіх угнаенняў на 10 млн долараў.

Апроч таго, разглядаецца стварэнне сумесных прадпрыемстваў, рэалізацыя праектаў у сельскай гаспадарцы, жыллёвай і прамысловай галінах, адукацыі, ваенна-тэхнічнай сферы і г.д. Менск ужо ў 2018 годзе збіраўся задзейнічаць сваіх спецыялістаў у геолагаразведцы, здабычы нафты, газу, золата, плаціны і рэдказямельных металаў. Але пра пазітыўныя зрухі пакуль не чуваць.

У мінулым месяцы ў Зімбабвэ распачалася эксплуатацыя драбільнага абсталявання, якое набытае ў Беларусі для больш якаснай здабычы алмазаў.

Шэйман распавядае Лукашэнка пра стасункі Беларусі і Зімбабвэ 13 сакавіка 2018 году. Фота president.gov.by

Любыя інвестыцыі і ўгоды будуць рызыкоўныя

Як заявіў Belsat.eu Яўген Красулін, з 2019 года ў Зімбабвэ вялікай праблемай стаў крызіс выплатаў. Гэтак, з прычыны таго, што Рэзервовы банк не можа праводзіць міжнародныя трансакцыі і канвертаваць валюту, зімбабвійскія экспарцёры не могуць аплаціць пастаўкі. У выніку пастаўшчыкі пагражаюць спыніць пастаўкі, а фірмы, якія займаюцца імпартам, знаходзяцца ў вельмі цяжкім стане. Пагаршае сітуацыю і фінансавы крызіс, бо пасля гібелі мясцовай валюты ў 2008 годзе ў асноўным у Зімбабвэ выкарыстоўваюцца амерыканскія долары.

«З вялікай упэўненасцю можна сказаць, што ў Зімбабвэ заўжды будуць праблемы з разлікамі за пастаўкі», – падкрэсліў эксперт. Таму любыя інвестыцыі і ўгоды будуць вельмі рызыкоўныя і нават стратныя для Беларусі.

МГ/Belsat.eu

Стужка навінаў