Генпракурор Украіны: Пуцін зможа паглынуць Беларусь

Генеральны пракурор Украіны Юры Луцэнка выказаў меркаванне ў інтэрв’ю «Гордон», што Расея паглыне Беларусь шляхам стварэння новай саюзнай дзяржавы, кіраўніком якой будзе Уладзімір Пуцін.

«Вельмі падобна, што Пуцін зможа паглынуць Беларусь. Тут жа ёсць некалькі рэчаў. Па-першае, ужо канчаткова зразумеўшы, што Украіну страціў, ён хоча захаваць твар для сваіх падданых, якія ўсё яшчэ вераць у Вялікага Пу. Што для гэтага робіць? Ён хоча далучыць Беларусь такім жа вульгарным шляхам, якім далучыў Крым, і стаць кіраўніком саюзнай дзяржавы. Бо канстытуцыя зноў не дазваляе яму стаць трэці раз прэзідэнтам Расеі. Мяняць канстытуцыю неяк не з рукі – перад Захадам хочацца выглядаць ледзь не дэмакратам. Таму прыдумалі новую камбінацыю. Будзе кіраўнік Расеі – не важна, якое яго імя, будзе кіраўнік Беларусі – не важна, як яго завуць, галоўнае, каб бульбу вазіў у Крым мяшкамі. І над імі – кіраўнік саюзнай дзяржавы ўсё той жа вечны, як мелодыя гімна Савецкага Саюзу і Расеі, У. У. Пуцін», – заявіў генпракурор Украіны.

Такім чынам, на думку Луцэнкі, пасаду прэзідэнта Беларусі захаваюць, але яна будзе дэкаратыўнай. Галоўным кіраўніком будзе Пуцін.

  • Напрыканцы 2018 года беларуска-расейскія стасункі заўважна пагоршыліся. У снежні Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў праводзіў перамовы з Уладзімірам Пуціным: расейскі лідар патрабаваў «глыбокай інтэграцыі», а Лукашэнка дамагаўся зніжэння цаны на газы і кампенсацыі за падатковы манеўр. Перамовы скончыліся безвынікова.
  • Падатковы манеўр, які плануе рэалізаваць Расея, прадугледжвае, пачынаючы з 2019 года, паэтапнае абнуленне экспартных пошлінаў на нафту пры адначасовым павышэнні падатку на здабычу карысных выкапняў. У выніку з 2024 года Беларусь будзе закупляць сыравіну па сусветных коштах і пазбавіцца перавагі над канкурэнтамі па-за межамі ЕАЭС. Паводле міністра фінансаў Беларусі Максіма Ермаловіча, агульныя страты бюджэту краіны ад падатковага манеўру з 2019 па 2024 год могуць скласці ад 8 да 12 млрд. долараў. Менск хоча атрымаць ад Масквы кампенсацыю за падатковы манеўр, але расейскі бок на гэта пакуль не пагадзіўся.
  • Цана на газ для Беларусі – яшчэ адно спрэчнае пытанне ў беларуска-расейскіх стасунках. У 2018 годзе Беларусь купляе газ па фіксаванай цане $ 129 за тыс. куб.м. У 2019 годзе гэтая цана будзе $ 127. Цана на 2020 год яшчэ не вызначаная. Аляксандр Лукашэнка патрабуе, каб Беларусі далі магчымасць купляць газ па ўнутрырасейскім цэнам – па $ 70, як у Смаленскай вобласці. У Расеі лічаць такі варыянт магчымым толькі ва ўмовах больш шчыльнай інтэграцыі – гэта асноўная думка так званага ультыматуму Мядзведзева.
  • Ультыматум Мядзвездзева – заява прэм’ер-міністра РФ Дзмітрыя Мядзведзева на паседжанні савету міністраў Саюзнай дзяржавы, паводле якой на эканамічныя датацыі (у прыватнасці, праз адзіную палітыку тарыфаў і цэнаў) Беларусь можа разлічваць толькі ў выпадку рэалізацыі дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года. У прыватнасці, гаворка ідзе пра стварэнне адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду і падліковай палаты. У адказ Аляксандр Лукашэнка 14 снежня заявіў, што Беларусь ніколі не адмовіцца ад свайго суверэнітэту. «Калі нас хочуць, як Жырыноўскі прапаноўваў, падзяліць на вобласці і ўпіхнуць у Расею – гэтага не будзе ніколі», – падкрэсліў ён.

ІІ, belsat.eu

Hавiны