Генпракурор Украіны: па бандзе Януковіча вынесена 30 прысудаў


Генпракурор Украіны Юрый Луцэнка заяўляе, што існаванне арганізаванай злачыннай групоўкі (АЗГ) экс-прэзідэнта Віктара Януковіча пацвярджаецца прысудамі 30 судоў.

Луцэнка падкрэсліў, што актывы паплечнікаў Януковіча ў суме 1,5 млрд. USD арыштавалі ў 2014 годзе, тады ж было адкрыта шэраг вытворчасцяў, каб вярнуць гэтыя сродкі.

«Следства па справе цягнулася амаль 3 гады. Дзякуючы мазгавому штурму ўсіх датычных да 3-гадовай працы мы вызначыліся з правільным кірункам, вынікам чаго стала 30 прысудаў судоў, па якіх асуджана 30 чалавек-удзельнікаў злачыннай схемы крадзяжу і адмывання сродкаў у агульнай суме 1, 5 млрд. долараў», – сказаў Луцэнка.

Ён дадаў, што асуджаныя людзі – ад кіраўнікоў маленькіх прадпрыемстваў, праз якія пачыналі шлях прамывання сродкаў, да першага намесніка міністра эканомікі. Усе яны ўваходзілі ў «АЗГ на чале з Януковічам».

Ён таксама дадаў, што гэтымі рашэннямі судоў устаноўлена больш за 500 суб’ектаў гаспадарання ўкраінскай і замежнай юрысдыкцыі, якія ўдзельнічалі ў крадзяжы і адмыванні сродкаў для АЗГ Януковіча. Паводле Луцэнкі, сродкі адмывалі на тэрыторыі азіяцкіх краін, Кіпра, Латвіі.

Пры гэтым генпракурор не змог назваць прозвішчаў хоць некалькіх асуджаных і не змог вызначыць перыяд, калі адпаведныя рашэнні судоў былі прынятыя.

 

ІІ, belsat.eu, паводле «Украінская праўда»

Стужка навінаў