Генпракуратура не бачыць падставаў для прыцягнення да крымінальнай адказнасці кіраўніка МУС


Генеральная пракуратура адказала на зварот незарэгістраванага праваабарончага цэнтру «Вясна» у сувязі з «дыскрымінацыйнымі выказваннямі міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча на адрас ЛГБТК-супольнасці». На думку Генпракуратуры, падставаў для прыцягнення міністра да крымінальнай адказнасці няма. Пра гэта адзначаецца ў адказе на зварот, які атрымалі праваабаронцы.

Паводле TUT.BY, Генпракуратура разгледзела зварот праваабаронцаў «па пытанні адпаведнасці заканадаўству інтэрв’ю міністра ўнутраных справаў, тэкст якога размешчаны ў шэрагу СМІ».

«Пры вывучэнні зместу адзначанай публікацыі ўстаноўлена, што ў ёй аўтарам выкладзена асабістае меркаванне па некаторых пытаннях. У артыкуле не выкарыстоўваюцца словы, выразы і словазлучэнні, якія дазволілі б сцвярджаць пра наяўнасць у іх складу якога-небудзь правапарушэння або крымінальных дзеянняў», – гаворыцца ў адказе.

З улікам гэтага ў Генпракуратуры не бачаць падставаў для прыняцця мераў пракурорскага рэагавання.

Незарэгістраваны праваабарончы цэнтр «Вясна» за подпісам старшыні Алеся Бяляцкага і юрыста Валянціна Стэфановіча на мінулым тыдні накіраваў заявы ў Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт з тым, каб гэтыя дзяржорганы правялі правяранне па факце дыскрымінацыйных выказванняў міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча на тэлебачанні.

Гаворка вядзецца пра інтэрвʼю міністра, у якім ён выказаўся адносна грамадзянаў Беларусі, якія належаць да супольнасці ЛГБТК, і назваў іх «дзіравымі».

Hавiны
Шуневіч патлумачыў, каго ён называе «дзіравымі»
2018.12.28 04:31

Праваабаронцы ў сваю чаргу адзначаюць, што ў беларускім грамадстве і так дастаткова высокі ўзровень гамафобіі, што часам прыводзіць нават да здзяйснення злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзянаў па матывах нянавісці менавіта па прыкмеце іх сексуальнай арыентацыі. Замест таго каб супрацьстаяць такім негатыўным праявам, «міністр Шуневіч дазваляе сабе ўжываць жарганізмы, характэрныя для носьбітаў крымінальнай субкультуры альбо носьбітаў неанацысцкіх поглядаў».

СК, belsat.eu

Стужка навінаў