Генпракуратура дасць ацэнку масавым затрыманням ромаў у Магілёве


Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь адрэагавала на зварот старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, які тычыўся фактаў масавага затрымання ромаў 16 траўня ў Магілёве.

Паводле праваабаронцы, агучаная ў СМІ інфармацыя аб магчымай датычнасці да меркаванага забойства супрацоўніка ДАІ ромаў, а таксама «дэманстратыўныя дзеянні МУС» маглі прывесці да сур’ёзных наступстваў у дачыненні да дадзенай нацыянальнай групы.

У сувязі з гэтым Алесь Бяляцкі папрасіў Генпракуратуру правесці праверку законнасці затрыманняў ромаў 16 траўня 2019 г. у Магілёве і прыняць адпаведныя меры пракурорскага рэагавання, а таксама разгледзець неабгрунтаваныя выпадкі ўжывання сілы, фізічнага гвалту, неаказання неабходнай дапамогі затрыманым.

З адказу Генпракуратуры вядома, што «распараджэннем Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь створаная рабочая група, якой будзе дадзена ацэнка дзеянням супрацоўнікаў органа ўнутраных спраў пры затрыманні асоб цыганскай нацыянальнасці ў г. Магілёве ў траўні 2019 года».

  • Цела лейтэнанта міліцыі знайшлі 16 траўня каля 20:45 у лясным масіве ў Магілёўскім раёне. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле арт. 362 (забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў пры выкананні службовых абавязкаў).
  • Спачатку меркавалася, што да смерці Патаповіча могуць быць датычныя ромы. Перад знікненнем міліцыянт даслаў калегам паведамленне ў Viber.
  • У ноч з 16 на 17 траўня ў пасёлках Чапаеўка і Грабянёва АМАП правёў рэйд і затрымаў некалькі дзясякаў ромаў. Ромы скардзіліся на збіццё і абразы. Міністр Шуневіч вырашыў не прыносіць прабачэнняў за брутальныя дзеянні міліцыі.
  • Раніцай 20 траўня прадстаўнікі Следчага камітэту і Міністэрства ўнутраных справаў правялі брыфінг, на якім заявілі пра тое, што асноўная версія прычыны смерці міліцыянта Яўгена Патаповіча – суіцыд.
  • Пазней у СК патлумачылі, што штаноў на інспектары ДАІ не было, бо загінулы наўмысна спаліў іх з дапамогай вадкасці для распальвання. Таксама Патаповіч нібыта не меў ніякіх раненняў у вобласці пахвіны: кроў на бялізне, паводле СК аказалася там праз позу цела загінулага.
  • Інфармацыя пра выкраданне 22-гадовага інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча невядомымі асобамі на чорнай «Волзе» афіцыйна не пацвердзілася, адзначылі ў СК.

КА belsat.eu

Стужка навінаў