Генеральная дырэктарка «Тут бай медыя»: Золатава не разумела маштабаў праблемы

У судзе над Марынаю Золатавай паказанні ў якасці сведкі дала генеральная дырэктарка ТАА «Тут бай медыя» Людміла Чэкіна. Яна прызнала, што працаўнікі рэдакцыі паступалі няправільна, карыстаючыся чужымі паролям, але не лічыць гэта крымінальным злачынствам.

Паводле Чэкінай, да вечара 7 жніўня яна нічога не ведала пра несанкцыянаваны доступ да платнай падпіскі БелТА, нават падчас ператрусу ў офісе TUT.by не разумела, у чым справа.

«Вядома, потым я сачыла за ходам расследавання і мела размовы з працаўнікамі, якія былі падазраванымі і абвінавачанымі. Ведаю, што некаторыя працаўнікі заходзілі на платную стужку і чыталі матэрыялы. Я пыталася аб прычынах. Асноўны адказ – па звычцы, хтосьці працаваў у дзяржаўных выданнях і ў іх засталіся паролі. Сам факт доступу ніхто не адмаўляў. У некаторых проста ўкладка такая была на браўзеры ў камп’ютары, вось яны і заходзілі», – распавяла Чэкіна.

Чэкіна кажа, што пра несанкцыянаваны доступ Золатава даведалася толькі ў сакавіку 2018 года ад Ганны Калтыгінай, але не думала, што астатнія журналісты таксама гэтым займаюцца.

«Золатава не разумела маштабаў праблемы. Яна выказала сваё негатыўнае стаўленне да гэтай з’явы і меркавала, што несанкцыянаваны доступ спыніўся», – заявіла Чэкіна.

Паводле яе, ніякай асабістай зацікаўленасці ў Золатавай у несанкцыянаваным выкарыстанні платнай падпіскі БелТА не было.

«Золатава была здзіўлена, што такая колькасць людзей заходзіла на платную стужку. Мы лічым гэта [карыстанне чужымі паролямі да БелТА. – заўв. Belsat.eu] няправільным, мы пакрылі шкоду, хай і завышаную. Так, працаўнікі здзейснілі правапарушэнне, але гэта грамадзянская справа, а не крымінальная», – адзначыла Чэкіна.

  • Нагадаем, Марыну Золатаву вінавацяць у тым, што з 3 студзеня 2017 года да 23 ліпеня 2018 года яна «наўмысна, з асабістай зацікаўленасці» не выконвала сваіх службовых абавязкаў («бяздзейнасці службовай асобы» – ч.2 арт. 425 КК). Галоўная рэдактарка, паводле дзяржабвінаваўцы, не перашкодзіла «неправамернаму выкарыстанню логіну і паролю» да платнай падпіскі БелТА, што рабілі супрацоўнікі рэдакцыі Уласік, Панцялеева, Ермачонак, Бобрык, Бабаед, Калтыгіна ды інш. Логіны і паролі, як сцвярджаецца, належалі выданням «Рэспубліка», «СБ-Беларусь сегодня» i ЗАТ «БелКП -Пресс». Золатава сваёй віны не прызнала: «Я лічу, што ў маіх дзеяннях няма складу злачынства».

Рэдактар ​​Realt.by заявіў пра ціск следчых і фальсіфікацыю паказанняў супраць Марыны Золатавай

ІІ, belsat.eu

Hавiны