Геі, пенсіянеры і ворагі дзяржаўнасці: пра што Давыдзька гаварыў на сустрэчы з выбарнікамі

Генадзь Давыдзька, кіраўнік грамадскага аб’яднання «Белая Русь», экс-кіраўнік БТ, чарговы раз ідзе ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. У межах кампаніі ён зладзіў сустрэчу з выбарнікамі ў школьнай актавай зале. Што абяцаў электарату і чым яго пужаў? Чытайце ў рэпартажы belsat.eu

Генадзь Давыдзька на адкрыцці кінафестывалю «Лістапад» 2019. Фота «Белсат»

Па Усходняй выбарчай акрузе №107 у Менску акрамя Давыдзькі вылучаюцца яшчэ 6 кандыдатаў, сярод якіх і прадстаўнік Камуністычнай партыі Беларусі, і апазіцыянер з БНФ. Але, калі прайсціся па Лагойскім тракце або вуліцы Гамарніка, ледзь не на кожным кроку ў вочы кінецца агітацыя за Давыдзьку. Самыя вялікія плакаты – ягоныя, з лозунгам «Калі можаш – абавязаны».

Канец працоўнага дня, ідзе дробны дождж. Чальцы ініцыятыўнай групы зацягнулі фірмовую тумбу пад навес ля крамы. Трое жанчын моўчкі хутаюцца ў шалікі з лагатыпам «Белай Русі». Прызнаюцца, што працуюць у школе №122, якая знаходзіцца непадалёк адсюль. На пытанне, ці паабяцалі ім нейкія бонусы за ўдзел у агітацыі пасля працы, у адзін голас сцвярджаюць, што робяць гэта па ўласнай ініцыятыве. Прапануюць увечары паслухаць самога кандыдата і яму адрасаваць усе пытанні. Гэтак мы даведваемся, што на 18:30 4 лістапада ў Давыдзькі запланаваная сустрэча з патэнцыйнымі выбарнікамі ў той жа 122-й школе.

Фота: belsat.eu

«Якія перамены вам патрэбныя?»

Актавая зала запоўненая больш, чым напалову. Збольшага на адкідных драўляных крэселках сядзяць стомленыя настаўніцы. Маладая завуч з выразным макіяжам абводзіць прысутных абыякавым позіркам. Спікер, наадварот, трымаецца бадзёра.

«Я стараюся дапамагаць усім навокал, не сплю ў анучу, не адмаўляюся ні ад якіх інтэрв’ю, знаёмы з апазіцыяй. Усе праблемы ў нашым грамадстве адчуваю, ведаю і гатовы не адхіляць усіх, калі стану дэпутатам, а наадварот – стварыць кааліцыю, куды ўвайшлі б людзі з розных палітычных рухаў.

Гэта маё саспелае жаданне, бо я ўпэўнены – апазіцыя павінна быць», – задае тон Давыдзька, спрабуючы паказаць сябе запісным лібералам.

«Вось мне кажуць пра «перамены» людзі на пікетах, а я пытаюся: якія канкрэтна перамены вам патрэбныя? Маўляў, свабод не хапае. Якіх свабод? Свабода выбару прафесіі ёсць. Свабода перамяшчэння? З’язджай, куды хочаш! Свабода слова? Кажы, што хочаш.

Тады мне казалі: «Мы за цябе галасаваць не будзем, ты лукашэнкавец». І нічога, гэты чалавек ходзіць у краму і нічога не баіцца! А ўсё таму, што ў нас дэмакратыя».

Фота: belsat.eu

Адна з асноўных праблем, якая непакоіць Давыдзьку, – міграцыя маладых спецыялістаў. Кажа, што неабходна «захаваць генафонд», а для гэтага трэба ствараць працоўныя месцы для моладзі і забяспечваць маладыя сем’і жыллём. Абяцае «прыняць беспрэцэдэнтныя меры для таго, каб моладзь была шчаслівая ў нашай краіне».

Таксама Давыдзька заклапочаны «нерэалізаваным патэнцыялам» людзей старэйшага веку. Але замест падвышэння пенсіяў ён прапануе частку бюджэтных грошай накіраваць у грамадскія аб’яднанні, каб тыя «арганізавалі яскравы вольны час» і «цікавую жыццядзейнасць» для пенсіянераў. Бабулі ў зале раскрылі вочы.

«Гэта і паездкі па краіне, і нейкая цікавая праца аплачваемая, нейкае валанцёрства, выкарыстанне іх інтэлектуальнай сілы», – разважае 64-гадовы кандыдат, чый даход за мінулы год склаў каля 40 тысяч долараў.

Пасля выступу Давыдзька запрапанаваў задаваць яму пытанні. Пажылая кабета ў першым шэрагу ўзнялася са стосам паперак у руках. Апошнія дзесяць гадоў яна працавала дворнікам, але скардзіцца, што атрымлівала не ўвесь заробак. Дамагчыся выплаты праз розныя раённыя інстанцыі сама не змагла – «зашмат бюракратыі». Цяпер спадзяецца на дэпутацкую дапамогу.

«Я ў дэпутаты іду не каб нейкі тлушчык нагуляць на пасадзе»

– Можна да вас запісацца на прыём?

– Ды не трэба запісвацца, прыходзьце і ўсё.

– Вы ведаеце, колькі я хаджу? З 2009 году!

– Дайце мне дакументы, дайце факты, я буду гэта разглядаць усё. Не цяпер, прыходзьце на прыём. Паважайце ўсіх астатніх. Я гатовы разабрацца ў гэтым пытанні. Усё, дзякуй!

Бабуля хоча працягнуць аповед, але Давыдзька павышае голас.

«Я ў дэпутаты іду не каб нейкі тлушчык нагуляць на пасадзе, гэта няпростая вельмі праца і вельмі цяжкія часы надыходзяць. Прэзідэнцкія выбары, і гэтая вось, на якой мы знаходзімся паміж Еўропай і Расеяй, – гэта вельмі няпросты перыяд! Прэзідэнт сказаў, што чакаюцца змены ў Канстытуцыю, і я прыкладна ведаю, якія… Усё, давайце з вамі скончым размову», – адначасова з рэплікамі бабулі вяшчае кандыдат.

Агітацыя за розных кандыдатаў у Менску. Фота: belsat.eu

«Хатынь – гэта наш брэнд»

Жанчына інтэлігентнага выгляду, якая назвалася Ганнай, пераводзіць гутарку на тэму культуры. Яе непакоіць, што здымкі фільму пра Янку Купалы ідуць павольна. Цікавіцца, як Давыдзька ацэньвае сітуацыю з развіццём культуры ў краіне. Той адразу просіць кантраляваць яго, «бо на гэтую тэму можна гаварыць бясконца».

«Аднойчы мне прапанавалі стаць дырэктарам кінастудыі, я сказаў – з задавальненнем пагаджуся, але толькі калі мы ўтворым акцыянернае таварыства з Расейскай Федэрацыяй, бо патрэбны пракатны рынак! Фільм «Купала» – гэта будзе шыкоўны, але ўнутраны фільм. Пракатчыкі яго не набудуць. Пракатнага лёсу пад пап-корн у гэтага фільму няма», – лічыць Давыдзька.

Давыдзька мяркуе, што не Купалам адзіным беларускае кіно можа заявіць пра сябе:

«У нас ёсць яшчэ брэнды, якія неабходна прасоўваць. Хатынь – гэта наш брэнд. Трэба зрабіць фільм пра Хатынь, пра Чырвоны бераг, дзе ў дзетак забіралі кроў, паміралі дзяўчынкі…»

Наступныя хвілін дзесяць ён прызнаецца ў любові да кінематографу. Пакуль яго не перабівае школьны ідэолаг.

Фота: belsat.eu

«На Захадзе – распродаж дзяцей для гей-сем’яў»

– Маю актуальнае пытанне. Гэты год быў абвешчаны годам малой радзімы. А якім вы прапануеце назваць 2020? Можа, год гендарнага выхавання?

– Што такое гендарнае выхаванне? Першы бацька, другі бацька? Справа ўся ў тым, што я праціўнік… Гэта ў апошнія гады называюць еўрапейскімі каштоўнасцямі. Я за тое, каб у нас захаваўся інстытут сям’і. Калі жанчына імкнецца да незалежнасці, то яна свабодна. І ў гэтым слове апошнія чатыры літары маюць сэнс. То бок, адна. А калі яна замужам, нарадзіла, выканала сваю галоўную функцыю чалавечую, яна ўжо не свабодная.

Ідэолаг дарэмна закранула гендарны аспект, бо следам на аўдыторыю абрынуўся шквал «скрэпных» пужалак.

«На Захадзе дзіця можа выбіраць сабе пол, уявіце! Там забаронена называць хлопчыка хлопчыкам, а дзяўчынку дзяўчынкай па фізіялагічных прыкметах. Гэта вам падабаецца ці што? Сёння на гей-сайтах у Еўропе існуе канкрэтны гандаль, рэальныя даты, калі адбудзецца распродаж дзяцей для гей-сем’яў. І гэтыя парачкі набываюць сабе дзіця, як правіла, хлопчыка. Навошта? Каб якім чынам яго выхаваць? Каб што з ім зрабіць? І вось гэта нам культывуецца!», – абураецца Давыдзька.

Давыдзька назваў блогера NEXTA «дыверсантам»

«За фільм пра «Белы легіён» нясуць адказнасць усе сто журналістаў АТН»

Карэспандэнтка belsat.eu запытала ў Генадзя Давыдзькі, якія законапраекты асабіста ён ініцыяваў, будучы дэпутатам двух скліканняў і якім з іх ганарыцца.

«Я займаўся ў першым скліканні працай у камісіі па культуры, адукацыі і навуковай дзейнасці, па-мойму гэтак яна называлася… Я таксама ініцыяваў закон аб музейнай дзейнасці. Чым ганаруся? Тым, што быў прыняты законапраект, які ўраўноўваў па лётным стажы сцюардэс і лётчыкаў. Было вельмі няпроста прабіць гэтую тэму, бо звязана з фінансаваннем.

Хто пераможа на выбарах? Гайд па кандыдатах ад улады

У другі раз я працаваў у камісіі па правах чалавека і сродках масавай інфармацыі і займаўся адпаведна СМІ.

Шматлікія змены ў Закон аб СМІ праходзілі праз мяне. І тое, што вам недаспадобы – таксама. Я катэгарычна выступаю за свабоду слова і катэгарычна супраць інкогніта ў інфармацыйнай сферы, асабліва ў СМІ. І мне падабаецца, што цяпер рэдакцыі сайтаў, тэлеканалаў, газет нясуць адказнасць за інфармацыйную палітыку нават у каментарах, гэта правільна».

– Вы кажаце, што супраць ананімнасці ў СМІ, правільна? – удакладніў журналіст Ігар Ільяш, які жыве ў акрузе, дзе абіраецца Давыдзька.

– Так.

– Хацелася б прыгадаць адзін эпізод. У красавіку 2017 году на тэлеканале «Беларусь-1» выйшаў фільм «Белы легіён чорных душ». Арыштаваных КДБ маладых людзей там вінавацілі ў намеры здзейсніць масавыя забойствы, тэракты і г.д. Усе гэтыя абвінавачванні аказаліся ілжывымі, справа была закрытая за адсутнасцю складу злачынства. Успрымаць фільм іначай, як ілжывы данос у стылі 37-га году – нельга. І ён быў ананімны, там не фігуравалі аўтары. Вы ніколі не выбачыліся ні за ананімнасць, ні за непраўдзівыя звесткі. Дык вы ўсё ж за ананімнасць ці не? – пацікавіўся ён, падкрэсліўшы, што выказвае прыватнае меркаванне.

– Я са здраднікамі не размаўляю, паколькі вы працуеце на замежную дзяржаву і хочаце дэстабілізацыі нашай краіны. Вы з’яўляецеся ворагам дзяржаўнасці Рэспублікі Беларусь і нашай незалежнасці. Мы бачым Іуду з трынаццаццю сярэбранікамі ў кішэні.

Гэта не ананімны фільм, а кропка гледжання журналістаў Агенцтва тэлевізійных навінаў. Там працуе каля ста чалавек. Вось усе сто нясуць адказнасць за гэты матэрыял. Ён быў патрэбны. Больш за тое, гэты матэрыял быў атрыманы намі з кампетэнтных крыніц і мы прынялі яго на веру, – адказаў Давыдзька.

Па заканчэнні сустрэчы людзі хутка пакінулі залу. Яны ішлі моўчкі, нічога між сабою не абмяркоўваючы. Усе, каго мы запыталі пра іхныя ўражанні, адказвалі, што ім спадабалася і, імаверна, галасаваць будуць за Давыдзьку.

***

Генадзь Давыдзька нарадзіўся ў 1955 годзе на Віцебшчыне. Вучыўся ў Дальнеўсходнем педадагагічным інстытуце мастацтваў і Беларускай акадэміі мастацтваў. Працаваў акторам, потым узначаліў Белтэлерадыёкампанію. Двойчы абіраўся ў Палату прадстаўнікоў. У 2018 годзе перайшоў на пасаду старшыні праўладнай грамадскай арганізацыі «Белая Русь», а сёлета стаў сенатарам.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Hавiны