Арцём Аншэлес, расейскі відэаблогер, які ўжо некалькі гадоў жыве ў Гон-Конгу, прызнаецца, што не заўсёды можа есці мясцовую экзатычную ежу, якой яго частуюць гон-конгскія сябры.
Таму Арцём вырашыў пачаставаць іх расейскай ежай, набыўшы дзеля гэтага, праўда, беларускія харчы – лідскі квас ды берасцейскія кефір, тварог і бярозавы сок.
«Спачатку патыхае як [бальзам] «Зорачка», а потым – як японскі соевы соус», – ацэньвае яго дзяўчына.
«Смак нагадвае сіроп ад кашлю», – кажа хлопец.
Большасць дэгустатараў, аднак, прыходзіць да высновы, што квас – лепшы, чым падаецца на першы погляд, і дадаюць, што «быў бы не кепскі разам з сушы».
Потым гон-конгцы спрабуюць па чарзе беларускі тварог («паглядзі, ці не пратэрмінаваны?») і кефір («пахне гаўнецом») вядомай берасцейскай фірмы.
Запіваюць усё бярозавым сокам («на смак як вада з цукрам») таго ж вытворцы.
Агулам, маладзёны добра бавяцца і каштуюць беларускую ежу больш з цікавасцю, чым з агідай.
Магчыма, пасля канчатковага закрыцця расейскага рынку для беларускіх харчоў, пра што ў эфіры «Гарачага каментару» заявіў Леанід Заіка, Гон-Конг мог б стаць новым напрамкам збыту.
ДД