Газета «СБ-Беларусь сегодня»: «Зміцер Дашкевіч напляваў на ахоўны статус Курапатаў»


У прэзідэнцкай газеце «СБ-Беларусь сегодня» апублікаваны артыкул, у якім рэзка крытыкуецца актывіст Зміцер Дашкевіч за яго намаганні па абароне Курапатаў.

Нагодай для артыкулу стала нядаўняе ўсталяванне крыжоў у Курапатах.

«З улікам таго, што ў Курапатах вось-вось разгорнуцца працы па ўсталяванні памятнага знака, ініцыятыва дзіўная ў сваёй уяўнай мэтазгоднасці. І добра б рэалізавана яна была сціпла, ціха і па загадзе душы. Дык не. У сацсетках вялася прамая трансляцыя з перманентным заклікам падлучацца да дзейства ўсім жадаючым», – піша прэзідэнцкая газета.

Выданне сцвярджае, што «некаторыя дзеячы» спрабуюць «прыватызаваць» Курапаты, «выкарыстоўваць у асабістых мэтах – для папулярызацыі як сваіх ідэяў».

На думку «СБ», Дашкевіч парушыў закон, бо Курапаты валодаюць асаблівы ахоўны статус і любыя работы на гэтай тэрыторыі трэба ўзгадняць з дзяржавай. Аднак актывіст гэтага не зрабіў.

«Цынізм, як трактуюць яго энцыклапедыі і юрыдычныя слоўнікі, ёсць адкрытае, грэблівае і пагардлівае стаўленне да нормаў грамадскай маралі, культурных каштоўнасцяў і ўяўленнях аб прыстойнасці. Дашкевіч, зыходзячы з гэтага вызначэння, паступіў вельмі цынічна: напляваў на асаблівы ахоўны статус Курапатаў, аднесся з пагардаю да патрабаванняў закона, праігнараваў як працэдуру ўзгаднення сваіх працаў па ўстаноўцы крыжоў, так і адміністратыўны разбор гэтага парушэння. Чаму ён свядома на гэта пайшоў? Адказ відавочны: грамадскі актывіст адчайна мае патрэбу ў самарэкламе. Дзеля гэтага ён гатовы пераступіць і цераз граніцу ахоўных зон Курапатаў», – піша «Советская Белоруссия».

Газета нават працытавала словы Зянона Пазняка наконт імкнення некаторых асоб піярыцца на тэме Курапатаў.

Тэкст заканчваецца даведачнай інфармацыяй пра артыкулы адміністратыўнага кодэксу, якія, з пункту гледжання газеты, мог парушыць Дашкевіч. А таксама публікуюцца рэквізіты для збору сродкаў на будаўніцтва памятнага знака ў Курапатах.

Аўтар артыкулу не пазначаны.

Зміцер Дашкевіч тэкст «СБ-Беларусь сегодня» пакуль не каментуе.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў