Гары Каспараў: Пуцін не дапусціць падзення Лукашэнкі

Лукашэнка не зможа выжыць без мафіёзнага саюзу з Масквой. Беларускі кірунак для Пуціна становіцца больш актуальны. Беларусь і Расея не маюць перспектыўнай будучыні, пакуль імі кіруюць гэтыя дыктатары. Што для Пуціна азначае амерыканскі батальён у Літве? Пра гульню, у якую гуляюць Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін, у інтэрв’ю Ганны Русінавай з Гары Каспаравым, славутым шахматыстам, які пасля завяршэння спартовай кар’еры стаў апазіцыйным палітыкам.

Як бы вы ацанілі працу Саюзнай Дзяржавы Беларусі і Расеі?

Мне здаецца, тут трэба спачатку разабрацца наагул з семантыкаю гэтага слова «Саюзная дзяржава», бо калі мы маем справу з дыктатарамі, то словы для іх носяць такі апасродкаваны характар. Кожны ўкладае ў гэты панятак той сэнс, які, яму здаецца, сёння найбольш адказвае ягоным інтарэсам. Зразумела, што адносіны паміж Масквою і Менскам, у гэтым выпадку паміж Пуціным і Лукашэнкам, – сталая гульня. Дыктатары патрэбныя адзін аднаму, але пры гэтым кожны хоча атрымаць нейкія свае перавагі.

Відавочна, што рэжым Лукашэнкі ніколі не зможа выжыць без таго, каб абапірацца на, хацеў сказаць, «братнюю дапамогу», але ў гэтым выпадку тое больш такі мафіёзны саюз. Дапамога Масквы эканамічная і фінансавая, гэта значыць, Лукашэнка не можа самастойна выжыць у гэтым моры сусветнай эканомікі, якое бушуе, без магутнага маскоўскага якара. Пуцінскі інтарэс – гэта, мне здаецца, захаванне плацдарму.

Наагул Пуцін думае імперскімі катэгорыямі. Апроч таго, я мяркую, што як дасведчаны мафіёзі ён захоўвае гэтую опцыю: куды збегчы, калі прыйдзе паліцыя.

У гэтым выпадку, калі сітуацыя становіцца крытычная, то беларуская опцыя – гэта варыянт захавання пуцінскай улады праз анексію Беларусі ды новую канстытуцыю. Вось такі ўзаемны інтарэс пакуль. У што гэта разгорнецца, сказаць цяжка. Зразумела, што ані для Беларусі, ані для Расеі няма перспектыўнай будучыні, пакуль ва ўладзе дыктатары.

Падтрыманне саюзу з Расеяй падае, а з Еўразвязам – расце. Інтэрв’ю з сацыёлагам Андрэем Вардамацкім

У чым, на вашую думку, сутнасць спрэчак паміж Менскам і Масквою аб коштах на нафту, газ, кампенсацыі?

Глядзелі мафіёзныя фільмы? Як збіраюцца, паводле паняткаў разбіраюцца, я павінен гэтага кантраляваць, гэтага кантраляваць, гэты мне павінен заплаціць гэта. Там няма прынцыповых нязгодаў, бо ні Пуцін, ні Лукашэнка не могуць існаваць у абстаноўцы нармальнага эканамічнага спаборніцтва і палітычнай канкурэнцыі. Для іх гэта як атручаная атмасфера. Ім увесь час трэба быць над працэсам і яго кантраляваць. У гэтым выпадку заўсёды ідзе гандаль. Што Пуціну можа даць Лукашэнка паводле мінімуму, а атрымаць для сябе нейкія максімальныя палітычныя прэферэнцыі? Адпаведна, зваротны варыянт з боку Лукашэнкі. Гэтыя нязгоды не нясуць прынцыповай характэрнасці, бо дыктатарскі, мафіёзны метад кіравання што ў Расеі, што ў Беларусі пакуль не змяняецца.

8 снежня, праз 20 гадоў пасля падпісання Саюзнай дамовы, збіраюцца перагледзець праграму інтэграцыі. Як думаеце, у чым сутнасць гэтай праграмы?

Хутчэй за ўсё цяпер Пуцін проста патрабуе дадатковых гарантыяў таго, што калі неабходнасць змены Канстытуцыі ў Расеі паўстане, то беларуская опцыя будзе больш рэалістычная. Таму цяпер, напэўна, у гэтую саюзную дамову будуць украпаныя тыя палажэнні, якія дазволяць бязбольна анексаваць Беларусь. Хутчэй за ўсё Лукашэнка супрацівіцца. Той жа самы гандаль ідзе. Зразумела, што Лукашэнка неяк павінен саступаць, але ён выціскае як мага больш з гэтага. Зноў, ніхто не ведае, што будзе заўтра.

Дыктатары ж абапіраюцца не на легітымнасць народу, а на сваю здольнасць кантраляваць сітуацыю. Адпаведна патрэбныя матэрыяльныя рэсурсы, каб аплаціць сілавую структуру, таму ідзе вось такі гандаль.Але відаць з усяго, што беларускі кірунак для Пуціна становіцца больш актуальны, бо ён усё роўна павінен будзе здзяйсняць нейкія агрэсіўныя вонкавапалітычныя дзеянні.

Нейкія крокі, якія будуць паказваць, што пуцінская Расея пашыраецца і ўмацоўвае свае пазіцыі. Пакуль беларуская опцыя незапатрабаваная, бо ёсць як мінімум візуальныя поспехі ў Сірыі. Відавочна, што цяпер мірны працэс ва Украіне. Ён таксама палітычна Пуціну выгадны. Пакуль у Пуціна на гэтым вонкавапалітычным фронце ўсё выглядае добра, бо ён паказвае сваю каласальную сілу, свой аўтарытэт, які расце. Нямеччына гатовая ісці на любыя саступкі, толькі б атрымліваць расейскі газ. Таваразварот паміж Расеяй і Францыяй расце ўстойліва, Макрон выконвае функцыі галоўнага лабіста ў Еўропе. Пра Трампа і казаць мы не будзем. Гэта значыць, пакуль у Пуціна ёсць іншыя гульнявыя магчымасці, але ён разумее, што ўсё можа памяняцца. Заўтра не будзе Трампа ў прынцыпе, і ўжо шмат што пачне змяняцца. Не зразумела, што будзе далей у Сірыі, як справы пойдуць. Таму Беларусь – гэта той самы найбольш прамалінейны варыянт змены Канстытуцыі Расеі праз анексію.

Як вы думаеце, для Расеі будзе шмат перавагаў ад гэтага саюзу, а ў Беларусі паўстануць розныя праблемы, у тым ліку паводле тэмы нацыянальнай ідэнтычнасці?

Насамрэч, любыя гульні дыктатараў прыносяць карысць толькі дыктатарам ды іхнаму атачэнню. Народы ўсё роўна пакутуюць. Ніякаму народу яшчэ не было карысці ад таго, што войска больш моцнай дзяржавы паглынула тэрыторыю слабай дзяржавы. Ніякай выгады ані расейскім, ані беларускім грамадзянам ад гэтага не будзе. Усе пацярпяць у рознай ступені, але зразумела, што гэта чыста дыктатарскія гульні, і цалкам відавочна, што нармальная будучыня ў Еўропе магчымая, калі Расея спыніць свае намеры для аднаўлення хоць бы часткова былой савецкай імперыі ды перастане разглядаць Беларусь як стратэгічны плацдарм, які анексуе ў любую хвіліну.

Лукашэнка не заробіць на таннай нафце. Дапаможа Нурсултан?

Як бы вы ацанілі асабістыя дачыненні Пуціна і Лукашэнкі?

Зноў, два дыктатары ўжо ва ўзросце. Лукашэнку ўжо пад 26-ты год пайшоў. У Пуціна 20-ты. Зразумела, што яны маюць патрэбу адзін у адным. Насамрэч дыктатары заўсёды разумеюць, што ім трэба дамаўляцца. Таму нельга ўпадаць у эйфарыю, што вось канфлікт Менск-Масква, не могуць дамовіцца. Яны заўсёды дамовяцца, акурат таму, што падзенне аднаго азначае праблемы для іншага.

Пуцін не дапусціць падзення Лукашэнкі, толькі калі ён яго не заменіць на больш лаяльнага дыктатара. Але сам сабою сыход Лукашэнкі, калі яго выкліча пакуль яшчэ фантастычны беларускі майдан, – гэта для Пуціна непрымальна.

Гэта значыць, любая актыўнасць народу, якая вядзе да палітычных зменаў у межах былога СССР, асабліва ў гэтым трохкутніку Расея-Украіна-Беларусь, успрымаецца Пуціным як асабістая пагроза. Таму вайна з украінскаю дзяржаўнасцю для Пуціна – прыярытэт № 1. Для Лукашэнкі падзенне пуцінскага рэжыму – пытанне аддаленай будучыні – таксама азначае поўны крах, бо калі можаце сабе ўявіць дэмакратычную ўладу ў Расеі, то я думаю, што ўлада Лукашэнкі ў Менску доўга не працягнецца.

Лукашэнка нядаўна вельмі рэзка адрэагаваў на размяшчэнне амерыканскага батальёна за 15 кіламетраў ад беларускай мяжы ў Літве. Як думаеце, ці заўважыў гэта Пуцін і чаму ў яго няма нейкай рэакцыі?

Бо была рэакцыя ў Лукашэнкі. Навошта Пуціну рэагаваць, калі суседні дыктатар усё гэта ўжо сказаў. Зразумела, што і для Пуціна, і Лукашэнкі з’яўленне амерыканскіх войскаў у краінах Балтыі – гэта праблема, гледзячы на магчымыя опцыі. Заўсёды хочацца ціснуць на Латвію, Літву, Эстонію, пагражаючы гібрыднаю вайной або ўвогуле наўпроставым уварваннем, але, пакуль там амерыканскія жаўнеры, ніхто гэтага рабіць не будзе.

Ніводны генерал расейскі ў здаровым розуме не выканае такой каманды, акурат таму, што страляць у амерыканцаў – зразумела, што гэта не вайна ва Украіне або Сірыі – бамбаваць безабаронныя гарады. Адказ будзе такі, які ён быў, калі «прыгожынскія тролі» спрабавалі перайсці Еўфрат у Сірыі. Амерыканцы ім хутка паказалі, хто чаго варты. Таму, натуральна, тое, што яны з’яўляюцца, – гэта праблема. Бязглуздзіца тое, што за 15 км ад мяжы ці не. Ясна, што амерыканцы ніколі мяжы Беларусі пераходзіць не будуць. Амерыканцы там стаяць, каб абараніць мяжу Літвы ад патэнцыйнага ўварвання расейскіх войскаў з Беларусі, дзе іх увогуле шмат, як мы ведаем. Таму для краінаў Балтыі – гэта максімальная гарантыя таго, што іхную бяспеку ды іхны суверэнітэт не будуць выпрабоўваць па-новаму. Тым больш, што шмат жывых людзей, якія памятаюць, як ажыццяўлялася «Паўзучая агрэсія» 1940 года.

Камандзір базы ЗША каля Беларусі: Гэта місія адпужвання

Які патэнцыял даўгавечных гандляў паміж Масквою і Менскам наконт таго, што мы вас абараняем ад НАТО, а вы нам плоціце за гэта?

Пуцін абараняе Лукашэнку ад ягонага ўласнага народу, насамрэч, гарантуе яму падаўжэнне ягонай асабістай улады. Лукашэнка, натуральна, дае Пуціну тыя самыя стратэгічныя прэферэнцыі, якія Пуціну патрэбныя геапалітычна. Вось і ўсё. Таму працягвацца будзе столькі, колькі яны будуць ва ўладзе.

Яны патрэбныя адзін аднаму, таму ніякіх ілюзіяў наконт таго, што яны могуць моцна перасварыцца, і Лукашэнка хлопне дзвярыма, а Пуцін яго пакіне, павернецца і зоймецца чымсьці іншым. Пра гэта нават не трэба думаць.

Пуцін і Лукашэнка ўзаемазвязаныя. Гэта такі сімбіёз, які скончыцца сыходам абодвух дыктатараў. Пры чым падзенне аднаго адразу прывядзе да сур’ёзных праблемаў іншага.

Фота на прэв’ю: Xinhua/Imago Sport/Forum

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 15.11.2019

Іншыя тэмы праграмы:

  • Лукашэнка прарваўся ў Еўразвяз, але там яго чакаў халодны душ
  • Крэмль навязвае беларусам сваю версію гісторыі
  • Крэмль хоча аслабіць Беларусь, каб увесці свае войскі. Ці абароніцца Лукашэнка ад таго, што сам падпісаў?
  • Ці змогуць афіцыйныя Менск і Вільня дамовіцца пра БелАЭС, каб Беларусь падпісала дамову з Еўразвязам?

 

Hавiны