Гарадзенскі ЖЭС адрэагаваў на артыкул сайту Belsat.eu пра затоплены падвал

Пасля публікацыі матэрыялу на сайце незалежнага тэлеканалу пра сутарэнні, якія ўвесь час затапляюць каналізацыйныя сцёкі, гарадзенскія камунальнікі памянялі абшыўку на трубах, а ў затапленнях звінавацілі… жыхароў дому і «туалеты для катоў».

Частка жыхароў дому № 39 па вуліцы 17 верасня ў Горадні ўжо не першы год пакутуе праз каналізацыйную трубу, якую рэгулярна прарывае. Ад гэтага моцна пацярпелі ячэйкі сутарэнняў дому, якія наўпрост перасталі быць прыдатнымі – у такіх месцах ужо нельга нічога захоўваць. Такая гісторыя доўжыцца ўжо з дзесяць гадоў.

Матэрыял пра праблему з расповедам аднаго з жыхароў з’явіўся на Belsat.eu у мінулым месяцы. Як цяпер паведамілі жыхары, ЖЭС № 1 усё ж такі адрэагаваў на публікацыю.

Па-першае, камунальнікі памянялі абшыўку на трубах з парай, якія праходзяць у падвале пад самай столлю. На здымках Belsat.eu месячнай даўніны бачна, што з іх звісаюць падзертыя шматкі старой абшыўкі – цяпер жа зусім іншая справа, усё выглядае ахайным.

[/vc_column_text]

Гэтак было раней

Гэтак труба выглядае цяпер

Нарэшце трубы парабілі як след

Па-другое, ЖЭС вымушаны быў тлумачыцца перад жыхарамі наконт прычынаў затапленняў з каналізацыйнай трубы. Вінаватымі, паводле ЖЭСу, аказаліся… самі жыльцы! Паводле версіі ЖЭСу, прычына затапленняў – смецце, якое жыхары кідаюць у каналізацыю. Прычынай апошняй аварыі, напрыклад, нібыта стала змесціва туалета для катоў, якое нехта спусціў ва ўнітаз.

Сам жа калідор у сутарэннях, на жаль, пакуль не змяніўся да лепшага: бруд з каналізацыі надалей пакрывае падлогу тоўстым слоем. Зверху ўсё ў чарговы раз перасыпалі хлёркай.

АК, belsat.eu

Hавiны