Ганна Канапацкая «пахвалілася» заробкам дэпутата


Дэпутатка ад АГП не хавае сваіх прыбыткаў з палітычнай дзейнасці. Ейны заробак за 12 працоўных дзён кастрычніка, якія яна адпрацавала разам з іншымі новаабранымі парламентарыямі, складае 1058 рублёў, альбо каля 500 еўра.

Разліковы лісток Ганна Канапацкая апублікавала на сваёй старонцы ў Facebook’у.

«Аклад – 524 рублі, штомесячная прэмія – 214 рублёў, надбаўка за клас дзяржслужбоўцы – 191, надбаўка за выслугу гадоў – 286 рублёў».

То бок, у дзень беларускі дэпутат атрымлівае ад $ 45. За 22 працоўных дні яны будуць мець каля $ 990. Заробак Канапацкай – гэта амаль паўтары сярэднія заробкі па краіне. У верасні 2016 года ён складаў 732,9 рублі. Варта ўзгадаць, што ўчора ў Магілёве Лукашэнка зноў паабяцаў заробак $ 500, але з адным «але».

Ганна Канапацкая звычайны член камісіі па эканамічнай палітыцы. Вядома, чым вышэй пасада, тым большы аклад.

У сацыяльны сетках яна задалася пытанне многа гэта ці мала ды прывяла дадзеныя аб даходах сваіх калегаў у некаторых краінах свету.

«Самыя высокааплатныя дэпутаты ў свеце працуюць у Аўстраліі. Іх штомесячны даход складае 15 400 еўра. У Еўропе больш за ўсіх зарабляюць італьянскія парламентарыі (14 580 еўра). Мае ўкраінскія калегі – крыху больш за 2 000 еўра, расейскія з наступнага года – 5 600 еўра. Самыя «бедныя» дэпутаты краін ЕЗ працуюць у Балгарыі (1 300 еўра). Як вы лічыце, якую заработную плату павінны мець дэпутаты заканадаўчага органа нашай краіны? Якія аптымальныя суадносіны павінны быць з сярэднім заробкам?»

ДР belsat.eu 

Стужка навінаў