Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая хоча, каб міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка прыцягнулі да крымінальнай адказнасці праз цяперашнюю сітуацыю з каронавірусам у Беларусі.
Ганна Канапацкая паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook, што 29 красавіка перадала ў Генеральную пракуратуру заяву з просьбай правесці праверку і прыцягнуць да крымінальнай адказнасці міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка.
Opublikowany przez Анна Канопацкая Środa, 29 kwietnia 2020
У заяве Канапацкай сцвярджаецца, што Каранік зрабіў дзеянні, накіраваныя на «максімальны распаўсюд эпідэміі каронавіруснай інфекцыі на тэрыторыі Беларусі». Акрамя таго, на думку экс-дэпутаткі, міністр увёў у зман наконт узроўня захворванняў і смяротнасці ад каронавіруса «сваё непасрэднага кіраўніцтва і міжнародныя арганізацыі», а таксама дэзынфармаваў насельніцтва наконт небяспекі COVID-19. Канапацкая вінаваціць Караніка ў тым, што ён не выканаў рэкамендацыі САЗ, не забяспечыў медыкаў сродкамі індывідуальнай абароны і г.д.
На думку Канапацкай, дзеянні міністра пацягнулі за сабой масавае захворванне і смерці ад каронавіруса ў Беларусі. Як гаворыцца ў заяве, меркаванай мэтай Караніка было атрымаць матэрыяльную выгаду «у выглядзе дадатковых выплат, прэміяльных узнагароджанняў i іншых мераў матэрыяльнага стымулявання, звязаных з яго непасрэднай службовай дзейнасцю».
Канапацкая заклікае праверыць дзеянні Караніка на наяўнасць складу злачынства паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 307 (непрыняццё мераў па ратаванню людзей), 308 (непаведамленне інфармацыі аб нябяспекі для жыцця людзей), 336 (парушэнне санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў), 427 (службовы падлог), 428 (службовая халатнасць) і 424 (злоўжыванне ўладаю). За ўзгадненнем на прыцягненне да крымінальнай адказнасці міністра аховы здароўя Канапацкая просіць Генпракуратуру звярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі.
Як патлумачыла Ганна Канапацкая ў каментары belsat.eu, яна лічыць, што Каранік маніпулюе дадзенымі аб сітуацыі з каронавірусам у Беларусі, што прыводзіць да дадатковых бюджэтных выдаткаў, якія ідуць «у тым ліку і на яго асабіста». У прыватнасці, экс-дэпутатка заявіла, што Каранік ва ўмовах пандэміі стаў «папулярнай фігурай», што можа таксама быць звязана з «карыснымі мэтамі». Пры гэтым яна дадала, што карысныя мэты не абавязкова звязаныя з грашовым узнагароджаннем.
Канапацкая лічыць, што Каранік аднолькава ўводзіць у падман як насельніцтва, так і сваё кіраўніцтва – прэм’ер-міністра і прэзідэнта. На пытанне belsat.eu, чаму ў заяве на Караніка ўскладаецца адказнасць за непрыняцце мераў па закрыццю школаў і адмене масавых мерапрыемстваў, Канапацкая адзначыла, што менавіта Мінздароўя мусіць выконваць рэкамендацыі САЗ. Тое, што Лукашэнка публічна выступаў супраць каранціну ў школах і забароны масавых мерапрыемстваў Канапацкая лічыць не прынцыповым момантам:
«І што? Мы стараемся жыць у прававой дзяржаве і мусім выконваць законы. Калі Каранік прыйшоў на пасаду міністра аховы здароўя, ён браў на сябе абавязкі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй, законам «аб ахове здароўя» і г.д. І гэта ягоны прамы абавязак ладзіць захады, каб забяспечыць абарону здароўя грамадзянаў. Няма ніводнага нарматыўна-прававога акту кіраўніка дзяржавы, які б забараняў Караніку, напрыклад, забараняць масавыя мерапрыемствы. Толькі, напэўна, баязлівасць Караніка, страх узяць на сябе адказнасць або ягоная некампетэнтнасць не дазволіла яму выдаць загад аб забароне масавых мерапрыемстваў».
ІІ belsat.eu