Ганна Канапацкая абвясціла, што сабрала 100 тысячаў подпісаў


Патэнцыйная кандыдатка на прэзідэнцтва паведаміла ў сваім Facebook, што яна сабрала неабходную для наступнага этапу выбарчай кампаніі колькасць подпісаў.

Ганна Канапацкая паведаміла, што яна сабрала 100 100 подпісаў у сваё падтрыманне.

«Вялікая падзяка сябрам маёй ініцыятыўнай групы і майго штабу. Асобная падзяка кіраўніцтву апазіцыйных партый і рухаў за падтрымку. Без вашай дапамогі было бы цяжка. Толькі разам мы зможам адстаяць нашу Незалежнасць ад крамлёўскай агрэсіі і гібрыднага аншлюсу», – гаворыцца ў паведамленні на афіцыйнай старонцы палітыка.

Пікет у Менску. 31 траўня 2020.
Фота: Belsat.eu

Нагадаем, што для вылучэння ў кандыдаты ў прэзідэнты неабходна сабраць 100 тысячаў подпісаў. Ганна Канапацкая стала ўжо чацвёртым удзельнікам прэзідэнцкай кампаніі, які нібыта набраў неабходную колькасць. Раней аб мільёне подпісаў заяўляў дзейны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Лідарам сярод альтэрнатыўных кандыдатаў стаў Віктар Бабарыка – ён сабраў 230 тысячаў подпісаў. Гэта стала рэкордам за ўсю гісторыю выбараў незалежнай Беларусі. Былы кіраўнік ПВТ Валер Цапкала назваў лічбу ў 119 тысячаў подпісаў.

Сярод іншых кандыдатаў, хто можа хутка набраць патрэбную колькасць – Андрэй Дзмітрыеў, Наталля Кісель і Сяргей Чэрачань. Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю «Белсату» заявіла, што не ведае, колькі зараз за яе падпісалася людзей.

Падпісацца за кандыдатаў на прэзідэнты можна будзе да 19 чэрвеня.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў