Гандбол: правілы гульні засталіся, змяніліся – самыя гульцы

Антысептыкі для рук і паверхняў цяпер абавязковыя для гандбалістаў. Фота: Мілана Харытонава / Belsat.eu

Жаночы гандбольны чэмпіянат Беларусі стаў на паўзу. Другі эшалон мужчынскіх клубаў сезон завершыў. Элітныя ж мужчынскія каманды працягваюць гуляць. Як гэта выглядае ў новых умовах, Belsat.eu распавёў Дзмітрый Лукашэвіч, доктар найлепшага гандбольнага клубу Беларусі – БГК імя Мяшкова.

Следам за светам

Змянілася жыццё ўсяго насельніцтва планеты. Спартоўцы таксама мусілі перагледзець агульныя правілы паводзінаў і прынцыпова памяняць нашы звычкі. Выкараніць неўсвядомленыя дзеянні, якія выконваем цягам дня. Чалавек сотні разоў несвядома дакранаецца да твару: трэ вочы, чухае нос, папраўляе акуляры і іншае. У новай сітуацыі кожны дробны рух трэба абдумваць – як яго выканаць, для чаго, і лішні раз адмовіцца ад гэтага дзеяння. Захаванне сацыяльнай дыстанцыі выйшла на першы план. На шчасце, мы жывем у XXI стагоддзі, у нас ёсць магчымасць мець зносіны онлайн – з дапамогаю камп’ютарных тэхналогіяў: тэлефоны і відэа сувязь. Але, на жаль, мы не можам бачыцца, абдымацца са сваякамі, бацькамі. Гэта даволі цяжка, але кожны спартовец справіцца з гэтым.

Я даўно не бачыў маці, і яшчэ не хутка яе пабачу

Дзмітрый Лукашэвіч ідзе на трэніроўку БГК. Фота: Мілана Харытонава / Belsat.eu

Для мяне мыццё рук і апрацоўванне антысептыкам – нават не абмяркоўваецца. Далей – мінімізацыя зносін з маёй мамай і бацькамі жонкі. Мы не бачыліся ўжо некалькі месяцаў, і мяркую, што яшчэ шмат месяцаў не ўбачымся. Мае дзеці не наведваюць школу і дзіцячы садок. Разам з жонкаю яны знаходзяцца дома, іх кантакты абмежаваныя да мінімальных. Я наведваю толькі працу, таму маю вузкае кола зносінаў. Крамы наведваем выключна ў не папулярны час (раніцай ці ў сярэдзіне дня). Натуральна на доўгі перыяд мы забыліся пра наведванне кінатэатраў, кафэ і рэстаранаў, дзіцячых пляцовак.

Здароўе каманды ў руках кожнага гандбаліста

Дзеля здароўя каманды сочым за паводзінамі кожнага гульца, праводзім санітарна-асветніцкую работу, рэгулярна размаўляем, як варта зараз сябе паводзіць. У камандзе спрабуем укараніць і растлумачыць, што толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам пазбегчы інфікавання. Гандбольная каманда – гэта даволі вялікі калектыў, які мае паміж сабой зносіны шчыльна і штодня. Акрамя гэтага, да кантактаў кожнага дадаецца 3-4 чальцы сямʼі. Я магу быць упэўнены ў сваіх паводзінах, але мы мусім давяраць іншым сябрам каманды. Таму тэхніка бяспекі – гэта частка маёй працы. Я настройваю іх на адпаведныя праблеме паводзіны.

На гасцявыя матчы едзем у дзень гульні

Санітайзер для рук на ўваходзе ў спорткомплекс Вікторыя. Фота: Мілана Харытонава / Belsat.eu

З боку клубу зроблена ўсё магчымае. Мы закупілі дастатковую колькасць антысептыку для апрацоўвання рук, ёсць аднаразовыя маскі, яны выдаюцца спартоўцам. Апрацоўваем паверхні пасля кожнага трэнавання, праводзім кварцаванне распранальні. Выконваем усё, што ў нашых сілах: патрабаванні санітарна-эпідэміялагічных службаў, рэкамендацыі Мінздароўя і САЗ. Раней на выязныя гульні мы ехалі напярэдадні, за дзень да матчу. Цяпер абралі больш цяжкі шлях. Хоць гэта складаней фізічна і з пункту гледжання аднаўлення, аднак едзем у дзень гульні, выходзім на арэну, праводзім матч і адразу ж зʼязджаем.

Ці будзе наступны матч?

Сітуацыя з вірусам працягвае абвастрацца. Чаканы пік, агучаны міністрам аховы здароўя, яшчэ не настаў, медычныя службы працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. Бліжэйшая гульня ў нас запланаваная на 22 красавіка. Ніхто сёння не можа прадбачыць, ці адбудзецца гульня праз тыдзень.

Гуляць з гледачамі альбо без – вырашаюць клубы і гледачы

Гандбалісты БГК імя Мяшкова рыхтуюцца да наступнага матчу чэмпіянату Беларусі. Фота: Мілана Харытонава / Belsat.eu

Беларусы таксама ідуць на пэўныя захады, значна менш наведваюць забаўляльныя ўстановы, у тым ліку спартовыя пляцоўкі. Права вырашыць – гуляць матч чэмпіянату з гледачамі ці не – прадстаўленае клубам. Напрыклад, гульню ў Менску супраць СКА мы праводзілі без гледачоў, гэта было рашэнне кіраўніцтва нашых супернікаў. Пасля гэтага мы былі ў Гомлі, гледачы прысутнічалі, хоць іх было няшмат. Трэба разумець, што вялікая колькасць людзей у закрытым памяшканні – патэнцыйная небяспека.

Гульцы разумеюць сітуацыю

З кожным асобна псіхалагічную працу мы не вядзем. Нашыя хлопцы дарослыя, адэкватныя, дысцыплінаваныя, таму прыслухоўваюцца да рэкамендацыяў медычнай службы. Маё ўражанне такое, што псіхалагічна ўсе спраўляюцца. Няма панічнага настрою, спалоханых твараў. Хоць, вядома, усе непакояцца за сваякоў, асабліва легіянеры, якія родам з краінаў, дзе эпідэмія страшнейшая, чымся ў Беларусі. А мы працуем у штатным рэжыме.

Клуб ашчаджае спартоўцаў

Каманда лекараў БГК працуе на трэнаванні. Фота: Мілана Харытонава / Belsat.eu

Ёсць памылкова меркаванне, што спартоўцы здаровыя і маюць моцны імунітэт. Так, спартсмены моцныя і здаровыя, але трэба ведаць, што пад час піку фізічных нагрузак натуральны імунітэт спартоўцаў зніжаецца, таму тэарэтычна спартовец можа трапіць у групу рызыкі. Вядома, мы гэтую справу абмяркоўвалі з галоўным трэнерам пры планаванні вучэбна-трэнавальнага працэсу, і ён гэтыя фактары абавязкова ўлічыў. Мы аптымізавалі наш трэнавальны працэс так, каб не даваць спартоўцам максімальнай нагрузкі, якая можа ўплываць на зніжэнне імунітэту.

Чароўная пігулка

Трэба разумець, што не існуе такой пігулкі ў аптэцы, якую выпіў, і ў цябе адразу ў разы палепшыўся імунітэт. Імунітэт – гэта сістэма, якая ўмацоўваецца праз рэжыму дня, рэжым і збалансаванасць харчавання, здаровы сон працягласцю не менш за 8 гадзін. Трэба мець у дыеце шмат пітнога, атрымліваць вітаміны, мікра і макра элементы натуральным чынам, з садавіною і гароднінай. Здаецца, я кажу банальныя рэчы, але большаць людзей ігнаруюць гэтыя простыя парады, імкнуцца скарэктаваць свой паніжаны імунітэт медыкаментозна, што не дае асаблівага плёну. Цяпер усім цяпер усім трэба зрабіць акцэнт на самадысцыпліну.

Алесь Ляўчук Belsat.eu

Hавiны