Ганаровы старшыня ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі падаў заяву на выхад з арганізацыі


Беларускі філолаг, перакладчык і грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі заявіў, што пакідае ПЭН-цэнтр.

Адпаведную заяву ён падаў падчас паседжання Рады 29 кастрычніка. Пасля гэтага ў паседжанні ўдзелу ён ужо не браў.

У каментары «Радыё Свабода» Баршчэўскі патлумачыў, што прычынай стаў статутны і грамадска-палітычны аспект. Паводле статуту ПЭНу, рашэнні Рады мусяць прымацца кансэнсусам.

«Маё знаходжанне будзе ім псаваць прыняцце рашэнняў. А паколькі статут не прадугледжвае выхаду з Рады, то я выйшаў з арганізацыі», – сказаў ён.

Таксама літаратара пакрыўдзіла тое, што ПЭН не абараніў яго ад рэзкіх выказванняў апанентаў і крытыкі датычна правядзення ім сходу 26 кастрычніка. Баршчэўскі дадаў, што «ня можа цярпець абразы». Разам з тым, ён не выключае вяртання ў ПЭН, але адбыцца гэта можа не раней за наступны сход.

Выканаўчая дырэктарка ПЭН-цэнтру Таццяна Нядбай распавяла belsat.eu, што Лявон Баршчэўскі сапраўды падаў заяву на выхад з арганізацыі, але яна яе пакуль не прыняла.

«Заява будзе разгледжаная прыкладна праз 2 тыдні на наступным паседжанні Рады», – сказала Нядбай.

Аб’ектыў
За што Паўла Севярынца выключылі з ПЭН-цэнтру?
2019.10.29 21:41

КА belsat.eu

Стужка навінаў