Галадаванне ў турме: як выжыць і перамагчы? Тлумачыць Мікалай Аўтуховіч


Рэжысёр Алег Сянцоў галадае ў расейскай турме ўжо 100 дзён, ён патрабуе вызвалення ўкраінскіх палітвязняў з расейскіх турмаў (на момант абвяшчэння галадоўкі іх было 64 асобы). Belsat.eu пагутарыў з былым палітвязнем Мікалаем Аўтуховічем, які трымаў дзве самыя працяглыя галадоўкі ў беларускіх турмах. Ён распавёў, што адчувае чалавек у падобнай сітуацыі, як магчыма вытрамаць працяглы час без ежы і ці рэальна перамагчы.

У мінулым Мікола Аўтуховіч – паспяховы бізнесовец у Ваўкавыску, актывіст прадпрымальніцкага руху, кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на выбарах 2004 года. Улетку 2006 года яго асудзілі на 3,5 гады зняволення з канфіскацыяй маёмасці нібыта за ўхіленні ад выплаты падаткаў і незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Бізнес Аўтуховіча быў знішчаны, яго прызналі палітвязнем.

Неўзабаве пасля вызвалення Мікалая Аўтуховіча зноў арыштавалі – яго абвінавацілі ў падрыхтоўцы замаху на намесніка міністра па падатках і зборах, старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму, а таксама падпале дому начальніка ваўкавыскай міліцыі. Пракурор прасіў для Аўтуховіча 20 гадоў зняволення, але большая частка абвінавачанняў была знятая, і ўвесну 2010 года ён атрымаў толькі 5 гадоў і 2 месяцы турмы нібыта за захоўванне зброі. Яго ізноў прызналі палітвязнем.

Пасля вызвалення з турмы Аўтуховіч распачаў актыўную грамадска-палітычную і праваабарончую дзейнасць. У снежні 2016 года былы палітвязень стварыў праваабарончую арганізацыю «ТаймАкт».

За час свайго пераследу сілавікамі Мікалай Аўтуховіч некалькі разоў абвяшчаў галадоўкі пратэсту, прычым дзве з іх былі рэкорднымі для Беларусі – 74 (2005-2006 гг.) і 90 дзён (2009 г). Галадоўкі Аўтуховіча можна лічыць паспяховымі, прынамсі часткова. У адным выпадку падчас следства ўдалося дамагчыся пераводу з турмы пад хатні арышт. У іншым выпадку, Аўтуховічу ўдалося спыніць бяздзейнасць следчых, якія адправілі яго ў СІЗА, але некалькі месяцаў адмаўляліся высоўваць афіцыйнае абвінавачванне.

З чаго пачынаецца галадоўка

Мікалай Аўтуховіч распавядае, што здольнасць вытрымаць доўгае галадаванне абумоўленая спалучэннем фізічных магчымасцяў і сілы характару. Да галадоўкі падштурхоўвае безвыходнасць, і калі чалавек вырашаецца на гэты крок, ён можа і не задумвацца пра тое, колькі зможа вытрымаць без ежы.

«Разлічваць на поспех можна толькі тады, калі чалавек вырашаецца галадаць да пераможнага канца. Як было са мной. Мяне запрасілі ва Упраўленне Дэпартаменту фінансавых расследаванняў азнаёміцца ​​з матэрыяламі экспертызы па нашай справе. Там мне апранулі кайданкі. Цягам пяці хвілінаў я быў сведкам, падазраваным і абвінавачваным. Я ведаў, што я нічога не парушаў і што гэта звычайная спроба паквітацца са мною за маю нецярпімасць да карупцыі.

Якое было выйсце? Я заявіў, што абвяшчаю галадоўку, не думаючы пра наступствы і пра тое, ці змагу я вытрымаць. І пазней мне даводзілася шмат разоў шкадаваць.

Знаходзячыся ўжо ў турэмным шпіталі, пасля 60 дзён галадоўкі, у мяне па начах каціліся слёзы з вачэй, я ішоў да канца, але не быў упэўнены, што гэты канец будзе станоўчым для мяне. Я ведаў, што не змагу зрабіць інакш, раз сказаў – трымай слова. Тым больш, што за падзеямі сачыла незалежная прэса», – кажа ён.

Самы складаны этап

У першыя дні галадоўкі арганізм выкарыстоўвае ўласныя энергетычныя рэзервы, таму на гэтай стадыі сур’ёзнай пагрозы здароўю няма. Аднак чалавек можа адчуваць галаўныя болі, слабасць. Праз 3–5 содняў арганізм пачынае прывыкаць да голаду і працягвае шукаць унутраныя крыніцы энергіі – тлушчавыя і цягліцавыя тканіны – што прыводзіць да рэзкай страты вагі. Медыкі сцвярджаюць, што самае небяспечнае на першым тыдні галадоўкі – рэзкае паніжэнне ціску і выпрацоўка печанню кетонаў.

Паводле Аўтуховіча, насамрэч першыя 3–5 дзён – гэта ледзь не самы складаны этап галадоўкі.

«Калі чалавек адмаўляецца ад ежы, ягоны страўнік пусцее. Харчовыя рэчывы ў кішачніку хутка распушчаюцца. У крыві таксама адбываецца паніжэнне пажыўных рэчываў. «Галодная» кроў сігналізуе ў спыжыўны цэнтр голаду, размешчаны ў мазгах, аб змене свайго хімічнага складу. Спажыўны цэнтр узбуджаецца і ўплывае на лобныя аддзелы кары галаўнога мозгу, якія адказваюць за харчаванне. Гэта ўзбуджэнне паступова ахоплівае і іншыя аддзелы галаўнога мозгу, дамінуючы над астатнімі запытамі. Чалавеку вельмі моцна хочацца есці, усе ягоныя думкі скіраваныя на пошукі ежы. Валявым высілкам або пэўнымі працэдурамі чалавек пераадольвае гэтую стадыю, якая доўжыцца ў залежнасці ад канстытуцыі чалавека ад 3 да 5 дзён», – тлумачыць былы палітвязень.

Хто здольны вытрымаць працяглую галадоўку

Мустафа Джэмілеў

Паводле медыкаў, ужо на другім тыдні галадоўкі арганізм можа пачаць перапрацоўваць тканіны жыццёва важных органаў – сэрца і печані. Усе існуючыя праблемы са здароўем галадоўка памнажае. На 3–4-м тыдні ў галадоўніка назіраецца атрафія мышцаў, агульнае паслабленне, запаволенне сардэчнага рытму і цяжкасці апорна-рухальнай сістэмы.

На 4–5 тыдні сімптомы пагаршаюцца. У чалавека можа назірацца пастаяннае галавакружэнне, праблемы са зрокам.

«Незваротныя працэсы пачынаюцца ў арганізме, калі арганізм пачынае спажываць здаровыя клеткі. Спыніць гэта будзе ўжо практычна немагчыма. А калі і выратуюць, то наўрад ці тваё здароўе будзе ранейшым. Асабіста я ў выніку галадавання зарабіў сабе панкрэатыт. Яшчэ павысіўся цукар у крыві, а таксама павысіўся халестэрын», – кажа Аўтуховіч.

Мікалай Аўтуховіч падкрэслівае, што здольнасці чалавечага арганізма вытрымаць працяглае галадаванне наўпрост залежыць ад фізічных магчымасцяў чалавека на момант пачатку галадавання.

«Вельмі цяжка пераносіць працяглыя галадаванні худым людзям. У маёй першай працяглай галадоўцы я за 74 дні страціў 43 кг вагі (важыў 113 кг, а стаў важыць 70). У сярэднім я худнеў за содні на 580 грамаў. Але як чалавеку, да прыкладу, у 75 кг, вытрымаць такое? Гэта практычна немагчыма. Ёсць слушная прымаўка: пакуль тоўсты сохне, худы здохне. Ну і агульны стан здароўе вельмі важны. Калі ў чалавека ёсць праблемы са здароўем, то не варта спакушаць лёс, усё можа скончыцца вельмі хутка і вельмі трагічна. Лічу, што звычайны чалавек, без асаблівых фізічных магчымасцяў можа галадаць без наступстваў ад 20 да 30 содняў», – кажа былы палітвязень.

Якіх правілаў трэба прытрымлівацца падчас галадоўкі

Каб вытрымаць галадоўку, вельмі важна піць як мага больш вады, адзначае Аўтуховіч. У содні трэба выпіваць не менш за 3 літры і часцей мыцца, бо арганізм праз скуру таксама ўбірае вільгаць. Прычым пажадана, каб вада, якую ты п’еш, была якасная: з турэмных кранаў часцяком цячэ брудная вада, якая здольная яшчэ больш падарваць здароўе вязня.

«Мінеральная негазаваная вада вельмі дапамагла мне пратрымацца даўжэй. Ну і, вядома, трэба берагчы калорыі, мінімум фізічных нагрузак, каб павялічыць тэрміны галадання. Бо невядома, як хутка вырашыцца тваё пытанне», – тлумачыць Аўтуховіч.

Галадоўка на позняй стадыі: як гэта выглядае

«У мяне быў ужо крытычны стан здароўя, – Аўтуховіч згадвае фінал сваёй галадоўкі ў 2006-м, – здараліся непрытомнасці. Адміністрацыя турмы тэрмінова вывезла мяне ў абласны шпіталь ў Горадні. Там ўзялі ўсе аналізы і схапіліся за галаву. Сказалі, што жыць мне засталося пару дзён і прапанавалі лячэнне. Я адмовіўся. Па дарозе ў турму мне зноў стала дрэнна, я працяглы час быў без прытомнасці. Мне ставілі кропельніцы, напэўна без прыпынку. Не памятаю, колькі я быў без прытомнасці, але, калі ачуняў, адчуў сябе нашмат лепш. Я адразу папрасіў, каб мяне адправілі з санчасткі ў камеру. Калі я стаў абуваць гумовыя тэпцікі, то мае ногі ў іх не ўваходзілі – пайшла ацёчнасць, ногі сталі на два памеры больш. Такое адбываецца ад вялікай колькасці кропельніц і няправільнай дазоўкі падачы лекаў. Мне тады пашанцавала. Я дамогся свайго. Я ўжо не мог самастойна перасоўвацца, і мяне вызвалілі, дакладней замянілі турму на хатні арышт».

У медычнай літаратуре сцвярджаецца, што на шостым тыдні галадавання ўжо можа з’явіцца рэальная пагроза смерці. Узнікаюць праблемы з мазгавой дзейнасцю, чалавек практычна не перасоўваецца, у яго запаволеныя рэакцыі, частку часу галадаючы знаходзіцца без прытомнасці.

Аўтуховіч у сваю чаргу адзначае, што праблемы з мазгавой дзейнасцю – зусім не абавязковы сымптом падчас галадоўкі.

«Пасля 70 дзён галадоўкі я мог перасоўвацца толькі абапіраючыся на сцяну. Сілы паступова пакідалі мяне. Але ніякіх адхіленняў у псіхіцы не было. Ты звычайны чалавек, толькі вельмі знясілены. Я да апошняга нават жартаваў з персаналам», – успамінае ён.

Медыкі сцвярджаюць, што незваротныя наступствы для здароўя чалавека наступаюць у сярэднім на 30–40-я содні галадавання. Зразумела, мова вядзецца пра галадаване, падчас якога чалавек ужывае багата вадкасці. Без вады чалавек памірае на 7–10 дзень.

Аўтуховіч звяртае ўвагу: асобная праблема – выйсці з галадоўкі. Калі адразу шмат з’есці, то можна проста памерці.

«Пасля першай 30-дзённай галадоўкі я трапіў у шпіталь і ледзь не памёр. Ніхто не вучыў, як правільна трэба выходзіць з галадоўкі, вось па неспрактыкаванасці я і дарваўся да смачнай ежы», – кажа ён.

Што такое прымусовае кармленне

Пры працяглай галадоўцы турэмная адміністрацыя можа паддаваць вязня прымусоваму кармленню. Звычайна ў такіх выпадках ногі і рукі зняволенага прывязваюць да ложку, заціскаюць нос і рычагом, устаўленым паміж дзёснамі, адкрываюць рот. У рот пры гэтым ўліваюць курыны булён. Вядома, жорсткасць працэдуры залежыць ад таго, наколькі вязень супраціўляецца.

У Беларусі ў 2012 годзе праз прымусовае кармленне прайшоў віцебскі актывіст, палітвязень Сяргей Каваленка. Мікалай Аўтуховіч, праўда, з гэтым не сутыкнуўся:

«Мяне палохалі прымусовым кармленнем, але не рызыкнулі гэтага зрабіць. Ад любых супрацьпраўных дзеянняў адміністрацыі, можна знайсці супрацьдзеянне, нават ад прымусовага кармлення. Наступная прыступка пратэсту – гэта разрэзаць на руках вены. Калі прэсінг адміністрацыі працягваецца, людзі разразаюць сабе жывот. Далей разразаюць шыю. Хоць рэзаць шыю вельмі небяспечна, асабліва ва ўмовах турмы. У Гарадзенскай турме мне не дадалі новы тэрмін толькі таму, што я абяцаў парэзаць сабе шыю, калі яны незаконна засудзяць мяне», – распавядае Аўтуховіч.

Метады ціску на галадоўніка

У сваю чаргу ў турэмнай адміністрацыі ёсць уласныя, не настолькі брутальныя метады ціску на чалавека, які абвесціў галадоўку. Напрыклад, яго могуць пасадзіць у камеру да тых зняволеных, якім рэгулярна перадаюць прадуктовыя перадачы.

«Гэта такая тонкая подласць. Уяўляеце, тры чалавекі садзяцца і на тваіх вачах ядуць, напрыклад, курыцу-грыль. Пах ідзе па ўсяму корпусу, а ты, галадаючы, знаходзішся ў эпіцэнтры гэтага банкету, у цябе выдзяляецца велізарная колькасць сліны».

Трагічныя наступствы

Мемарыял загінулым у выніку галадавання чальцам ІРА. Фота – wikimedia.org

Самая працяглая палітычная галадоўка з вядомых на дадзены момант – гэта галадоўка савецкага дысідэнта, лідара крымскіх татараў Мустафы Джэмілева. Ён сцвярджае, што ў 70-х галадаў 303 дні – праўда, цягам гэтага тэрміну яго прымусова кармілі. У ліку самых працяглых пратэстаў такога кшталту таксама знаходзіцца галадаванне акадэміка, лаўрэата Нобэлеўскай прэміі Андрэя Сахарава (178 дзён – таксама з улікам прымусовага кармлення) у 1985 годзе і кубінскага дысідэнта Гільерма Фарыньяс Эрнандэс (133 дні) у 2010 годзе.

У сучаснай гісторыі быў шэраг прыкладаў, калі зняволеныя ў выніку палітычнай галадоўкі паміралі. Найбольш вядомы – гэта масавая галадоўка сябраў Ірландскай рэспубліканскай арміі ў брытанскай турме Мэйз ў 1981 годзе. Чальцы ІРА патрабавалі, каб урад прызнаў іх палітвязнямі, каб іх не прымушалі працаваць і насіць турэмную форму, а таксама высунулі шэраг іншых патрабаванняў. Урад Вялікай Брытаніі не пайшоў насустрач вязням турмы Мэйз, у выніку чаго памерлі 11 з 23 актывістаў ІРА. Вязні, якія памерлі, галадавалі ад 59 да 73 дзён.

Смяротнай аказалася і пратэстная акцыя савецкага дысыдэнта Анатоля Марчанкі ў 1986 годзе. Ён галадаваў цягам 117 дзён, палітвязня кармілі прымусова. Праз 12 дзён пасля заканчэння галадавання ён памёр ад сардэчна-сасудзістай недастатковасці ў турэмным шпіталі. Лічыцца, што трагічны лёс Марчанкі была адным з фактараў, якія падштурхнулі лідара СССР Міхаіл Гарбачова да вызвалення савецкіх палітычных зняволеных.

«Вельмі хвалююся за Алега Сянцова, – прызнаецца Мікалай Аўтуховіч, – Думаю, што Пуцін, калі ён не дурань, не дапусціць смерці Сянцова, бо ўвесь свет сочыць за ягоным лёсам. Навошта Пуціну смерць чалавека, якую адразу павесяць на яго? Хоць такім людзям гэта абыякава – адной смерцю больш ці менш. Ведаю адно: ворагаў у Пуціна і праблемаў стане значна больш».

Ігар Ільяш, belsat.eu

Стужка навінаў