Футбол і вайна. Топ-3 найбольш палітычна небяспечных футбольных матчаў

  1. Чэмпіянат свету па футболе ў 2018 годзе адбываецца ў Расеі, адносіны якой з суседзямі і краінамі Захада дасягнулі ці не самага кепскага ўзроўню з часоў знікнення СССР.

Сёлета спаборніцтва Расеі і Англіяй (пасля справы Скрыпалей), Ірана і Саўдаўскай Аравіі (на фоне супрацьстаяння ў Сірыі і Емене) – могуць несці «палітычную нагрузку», калі, натуральна, гэтыя каманды выйдуць са сваіх групаў і такія матчы адбудуцца.

Мы згадаем найбольш палітычна канфліктныя футбольныя матчы, якія адбыліся ў ХХ стагоддзі.

1969 год. Футбольная вайна

У 1969 годзе зборныя Гандурасу і Сальвадора сустрэліся ў кваліфікацыйных гульнях на Чэмпіянат свету па футболе 1970 года. Першыя бойкі паміж фанатамі (Сальвадор быў незадаволены дзеяннямі Гандураса супраць сальвадорскіх мігрантаў, пераважна сялянаў) адбыліся 8 чэрвеня ў сталіцы Гандураса. Яны працягнуліся ў гульне 15 чэрвеня ў сталіцы Сальвадора. Апошняя гульня адбылася 26 чэрвеня ў Мехіка.

Сальвадорскія знішчальнікі Corsair, якія ўдзельнічалі ў Футбольнай вайне. Фота worldwarwings.com

У гэты ж дзень Сальвадор разарваў усе дыпламатычныя адносіны з суседам і абвінаваціў Гандурас у генацыдзе праз антыімігранцкую палітыку гэтай краіны, а 14 ліпеня 1969 года атакаваў суседнюю краіну на зямлі і ў паветры.

Вайна, якая таксама атрымала назоў «Вайна 100 гадзін», завяршылася перамір’ем 20 ліпеня. З абодвух бакоў загінулі каля 3000 асобаў – як вайскоўцаў, гэтак і мірных жыхароў. Палітычнае статус-кво было адноўленае.

1986 год. Футбольны рэванш

У красавіку 1982 года Аргентына атакавала Фалклендзкія выспы, якія належалі Вялікай Брытаніі. Канфлікт прывёў да маштабнага вайсковага канфлікту з удзелам тысячаў жаўнераў, дзясяткаў караблёў і сотняў баявых самалётаў. Праз два месяцы брытанцы адбілі Фалкленды, а з абодвух бакоў загінула каля 1000 асобаў.

«Гол стагоддзя» Марадоны падчас матчу супраць ангельцаў у 1986 годзе.

Праз чатыры гады Ангельшчына і Аргентына сустрэліся ў чвэрцьфінале Чэмпіянату свету ў Мехіка, але раны вайны яшчэ не зажылі. Дыега Марадона пазней распавядаў, што аргентынская футбалісты ішлі на поле, згадваючы «як загінула шмат нашых хлопцаў».

Аргентынскія гульцы з постарам «Мальвінскія (Фалклендзкія) выспы – гэта Аргентына». Фота wsj.net

Жаданне помсты і майстэрства дапамаглі аргентынцам перамагчы 2:1. Гэта стала пэўным маральным рэваншам Аргентыны за прайграную вайну.

1990 год. Матч за незалежнасць

У канцы 1980-х і пачатку 1990-га году Югаславія ўжо стаяла на мяжы распаду – у Славеніі і Харватыі ўладу ўзялі антыкамуністычныя незалежніцкія сілы, а Сербія пад кіраўніцтвам Слабадана Мілошэвіча заяўляла, што не спыніцца перад парушэннем канстытуцыі краіны, каб не дапусціць змены камуністычнага сербскага кіраўніцтва на чале адзінай дзяржавы.

Банэры фанатаў заграбскага «Дынама»

13 траўня 1990 года на стадыёне «Максімір» у харвацкім Заграбе пачалася гульня Югаслаўскай футбольнай лігі паміж «Дынама» (Заграб) і «Чырвонай зоркай» (Белград). Каманды мелі тысячы верных фанатаў і традыцыйнае спаборніцтва за лідарства ў югаслаўскім чэмпіянаце. Аднак зараз матч набыў характар палітычнага і этнічнага супрацьстаяння.

Бойкі паміж фанатамі пачаліся яшчэ да гульні, аднак галоўныя падзеі адбыліся на самім стадыёне. У выніку фанаты з абодвух бакоў прарвалі кардоны паліцыі, якая ўжывала дубінкі і слезацечны газ, і пачалі бойку паміж сабой, закідваючы ворагаў камянямі, адарванымі крэсламі, ужываючы нажы. Пазней паліцыя атрымала падмацаванні, у тым ліку вадамёты і бронеаўтамабілі, і аднавіла парадак. Пацярпелі сотні чалавек, з іх сурʼёзна – каля 60.

Званімір Бобан і паліцэйская дубінка. Фота thesefootballtimes.co

Сярод хаосу на полі ў абʼектыў фотакамер патрапіла супрацьстаянне капітана заграбскага «Дынама» Званіміра Бобана з паліцэйскімі, якія білі дынамаўскіх фанатаў. У адказ Бобан, які раней граў у італьянскім «Мілане», атрымаў удар паліцэйскай дубінкай – і стаў сімвалам харвацкага патрыятызму.

Матч стаў пачаткам канца не толькі для югаслаўскай футбольнай лігі, але і для самой Югаславіі. Супраціў Белграду паказаў Славеніі і Харватыі, што Югаславію немагчыма пераўтварыць у канфедэрацыю, што трэба дамагацца незалежнасці. Клубы Славеніі і Харватыі пакінулі югаслаўскую лігу ў 1991 годзе, калі пачаліся войны за незалежнасць гэтых двух краінаў, а ў 1992 годзе знікла і ліга, і, фактычна, уласна Югаславія.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Hавiны