Франак Вячорка: «Google» ўжо пахаваў беларускую мову»

Франак Вячорка для Прасвета

Франак Вячорка: «Google» ўжо пахаваў беларускую мову, а беларусы не здольныя змагацца за свае правы»Ці есць прасвет? Уключыце гук, каб даведацца больш у інтэрв'ю Alina Koushyk з віцэ-прэзідэнтам «Digital Communication Network» Францішак Вячорка (Franak Viačorka)

Opublikowany przez «Прасвет» на «Белсаце». Рэальная карціна свету Czwartek, 26 września 2019

Што ў Беларусі найлепшае, а што найгоршае ў свеце? Аліна Коўшык у Ерэване запісала інтэрв’ю з віцэ-прэзідэнтам «Digital Communication Network» Францішкам Вячоркам.

Сёння мы, двое беларусаў, сустракаемся зусім незвычайна, у Ерэване. У звязку з тым маё першае пытанне будзе такое. Як беларусаў успрымаюць у свеце? Як рэагуюць на тое, калі кажаш, што ты беларус?

Пра Беларусь амаль нічога не ведаюць. Ні ў Ерэване, ні ў Вашынгтоне, ні ў Сіднэі. Ёсць, безумоўна, стэрэатыпы: Лукашэнка, Чарнобыль, расейскія ўплывы, але ў цэлым Беларусь – самая недаадкрытая краіна ані еўрапейцам, ані сусветнай супольнасці. Турысты ў Беларусь не прыязджаюць. У прынцыпе, навіны з Беларусі не праходзяць фільтр беларускіх межаў. Чаму? Таму што няма беларускіх лабістаў, няма арганізаванай моцнай беларускай дыяспары. Няма асаблівага інтарэсу і ў міжнародных арганізацыяў. Ім камфортна, што ёсць такая буферная зона паміж умоўнай Расеяй і ўмоўным Захадам, і лепш яе не чапаць. На жаль, многія змірыліся з тым, што ў Беларусі ёсць Лукашэнка, ён навечна, і лепш не варушыць, каб не пахла.

Як выглядае Беларусь у параўнанні з іншымі краінамі?

Беларусь, як і любая аўтарытарная краіна, здзіўляе турыстаў. Вылучаецца арганізаванасцю, парадкам, правіламі. Беларусы – усходнееўрапейскія немцы, якія строга кіруюцца прынцыпамі, завядзёнкамі і законамі. Як бы там ні казалі, беларусы пераходзяць на зялёнае святло. Беларусы ходзяць на выбары, таму што ёсць такі рытуал, таму што трэба хадзіць. Гэта і добра, і кепска. Добра, таму што ў будучыні, калі Беларусь будзе праходзіць праз дэмакратычную трансфармацыю, у нас гэта пройдзе нашмат хутчэй і лягчэй, чым, напрыклад, у Арменіі ці Украіне. Кепска, таму што беларусы не здольныя змагацца за свае правы, выходзіць на вуліцу. Рэвалюцыя не робіцца па законах. Каб зрабіць рэвалюцыю, трэба парушыць правілы, парушыць стандарты. Рэжым гэта ведае, рэжым гэтым карыстаецца. Але такіх краінаў, як Беларусь, насамрэч у свеце не так шмат. Калі параўноўваць і нашую працаздольнасць, і грамадскі патэнцыял, эканамічны, нацыянальны і культурны – у нас фантастычныя перспектывы. У беларусаў усё наперадзе.

У чым мы найгоршыя ў свеце? У чым мы найбольш адстаём?

Мы самаізаляваныя. Мы абыякавыя. Мы занадта асцярожныя і часам баязлівыя. Мы баімся пераменаў. Нам камфортна ў тым статус-кво, у якім мы жывем. Людзі, асабліва старэйшае пакаленне, настальгуюць па марозіве за 11 капеек, па бясплатных школах, універсітэтах і праездзе ў грамадскім транспарце. Таму нам вельмі цяжка ступіць на рынкавыя рэйкі. Што кепска і чаго недастаткова – гэта інтэграцыі ў міжнародную супольнасць. Беларусы мала ездзяць, мала вучацца за мяжой. Мала маюць міжнароднага досведу і вельмі кепска ведаюць англійскую мову. Студэнты пасля завяршэння беларускіх універсітэтаў не могуць будаваць свае фірмы ці працягваць інвестыцыі ў краіну толькі таму, што ў іх няма кантактаў і няма замежнай мовы. Я думаю, што гэта першае, на чым трэба сфакусавацца кіраўнікам беларускай сістэмы адукацыі. На чым трэба будзе сканцэнтравацца падчас дэмакратычных пераменаў і трансфармацый – гэта адукацыя, інтэграцыя беларускага грамадства ў міжнародную супольнасць, найперш у еўрапейскую.

Ці ёсць штосьці такое, у чым мы найлепшыя? Пра што можам сказаць, што беларусы чэмпіёны па…

Я думаю, што пакуль мы чэмпіёны па парадоксах, канфузах, гістарычных непаразуменнях. Мы заўжды вылучаліся сярод іншых краінаў рэгіёну, не заўжды ў лепшы бок, але гэта можна скарыстаць і на карысць турыстычнага патэнцыялу. Беларусь, напэўна, апошняя краіна з постсаўка, якая сыходзіць з камунізму праз 30 гадоў пасля 89 года. Якая нарэшце адмаўляецца ад камуністычнай ідэалогіі як прыярытэтнай дзяржаўнай. Чым ганарыцца? Мы нічым не лепшыя за іншых. Мы не найлепшыя ў свеце. Мы нармальныя, мы роўныя. Мы такія самыя еўрапейцы, як і іншыя краіны. Таму нам папросту трэба прыняць гэтую нармальнасць, перастаць скардзіцца на тое, што мы такія няшчасныя, нам нічога не свеціць, што мы маленькая краіна і бедная. Не, мы нармальныя. Мы можам быць такімі самымі заможнымі, паспяховымі, прагрэсіўнымі, як палякі, як скандынаўскія краіны. Мы можам перамагаць у інтэлектуальных спаборніцтвах, у эканамічных гонках, мы можам ствараць унікальныя сусветныя прадукты. Папросту нам трэба прыняць гэта як факт, што мы нармальныя. Мы такія самыя еўрапейцы, як і іншыя краіны-сябры Еўрапейскага Звязу. Чым раней мы гэта прымем, тым хутчэй мы будзем інтэгравацца з Захадам.

Што кожны з нас можа зрабіць для таго, каб Беларусь была больш распазнавальная ў свеце? Што мы можам рэальна зрабіць для прасоўвання брэнду Беларусі?

Трэба апавядаць пра Беларусь, трэба ствараць кантэнт, трэба ўдзельнічаць у грамадскіх працэсах. Ёсць сацыяльныя сеткі, якія адкрываюць кожнаму магчымасць піярыць сваю краіну, піярыць сваё жыццё, апавядаць свае гісторыі. Мы занадта сціплыя. Мы не апавядаем пра тое, чым жывем. Мы не апавядаем пра тое, чым жыве наш раён, горад Менск, Баранавічы ці Маладзечна. Мы не апавядаем аб праблемах: карупцыя, страх, абмежаванне, рэпрэсіі, міліцэйскі гвалт – з чым сутыкаецца амаль кожны беларус. Мы пра гэта не апавядаем ані іншым беларусам, ані свету. Мы жывем у сваіх маленькіх коканах, маленькіх супольнасцях, маленькіх гета, якія самі для сябе ствараем, і баімся вырвацца вонкі, а гэта трэба рабіць. На нацыянальным узроўні трэба запрашаць людзей у Беларусь і трэба паўсюль гаварыць як пра добрае, так і пра кепскае. І кепскае трэба абавязкова ўздымаць і спрабаваць вырашаць разам. Нам не трэба вынаходзіць ровар, нам не трэба зноў праводзіць прыватызацыю эксперыментальнымі ваўчарамі і законамі, як гэта было ў 90-ыя гады. Усё ўжо вынайдзена. Мы бачым паспяховыя мадэлі і мадэлі, якія праваліліся. Усё, што нам трэба, – гэта скапіяваць тое, што працуе, і прывесці да нейкай працоўнай мадэлі ў нашай краіне на ўзроўні нацыянальнага, дзяржаўнага і лакальнага кіравання.

Ты ў сваіх сацыяльных сетках закрануў пытанне «Google» і падтрымання беларускай мовы. А дакладна – непадтрымання беларускай мовы: «Google» скарачае падтрыманне гэтак званых малых моваў, хоць для нас беларуская мова зусім не малая. Ці мы, як журналісты, як супольнасць, можам штосьці зрабіць, каб паўплываць на гэтыя рашэнні вялікага сусветнага канцэрну?

«Google» сапраўды не прапускае беларускамоўных ролікаў на рэкламу на «YouTube» ды іншых сваіх платформах. Яны лічаць, што мала кантэнту ствараецца на гэтай мове, яны спынілі падтрымку, яны перасталі наймаць людзей, якія вычытваюць гэтую мову. І сапраўды беларускамоўным каналам і медыям немагчыма раскруціцца, бо кантэнт папросту не прапускаюць. Гэта дурасць. Ёсць шмат моваў у свеце, у Еўропе, якія маюць і ў дзесяць разоў менш носьбітаў, чым беларуская мова. Але тое, што мы мала гуглім па-беларуску, мала пішам па-беларуску, мала глядзім рэпартажаў на «Белсаце» ці навінаў на радыё «Свабода», прывяло да таго, што «Google» перастаў нас успрымаць усур’ёз. Калі ААН пазначае беларускую мову як пад пагрозай, то «Google» ўжо пахаваў беларускую мову. Я думаю, гэта таксама праблема лабіявання. Усім людзям, якія ёсць у інтэрнэце, маюць замежныя кантакты, трэба лабіяваць на карысць сваёй культуры, сваіх інтарэсаў, свайго кантэнту і патрабаваць, каб беларуская мова прызнавалася. Я думаю, што, калі б дзяржава парупілася, было б прасцей. Але спадзяванняў на цяперашнюю дзяржаву, на цяперашнюю ўладу няма. Яны за 25 гадоў кіравання не дабіліся, каб быў паўнавартасны офіс «Google». Яны не дабіліся, каб была асобная рэгіянальная зона для Беларусі, для кінавідэапракату. Усе міжнародныя фільмы, галівудскія стужкі прадаюцца найперш у Расею, якая адказвае за Беларусь. Дзяржава павінна рупіцца, каб Беларусь прызнавалася асобнай тэрыторыяй, а не перыферыяй Масквы. Пакуль дзяржавы няма, павінна быць грамадзянская супольнасць.

Дзякуй вялікі за размову.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «ПраСвет» 26.09.2019

Іншыя тэмы выдання:

 

Hавiны