Фольк-фэст і забег на шпільках: як у Менску адзначаць Дзень гораду?


Іван Кірчук спявае абрадавыя купальскія песні пад акампанемент “чарадзейскага” бубна на монаспектакли “Дарожка мая” у Менску.

14 і 15 верасня ў Менску пройдуць святкаванні Дня гораду. Дэталямі свята падзяліліся ў Менгарвыканкаме.

Гэтак, у дворыку Нацыянальнага гістарычнага музею пройдзе фэст беларускай традыцыйнай музыкі «Rajok», на якім выступяць гурты «Vuraj», «Re1ikt», «H.S.P»., лідар «Троіцы» Іван Кірчук, аўтэнтычныя калектывы «Варган», «Рада», сёстры Лук’яновіч з Палесся ды іншыя. Запланаваныя конкурс маладых фальклорных калектываў, майстар-класы гульні на народных інструментах, вечары народных танцаў, свята габрэйскіх песень і танцаў «Zingeray».

Каля спарткомплексу «Чыжоўка-Арэна» з раніцы 14 верасня стартуюць дзіцячыя спаборніцтвы на бегавелах SpeedRacer, эстафету ў якіх забяруць аўтамабільныя спаборніцтвы «Minsk Street Attack 2019». Пасля можна будзе падтрымаць удзельніц забегу на шпільках не ніжэйшых за 5 см.

У парку імя 900-годдзя Менску за «Чыжоўка-Арэнай» пройдуць выязныя цырымоніі рэгістрацыі шлюбу, а ў Парку экстрэмальных відаў спорту на Сталетава, 1 – моладзевы фестываль вулічнай культуры і спорту «Minsk Street Summit 2019».

Дзяржаўны літаратурны музей імя Янкі Купалы прысвяціў гісторыі Менску квэст «Код Купалы», прайсці які можна будзе 14 верасня.

У скверы на вуліцы Сердзіча запланаваныя «Спартыўны парад», гонкі на роварах, роліках, самакатах, жартоўныя забегі дарослых і дзяцей, а ў парку імя Уга Чавэса – фестываль «Family Party».

З поўнай праграмай святкаванняў можна азнаёміцца па спасылцы.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў