Фітапрэпараты з Данбасу: новыя факты пра гандаль Беларусі з «ЛДНР»

На працягу ўсёй вайны на Данбасе з захопленага сепаратыстамі Данецку ў Беларусь пастаўлялася фітапрадукцыя фармацэўтычнай кампаніі «ЛекФарма «Адоніс». Фітагарбаты з АРДЛА (Асобныя раёны Данецкай і Луганскай вобласцяў – менавіта гэтак у Кіеве называюць падкантрольныя «ЛДНР» тэрыторыі) і цяпер можна набыць у аптэках па ўсёй Беларусі.

Belsat.eu ужо некалькі гадоў расследуе гандлёвыя сувязі Беларусі з «ДНР» і «ЛНР», аднак звычайна гаворка ідзе пра экспарт на падкантрольныя баевікам тэрыторыі. Толькі аднойчы мы сутыкнуліся з выпадкам імпарту. Гандаль фармацэўтычнай прадукцыяй раней наагул не фіксаваўся.

Пастаўкі без пасярэднікаў

Як сведчаць дадзеныя сайту tabletka.by, фітагарбаты гандлёвай маркі «Доктор плюс» ад данецкага прадпрыемства «ЛекФарма «Адоніс» можна набыць у аптэках у Менску, усіх абласных і часткі раённых цэнтраў Беларусі. На ўпакоўкі пазначана месца вытворчасці – г. Данецк, Украіна. Пасведчанне аб рэгістрацыі вытворца атрымаў у 2016 годзе – у той час, калі Данецк ужо даўно кантраляваўся баевікамі «ДНР». То бок гарбата была выраблена ўжо пасля пачатку ваеннага канфлікту.

Фітагарбата з Данецку ў Беларусі. Фота прадстаўлена чытачом

Імпарцёр фітапрэпаратаў – менскае ТАА «Юміткам». У кампаніі «ЛекФарма «Адоніс» нам паведамілі, што «Юміткам» – афіцыйны дыстрыб’ютар прадукцыі данецкага прадпрыемства ў Беларусі.

У менскай фірме таксама не хаваюць гандаль з АРДЛА. Выканаўчы дырэктар Жанна Зайко ў размове з belsat.eu паведаміла, што «Юмітком» працуе з Данецкам ужо больш за дзесяць гадоў і вайна не спыніла гандаль, а толькі ўскладніла маршрут дастаўкі.

«Раней пастаўкі ішлі наўпрост з Украіны. Цяпер ідуць праз тэрыторыю Расеі – у гэтым асноўная праблема. Але мы застаемся наўпроставым імпарцёрам, працуем без пасярэднікаў», – адзначыла яна.

На сайце «Юмітком» эмблема гандлёвай маркі «Доктор плюс» пазначана ў спісе пастаянных партнёраў

Такім чынам, «Юмітком» працуе з Данбасам без выкарыстання фірмы-пракладкі ў Расеі (звычайная схема для гандлю Беларусі з «ЛДНР»). Тлумачыцца гэта проста: нягледзячы на тое, што «ЛекФарма «Адоніс» ужо 5 гадоў працуе на непадкантрольнай Кіеву тэрыторыі, кампанія захоўвае ўкраінскую рэгістрацыю. Пра гэта сведчаць дадзеныя Міністэрства юстыцыі Украіны.

 

Скрыншот з usr.minjust.gov.ua

Дарэчы, выпадак не ўнікальны: у 2017 годзе мы пісалі пра тое, што шумілінскае прадпрыемства «Слаўпрадукт» пастаўляе гарэлку ў «ДНР» на адрас прадпрыемства, што захавала дзяржаўную рэгістрацыю ва Украіне.

З клану «данецкіх»

ТАА «ЛекФарма «Адоніс» было створана ва Украіне яшчэ ў 2001 годзе. Заснавальнік – Цімур Валітаў, вядомы данецкі бізнесовец. Валітаў – зяць Таццяны Бахцеевай, якая тройчы абіралася ў Вярхоўную Раду (двойчы ад Партыі рэгіёнаў Віктара Януковіча і адзін раз ад «Апазіцыйнага блоку»). Бахцеева восем гадоў узначальвала парламенцкі камітэт па ахове здароўя, лічыцца вельмі ўплывовай фігурай у медычнай галіне Украіны, а таксама чалавекам з блізкага асяроддзя алігарха Рыната Ахметава.

Праца «ЛекФарма «Адоніс» працягнулася і пасля таго, як Данецк захапілі баевікі «ДНР». «Міністэрства прамысловасці і гандлю» сепаратыстаў на сваім сайце рэкламуе прадпрыемства Валітава, як адну з самых буйных і паспяховых фармацэўтычных кампаніяў у «ДНР».

Зыходзячы з гэтага можна зрабіць выснову, што «ЛекФарма «Адоніс» плаціць грошы ў бюджэт «ДНР», што праваахоўныя органы Украіны нярэдка кваліфікуюць як фінансаванне тэрарызму. Аднак у адказе на запыт СБУ паведаміла, што ў крымінальных вытворчасцях «ЛекФарма «Адоніс» на дадзены момант не фігуруе.

Нагадаем, паводле ўкраінскага заканадаўства, забаронены любы гандаль з прадпрыемствамі, што знаходзяцца на падкантрольных баевікам тэрыторыях. Такі гандаль фактычна прыраўноўваецца да кантрабанды. Аднак у кампаніі «Юміткам» не бачаць нічога дрэннага ў імпарце з АРДЛА.

«Мы працуем з Данецкам. І для нас Данецк – гэта Украіна», – адзначыла топ-менеджар.

У адказ на пытанне belsat.eu, ці не баяцца ў кампаніі санкцыяў з боку ўкраінскіх уладаў, Жанна Зайко адзначыла:

«Мы гэтак глыбока не думалі. Імаверна, больш пытанняў мусіць быць да данецкай кампаніі, а не да нас».

Імпарт-экспарт

Ці экспартуе Беларусь сваю фармацэўтыку ў «ЛДНР»? У 2016 годзе данецкі дзелавы партал DNR-live паведамляў, што доля беларускіх лекаў у аптэках «ДНР» складае толькі каля 0,4 – 1 %. Прычым на дадзены момант няма доказаў, што гэты адсотак складаўся менавіта з наўпроставых паставак, а не чыстага рээкспарту.

У любым выпадку, прысутнасць беларускіх кампаніяў на фармацэўтычным рынку «ЛДНР» не ідзе ў параўнанне з маштабамі прысутнасці Беларусі на рынку харчоў і алкаголю. Той жа партал DNR-live ацэньваў долю беларускіх спажывецкіх тавараў у «ДНР» прыкладна ў 25 %.

Як «гаманец» баевікоў ДНР звязаны з Беларуссю. Новыя факты пра бізнес на вайне

Ігар Ільяш belsat.eu

 

Hавiны