Фільм пра беларуса, над якім ставілі эксперыменты нацысты. Ён жыве ў Горадні


Глядзіце на нашым сайце прэм’еру фільма «Нешта накшталт татуіроўкі» пра беларуса, які стаў ахвяраю доктара Мэнгеле і выжыў.

Захару Тарасевічу было восем, калі ягоную сям’ю прыгналі ў лагер смерці Аўшвіц-Біркенаў. Ён добра памятае доктара Менгэле, які ставіў над ім і ягонымі сёстрамі медычныя эксперыменты. У лагеры загінула ўся сям’я героя стужкі, апрача бацькі, які ў той час быў у партызанах.

І штогод 21 студзеня, на Дзень памяці ахвяраў Халакосту, спадар Тарасевіч прыязджае туды, каб аддаць даніну памяці родным і распавесці сваю гісторыю шматлікім турыстам. Пры гэтым герой фільму не ведае ніводнай замежнай мовы.

У 2016 годзе ён пабываў у Аўшвіцы двойчы: улетку яго запрасілі на сустрэчу з Папам Рымскім. У гэтым падарожжы яго суправаджаў рэжысёр Максім Швед. «Захар Захаравіч – шчыры і неабыякавы чалавек, – распавядае ён «Белсату». – І як старшыня Гарадзенскага аб’яднання былых вязняў нацысцкіх лагераў смерці робіць усё магчымае, каб змяніць іх становішча ў Беларусі, якое лічыць несправядлівым».

Максім Швед кажа, што найбольш яго ўразілі паводзіны турыстаў у найбуйнейшым лагеры смерці, на якія ён звяртае ўвагу ў сваёй стужцы.

Фільм зняты пад кіраўніцтвам вядомых беларускіх дакументалістаў Віктара Аслюка і Вольгі Дашук.

Інга Астраўцова, belsat.eu

Стужка навінаў