Фільм «Белсату» пакажуць на фестывалі ў Іспаніі. Пра што ён?


Кароткаметражная стужка рэжысёра Андрэя Куцілы «Мне трэба поціскаў» – у праграме міжнароднага іспанскага кінафестывалю. Гэта кранальная гісторыя пра спаралізаваную ад нараджэння паэтку Таццяну Бабрыцкую ды ейную маці.

48-ы Міжнародны кінафестываль ва Уэсцы (Huesca International Film Festival) праходзіць у іспанскім «Teatro Olimpia». Праз пандэмію ўсе фільмы дэманструюцца бясплатна і на онлайн-платформе фестывалю.

«Гэты адборачны кінафестываль на «Оскар», у ім сапраўды прэстыжна ўдзельнічаць. Для стужкі «Мне трэба поціскаў» гэта ўжо трэці такі кінафестываль», – зазначае кінарэжысёр.

Кароткаметражная стужка «Мне трэба поціскаў» распавядае пра 92-гадовую Валянціну, якая ў глухой вёсцы на Шчучыншчыне даглядае спаралізаваную дачку Таццяну.

«Яна нават камара ад сябе не адгоніць», – журыцца маці.

Усё жыццё Таццяны – у стосах сшыткаў з ейнымі вершамі і малюнкамі, якія маці ў адчаі хацела спаліць.

«Маці разумее, што яна памірае, а гэтыя вершы нікому не патрэбныя», – згадвае Андрэй Куціла.

Пра што думае спаралізаваная жанчына? На што спадзяецца і ў чым знаходзіць суцяшэнне? Рэжысёр фільму запрашае ў падарожжа ў закінуты і забыты свет паэткі. Гэта кранальная гісторыя пра ахвярнасць маці, якая ні пры якіх абставінах не адмаўляецца ад свайго дзіцяці.

Фільм «Мне трэба поціскаў» Андрэя Куцілы сёлета здабыў адмысловую адзнаку 60-га Кракаўскага кінафестывалю. Зычым поспеху і на фестывалі ў Іспаніі!

Абноўлена
Фільм «Белсату» адзначылі на Кракаўскім кінафестывалі
2020.06.08 11:00

Глядзіце іншыя фільмы Андрэя Куцілы

Наста Ільіна, Белсат

Стужка навінаў