Фігуранта «справы Ціханоўскага» Арцёма Сакава змясцілі ў карцар


Арцём Сакаў. Фота TUT.by

Аператара «Краіны для жыцця», фігуранта «справы Ціханоўскага» Арцёма Сакава, які зараз знаходзіцца ў СІЗА-1 у Менску, змясцілі на пяць дзён у карцар, а таксама яму прысудзілі новыя «суткі» адміністратыўнага арышту. Пра гэта паведамляе spring96.org.

Як паведамілі праваабаронцам сваякі палітвязня Сакава, прычына змяшчэння ў карцар – павуціна ў куце камеры. Раней за такое ж парушэнне на сем дзён тэрмін знаходжання ў карцары працягнулі блогеру Сяргею Ціханоўскаму.

Акрамя таго стала вядома, што 29 чэрвеня ў Кармянскім раённым судзе (Арцём родам з Кармы, Гомельская вобласць) разглядалася адміністратыўная справа ў адносінах да Сакава па артыкуле 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Яго судзілі за тое, што ён нібыта ўдзельнічаў 3 траўня ў мітынгу ў Мазыры – у той дзень Сяргей Ціханоўскі рабіў рэпартаж пра мясцовы дом-інтэрнат, які ўлады хацелі зачыніць. І хоць насамрэч у той момант Сакаў знаходзіўся ў іншым месцы ў горадзе, гэта не перашкодзіла суддзі прысудзіць яму 7 сутак адміністратыўнага арышту.

Пра гэты суд сваякі Арцёма даведаліся постфактум і таму ніхто з іх не змог туды патрапіць. Вядома, што палітвязень з дапамогай адваката будзе абскарджваць гэтае рашэнне.Таксама, па словах маці Арцёма Сакава, на яго складзены пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве ў Жлобіне 8 красавіка, калі Ціханоўскі браў інтэрв’ю ў мясцовых жыхароў.

Арцём Сакаў і яшчэ 16 чалавек з’яўляюцца фігурантамі «справы Ціханоўскага» – ім выстаўлена абвінавачванне паводле арт. 342 КК Беларусі (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў