У горадзе працягваецца падрыхтоўка да візіту Аляксандра Лукашэнкі, запланаванага на 22 сакавіка. Калі 20 сакавіка ў Баранавічах актыўна вяліся працы ў цэнтры гораду, то 21 сакавіка прыкметна ажыўленне ў Паўночным мікрараёне. Рабочыя падмятаюць вуліцы, прыбіраюць тэрыторыю каля Лядовага палаца.
Intex-press паведамляе, што нават туі, якія растуць побач з Лядовым, «вычысцілі пыласосам». На дарогах у экстраным парадку латаюць ямы і выбоіны, наносяць дарожную разметку.
Чытач Intex-press даслаў фота, на якім бачна, як працоўны мые пуцеправод, які злучае Паўночны з цэнтрам гораду.
Па словах кіроўцаў, праца кіпіць не толькі ў саміх Баранавічах, але і на шляху ў горад.
«Уздоўж трасы М1 прыбіраюць, фарбуюць сметніцы і бардзюры», – паведаміў чытач Intex-press.
Бліжэй да вечара навядзенне парадку ў Баранавічах працягваецца.
Чытачы паведамляюць, што праспект Савецкі ўпрыгожылі рознакаляровымі стужкамі, клумбу на бульвары Хэйнала – яловымі галінкамі, а ганак гарвыканкаму мыюць ужо пасля заканчэння працоўнага дня.
СК, belsat.eu