Клюшку Уладзіміра Копаця, якой ён закінуў легендарную пераможную шайбу ў вароты зборнай Швецыі ў чвэрцьфінале Алімпійскіх гульняў 2002 года, на інтэрнэт-аўкцыёне ay.by набыў фэйкавы карыстальнік.
На лекаванне хворага на рак Данііла Страшынскага ў Ізраілі валанцёры збіраюць грошы ў інтэрнэце. Калі пра хлопчыка даведаўся Уладзімір Копаць, ён прапанаваў выставіць на продаж алімпійскую клюшку і перадаць грошы бацькам Данілы.[/vc_column_text]
«Па кантактным нумары тэлефона адказаў раздражнёны малады чалавек, які пагражаў падаць у суд на сайт і на людзей, якія пастаянна тэлефануюць з пытаннямі пра аўкцыён. Мы спрабавалі звязацца з пакупніком праз электронную пошту, але яна таксама аказалася чужой», – паведаміла Іна.
Згодна са сваймі правіламі, аўкцыён налічыў за «прададзены» лот камісію – Br 2,8 млн. Іна не збіраецца яе аплочваць.
«А за што? Лот ж не прададзены! Але ў мяне вісіць адмоўны баланс і я практычна заблакаваная на сайце!, – распавяла дзяўчына. – Клюшка ляжыць у нас, як і ляжала».
Іна піша, што да адміністрацыі ay.by яна не магла дагрукацца.
«Нам сказалі вычакаць 7 дзён. І калі пакупнік не выйдзе на сувязь, то можна адкрываць спрэчку. Мы пачакалі 7 дзён і адкрылі яе. Пачакалі яшчэ тыдзень, пакуль адміністрацыя разглядала спрэчку, а потым на проста напісалі, што спрэчка зачыненая і праблема паспяхова вырашаная».
У размове з «Белсатам» адміністрацыя аўкцыёну распавяла, што ау.by прапанаваў прадаўцу зрабіць запыт на вяртанне камісіі.
«Гэтай функцыяй прадавец не скарыстаўся», – паведаміў адміністратар аўкцыёну.
Іна, аднак, яшчэ можа вярнуць камісію і выставіць лот наноў.
«Прадаўцу трэба напісаць нам на электронную пошту. Хацелі б таксама звярнуць увагу, што з дабрачынных лотаў камісія ў нас не здымаецца, але прадавец не звяртаўся да нас з просьбай надаць лоту дабрачынны статус», – кажа ay.by
«Пасля вяртання камісіі лот можна выставіць наноў і звярнуцца да нас, каб ён стаў дабрачынным. Такія лоты мы нават рэкламуем на галоўнай старонцы», – паведамілі нам у ay.by.
ДД, belsat.eu