Федэрацыя прафсаюзаў прапануе ўвядзенне сістэмы страхавання ад нявыплаты заробкаў

Асноўная мэта новаўвядзення – дапамагчы людзям, занятым на праблемных прадпрыемствах. Мяркуецца, што калі суб’ект гаспадарання абвесціць пра банкруцтву або санацыю і пры гэтым будзе не ў стане аплаціць заробкі, то ён зможа разлічыцца з працаўнікамі за кошт салідарнага фонду страхавання.

Зрэшты, для прафсаюзаў гэтая ідэя не новая. Упершыню нацыянальны прафцэнтр прапанаваў стварыць такі механізм яшчэ некалькі гадоў таму, калі сітуацыя з выплатамі заробкаў у краіне была даволі складанай. Напрыклад, у ліпені 2016 га, паводле звестак Мінэканомікі, у працэдурах эканамічнай неплацежаздольнасці знаходзілася 4078 арганізацыяў, і ў 35 % з іх фіксавалася фінансавая запазычанасць перад працаўнікамі.

ФПБ настойвала на фармаванні гарантыйнага фонду. І ініцыятыву падтрымалі: па даручэнні Саўміна была створана міжведамасная працоўная група, у склад якой увайшлі прадстаўнікі ФПБ, наймальнікі і шэраг міністэрстваў. Аднак падчас перамоваў перад удзельнікамі групы паўстала шмат пытанняў: у якіх памерах будуць рабіцца адлічэнні, хто зоймецца акумуляцыяй і размеркаваннем сродкаў? У выніку бакі вырашылі ўзяць тайм-аўт і сканцэнтраваць увагу на ўжо існых рэзервовых фондах унутры прадпрыемстваў – паглядзець, ці змогуць яны ў поўнай меры стаць той «падушкай бяспекі», на якую могуць разлічваць работнікі. На жаль, чаканні не апраўдаліся.

Цяпер гэтая ініцыятыва ізноў абмяркоўваецца. Мяркуецца, што ўвесь працэс страхавання будзе ажыццяўляцца праз дзяржаўную страхавую структуру. У прыватнасці, разглядаецца варыянт супрацы з Белдзяржстрахам, у якога ўжо даўно сфармавана база патэнцыйных страхавальнікаў і адладжаны ўвесь алгарытм працы.

Заробкі бюджэтнікам вырастуць за кошт звальненняў і аптымізацыі колькасці працаўнікоў

СК belsat.eu

Hавiны