Фатограф Рафал Мілах: «Я не беларус. Але для мяне гэта знак салідарнасці з Беларуссю»


Фота: Рафал Мілах / Archive of Public Protests

Каля тысячы чалавек пратэставалі супраць палітычных рэпрэсій пад пасольствам Беларусі ў Варшаве ў суботу 21 чэрвеня. Сярод іх быў і фатограф Magnum Photos Рафал Мілах, якога з Беларуссю звязвае не толькі праца, але і сям’я. Belsat.eu распытаў Рафала пра ўражанні ад таго, што адбывалася пад пасольствам.

— Твае фотаздымкі беларускай акцыі з Варшавы хутка сталі папулярнымі ў сетцы. Раскажы, якая атмасфера была, што ты адчуваў?

— Я адрэагаваў на гэтую падзею вельмі эмацыйна. Калі людзі, якія столькі гадоў жывуць пад абцасам кіраўніка, знаходзяць у сабе сілу на такую акцыю… Значыць, яны не зламаныя, яны змагаюцца за свае правы. Я наіўна веру, што кожны ўплывае на тое, што адбываецца. Беларуская ўлада гадамі робіць з людзей «палітычную гародніну», якая ад выбараў да выбараў не цікавіцца нічым. Таму нават невялікая акцыя стварае падмурак для будучых падзей, дае пачуццё адзінства.

Фота: Рафал Мілах / Archive of Public Protests

Я не беларус. Тэарэтычна ўсё, што адбываецца, для мяне павінна быць чужым. Але кантэкст маёй сям’і, гісторыя маіх продкаў… Пад пасольствам Беларусі ў Варшаве я адразу ж эмацыйна ўключыўся ў тое, што адбываецца. Здзівіла, колькі людзей прыйшло! Для мяне гэта знак салідарнасці з Беларуссю. Гэта ўражвае.

— А пратэсты ў самой Беларусі могуць атрымліваць нейкую палітычную вагу?

— Гэта пытанне аб эфектыўнасці пратэстаў як інструмента. І не толькі ў Беларусі. Калі ўлада бачыць, што грамадства ніяк не рэагуе, яна атрымлівае маўклівы крэдыт даверу і ўхваленне сваіх дзеянняў. Зламаць у сабе цэнзара, перасіліць унутраны страх і выказацца – вельмі важна. Але калі чалавек напалоханы, ён ніколі не выкажацца. Прызнаюся, што не сачу актыўна за палітычнымі падзеямі ў Беларусі. Лукашэнка вельмі ўпэўнена акапаўся ва ўладзе. Як вынік – цягам 26 гадоў мы бачым амаль адзін і той жа сцэнар падчас выбараў: незалежных кандыдатаў арыштоўваюць, акцыі разганяюць.

Фота: Рафал Мілах / Archive of Public Protests
Фота: Рафал Мілах / Archive of Public Protests

У 2010 годзе ў Беларусі я стаў сведкам эканамічнага крызісу. Мне добра запомніліся чэргі па валюту, а паход у краму нагадваў часы Польскай Народнай Рэспублікі. Заходзіш, а там – паўпустыя паліцы, амаль нічога няма, усе купляюць пра запас. Ніхто не разумеў, што будзе заўтра. І тады я падумаў: гэта момант для пераменаў. Эканамічны крызіс ударыў па беларусах мацней за палітычны. Але ўлада хутка зрэагавала і брутальна адказала на запыт грамадства.

— У 2020-м можа быць інакш?

— Калі чвэрць стагоддзя людзям паўтараюць, што яны павінныя быць палітычна нейтральнымі і палітычна неактыўнымі… Гэта кажа не столькі пра народ, колькі пра выразныя планы ўлады, у прыватнасці Лукашэнкі. Шмат гадоў палітычная сітуацыя ў Беларусі была адносна стабільнай. Людзям не даводзілася прымаць радыкальных рашэнняў, ад якіх залежаў іх лёс. Падчас працы ў 2010-2013 гадах у мяне з’явілася сваё вызначэнне гэтай сітуацыі: сіндром тонкай коўдры. Чалавеку пад ім халаднавата, заснуць не атрымліваецца, але ўстаць за больш цёплай коўдрай не хочацца – бо не так і холадна. Усё таму, што Лукашэнка выразна рэгулюе гэтую тэмпературу.

Фота: Рафал Мілах / Archive of Public Protests
Фота: Рафал Мілах / Archive of Public Protests

Гэтак жа для мяне пытанне ў цікавасці беларусаў да палітыкі па-за выбарамі. Традыцыйна гучна становіцца напярэдадні: Лукашэнка закручвае гайкі і адпраўляе ўсіх непажаданых за краты. А чым жыве краіна ў астатні час?

— Раскажы больш падрабязна пра «Архіў публічных пратэстаў». Напэўна, часткова дзякуючы яму зʼявіўся рэпартаж з-пад пасольства.

— З Беларуссю асаблівая сувязь – у мяне беларускія карані. Дзіўна, але большасць маіх сваякоў жыве менавіта ў Беларусі, а не ў Польшчы. Віцебск, Горадня, Менск… Шмат з кім я пазнаёміўся толькі ў 2010 годзе, калі ўпершыню быў у Беларусі. Сваякі, прыяцелі, знаёмыя. Таму прыехаць пад пасольства было важна, хоць я ніколі не здымаў у Беларусі падчас пратэстаў. Мяне не цікавіла навінная фатаграфія, у той час як наступствы канкрэтных падзей – так.

«Архіў публічных пратэстаў» – грамадзянская артыстычная ініцыятыва. Рэакцыя грамадства на змены ў палітычным клімаце краіны мабілізавала мяне як рэпарцёра. Магчымасць быць адначасова ўдзельнікам пратэсту і фатографам дазволіла распавесці пра яго па-свойму, рабіць свой спецыфічны рэпартаж, які не робіцца пад замову для канкрэтнага выдання.

Фота: Рафал Мілах / Archive of Public Protests
Фота: Рафал Мілах / Archive of Public Protests

— Сярод аўтараў «архіва» ёсць і прафесійныя рэпарцёры. Як грамадзянская інфінітыва сумяшчаецца з працоўным заданнем?

— Па-за працоўным часам. Мы не агенцтва фатаграфіі, нашыя здымкі – візуальнае даследаванне таго, што адбываецца, назіранне і аўтарская інтэрпрэтацыя. Да таго, як з’явіўся архіў, многія публікавалі фота ў сябе на сайце, у сацыяльных сетках. Цяпер усе сабрана ў адным месцы, а доступ да сайту магчымы праз рэгістрацыю. Калі да нас звяртаюцца СМІ, то аўтар сам вызначае ўмовы публікацыі яго фотаздымка. Усе разумеюць, што фатографы зарабляюць продажам фотаздымак. А тым, што я зняў пад пасольствам, я хачу падзяліцца з-за свайго стаўлення да Беларусі.

Фота: Рафал Мілах / Archive of Public Protests

Юлія Шаблоўская / НЯ / Belsat.eu

Фота: Рафал Мілах / Archive of Public Protests

Стужка навінаў