«Фанат» – новы фільм Андрэя Кудзіненкі. Прэм’ера на «Белсаце»


Фільм распавядае пра Васю Пешахода – фаната берасцейскага «Дынама», які нягледзячы на цяжкую хваробу, ходзіць пешкі на матчы ўлюбёнай каманды па ўсёй Беларусі.

Андрэй Кудзіненка вядомы сваймі мастацкімі фільмамі «Акупацыя. Містэрыі» (2004), які нягледзячы на міжнароднае прызнанне, быў забаронены на некалькі гадоў Міністэрствам культуры, і «Масакра» (2010). Першы распавядае пра жыццё ў акупаванай нацыстамі Заходняй Беларусі. Другі заснаваны на навеле Праспэра Мэрымэ пра мядзведзя-пярэваратня «Локіс». У 2-й палове 2000-х працаваў у Расеі, у тым ліку ў камандзе Паўла Лунгіна.

Чаму вырашылі зняць дакументальны і фільм і адкуль такая тэма?

Адзін з рэдактараў «Белсату» Януш Гаўрылюк неяк спытаў, хто б мог зрабіць фільм пра экстрэмальных футбольных фанатаў. І я сказаў, што ведаю экстрэмальнага фаната, бо я сам з Берасця і калісьці футболам займаўся. Ёсць у нас такі Вася Пешаход, які ходзіць пешкі па краіне, я чытаў пра яго ў інтэрнэце. З фанатамі звычайна такая гісторыя, што яны не хочуць здымацца. З другога боку, нейкіх гучных інцыдэнтаў з іх удзелам у нашай краіне даўно не было. І я вырашыў, што лепш зняць пра смяротна хворую асобу з цікавым лёсам. І ў той самы час ён аптыміст.

Вася Пешаход таксама адмаўляўся здымацца?

Ён аказаўся даволі таварыскім хлопцам. Адзінае, прасіў здымаць яго, толькі калі ён у дарозе. Бо тады ў яго зусім іншае жыццё, чым у побыце, у сям’і. Мы ішлі з ім сем дзён з Берасця ў Горадню. Без нас ён дайшоў бы хутчэй, дні за 3-4.

Фільм быў на кінафестывалі «Лістапад». Як яго успрынялі?

Вельмі добры быў прыём. Туды прыехалі з 25 берасцейскіх фанатаў. Прыехала мама Васі, ягоныя браты. Была поўная зала. Глядач меў добрае адчуванне, бо гэта, у прынцыпе, глядацкі фільм. Дакументальнае кіно – яно ў трэндзе такім дэпрэсіўным знаходзіцца. А ў нас – глядацкае пазітыўнае кіно. Нават чыноўнікам з Міністэрства культуры спадабалася.

Вы ўжо здымаеце новы фільм? Можа, з «Беларусьфільмам» зноў плануеце супрацу?

З «Белсатам» прасцей было супрацоўнічаць. Ляжыць ужо новая заяўка – на фільм пра рэжысёра Валянціна Вінаградава. Набліжаецца ягоны юбілей – 80 гадоў. Ды і наагул, я адкрыў яго калісьці крытыцы беларускай. Ён быў забароненым, замоўчаным аўтарам. Гэта сапраўды знакавая фігура. І страчаная магчымасць для беларускага кіно пайсці сваім унікальным нацыянальным жанрам. Гэта вялікая страта.

Які б гэта быў жанр?

Жанр вельмі сучаснага экзістэнцыйнага кінематографу. Кшталту таго, што рабіў у літаратуры Быкаў. Ён [Вінаградаў – рэд.] крыху апярэдзіў нават час. Да таго, што рабіў Жулаўскі [вядомы польскі рэжысёр – рэд.] у 1971 годзе, пра акупацыю, Вінаградаў прыйшоў ужо ў 1965-м. І да таго, што рабіў Роб-Грыйе [французскі празаік, сцэнарыст і кінарэжысёр – рэд.] у 1968-м. Стаўленне да вайны, як да нейкага кафкіянскага свету, дзе незразумела, адкуль паходзіць загад, хто здраднік, а хто – не. Што не ўсё чорна-белае, як было ў савецкім кінематографе. Але ў 1966 годзе выйшаў закон пра ўзмацненне цэнзуры. Сталі забараняць кіно. І «Я родам з дзяцінства» Віктара Турава, і «Андрэй Рублёў» Таркоўскага патрапілі пад цэнзуру…

… карацей, гэта зноў будзе дакументальны фільм.

Так, у мяне ёсць 1,5 гадзіны запісу Вінаградава. І дзве гадзіны размовы з ім. Я хацеў зняць гэты фільм яшчэ ў Белвідэацэнтры, дзяржструктуры, але яны не давалі мне рабіць яго яшчэ ў тыя часы, напрыканцы 1990-х. Ён нават тады быў фігурай непажаданай. Вінаградаў быў аднакурснікам, сябрам Таркоўскага і Шукшына. Вы разумееце ўзровень асобы? І яго дагэтуль не вывучаюць у Акадэміі мастацтваў. Фільмаў ягоных не паказваюць студэнтам.

А сітуацыю з беларускім дакументальным кіно вы як ацэньваеце? Бо з мастацкім зразумела, што ўсё вельмі кепска.

Цяпер шмат хто яго здымае, адных белсатаўскіх фільмаў колькі было на «Лістападзе». Хтосьці сам здымае. Нейкія блогеры вось зрабілі пра язду з маторчыкам. Ну і ўзнагародаў колькі маем. І жывыя класікі вось ходзяць: Аслюк, і Галя Адамовіч, і Дашук, і Жданоўскі. Хоць мяне бянтэжыць тое, што выбіраюць нейкі трэнд, адзін стыль, і ўсе ў ім працуюць. Фільм «Фанат» акурат выбіваецца з гэтага шэрагу.

Чаму? У нас няма роўд-муві?

Ну, у мяне ж не толькі «фільм дарогі». У дакументальным кіно мне вельмі не падабаецца, як працуюць з драматургіяй: у асноўным робяць лінейныя фільмы. Я гэтую лінейнасць шмат разоў парушаю. І ўжываю экспрэсіянісцкія прыёмы. І не працую ў стылі «вёска – бабуля – дэпрэсія – доўгія размовы – камера назірання». Трэба рабіць фільмы, як «Бі-бі-сі», і фільмы-біяграфіі рабіць. Такі «мас-док» – масавую дакументалістыку. Не толькі фармат фестывальнага дэпрэсіўнага кіно, які папулярны на тэрыторыі былога СССР. Я абсалютна не прымаю гэтае кіно. Трэба быць па-за трэндам і рабіць фільмы для гледача, а не толькі працаваць на фестывалі.

Размаўляла Інга Астраўцова

Стужка навінаў