Еўразвяз патрабуе неадкладна вызваліць Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў


Развіццё падзеяў у Беларусі на працягу апошніх некалькіх дзён выклікае сур’ёзныя пытанні адносна захавання ўладамі правоў чалавека і асноўных свабод, заявіў БелаПАН прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Петэр Стана.

Стана падкрэсліў, што затрыманыя блогер Сяргей Ціханоўскі, апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч і іншыя грамадзянскія актывісты і ўдзельнікі пікетаў «павінны быць неадкладна вызваленыя, а іх крымінальны і адміністратыўны пераслед спынены».

«Па меры набліжэння Беларусі да прэзідэнцкіх выбараў важна, каб улады забяспечвалі свабоду сходаў і выказвання меркаванняў. Мы таксама заклікаем Беларусь своечасова запрасіць БДІПЧ АБСЕ для назірання за выбарамі ў адпаведнасці са звычайнай практыкай», – адзначыў ён.

Стана таксама падкрэсліў, што ЕЗ зʼяўляецца прыхільнікам стабільнай, дэмакратычнай і квітнеючай будучыні для Беларусі на карысць яе народа і працягне працу з усімі зацікаўленымі бакамі, цвёрда прытрымліваючыся гэтай мэты.

На пытанне, ці будзе ад сітуацыі з правамі чалавека залежаць выдзяленне дапамогі ЕЗ для Беларусі, у тым ліку на барацьбу з наступствамі COVID-19, Петэр Стана адказаў, што фінансавая дапамога Беларусі ў сувязі з пандэміяй зʼяўляецца часткай пакета надзвычайнай падтрымкі для краін Усходняга партнёрства.

«Ён накіраваны на неадкладныя меры ў галіне аховы здароўя па пераадоленні крызісу і задавальненні звязаных з ім гуманітарных патрэбаў, а таксама на больш доўгатэрміновае і структурнае ўздзеянне на грамадства і эканоміку нашых краін-партнёраў, – заявіў прадстаўнік ЕЗ. – У сувязі з гэтай падтрымкай ЕЗ пастаянна падкрэсліваў, у тым ліку ў тэлефоннай размове 21 красавіка паміж высокім прадстаўніком Барэлем і міністрам замежных спраў Макеем, важнасць таго, каб беларускія ўлады выконвалі рэкамендацыі СААЗ».

Нагадаеем, папулярны блогер Сяргей Ціханоўскі і яшчэ як мінімум 15 асобаў былі затрыманыя 29 траўня ў Горадні падчас збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. МУС паведаміла аб заведзена крымінальная справа аб гвалце ў дачыненні да міліцыянта. Цяпер Ціханоўскі з прыхільнікамі знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсціна.

Hавiны
Сотні людзей па ўсёй краіне стаяць у чэргах, каб пакінуць подпіс за кандыдатаў у кандыдаты
2020.05.31 15:18

31 траўня праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітвязням і запатрабавалі ад уладаў яго неадкладнага вызвалення, а таксама спынення крымінальнага пераследу. Паводле іх інфармацыі, у рамках справы акрамя Сяргея Ціханоўскага затрымана пяць чалавек – Яўген Разнічэнка, Дзмітрый Кучараў, Уладзімір Навумік, Вяргілій Ушак, Сяргей Калмыкоў, – а таксама, верагодна, Аляксандр Арановіч.

1 чэрвеня суд Ленінскага раёну Менску арыштаваў на 15 содняў апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча. Яго прызналі вінаватым па ч. 3 арт. 23.34 КаАП (паўторнае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

Hавiны
Мікалая Статкевіча пакаралі адміністратыўным арыштам
2020.06.01 13:58

КА belsat.eu

Стужка навінаў