Еўразійскі банк развіцця: эканоміка Беларусі замарудзіць рост у 2019-ым


У гэтым годзе валавы ўнутраны прадукт Беларусі вырасце толькі на 1,6 %, гаворыцца ў новым аналізе ЕАБР. Гэта будзе адпавядаць агульным тэндэнцыям у краінах – удзельніцах міжнароднага банку. Аднак пры гэтым ціск з боку Расеі ды рост заробкаў могуць прывесці да павышэння інфляцыі, мяркуюць адмыслоўцы банку.

Стрыманы рост

У мінулым годзе ВУП Беларусі падняўся аж на 3,1 %, адзначаюць у аналізе. Прычыну замаруджання эканамічнага росту амаль удвая ў 2019 годзе аналітыкі ЕАБР бачаць у тым, што канчаецца перыяд аднаўлення актыўнасці, які ішоў за падзеннем ВУП у 2015-ым і 2016 гадах.

Праз тое, што новых прычынаў для ўзмацнення беларускай эканомікі ЕАБР не бачыць, ён чакае, што і надалей эканамічны рост будзе стрыманы – 1,9 % у 2020 годзе, 2 % – у 2021-ым. Аднак у той жа час беларускі ўрад чакае росту ВУП у 2019–2021 гадах на 2,1 %, 2,5 % і 2,8 %, адпаведна. Чаму розніца амаль у паўтара разу?

«Ёсць шырокі кансэнсус, што беларуская эканоміка будзе расці адпаведна свайму патэнцыялу на 1,5–2,5 %. Я б не стаў супрацьстаўляць гэтых прагнозаў. Фактычна гэта адзін прагноз. Якасна яны не адрозніваюцца. Плюс у нас ёсць палітычны момант, калі ў мінулым урад выходзіў з рэалістычна-песімістычнымі прагнозамі, кіраўнік дзяржавы іх не зацвярджаў», – тлумачыць старэйшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб.

Інфляцыйная рызыка – расейскі ціск і рост заробкаў

З аднаго боку, ЕАБР адзначае, што павелічэнне рэальных заробкаў у Беларусі ў 2018 годзе падтрымлівае спажывецкі попыт, а значыць, і рост эканомікі. З іншага боку, аналітыкі банку заўважаюць і рост інфляцыі – перш за ўсё коштаў на мяса ды мясапрадукты, паліва.

Аб’ектыў
Што будзе з коштамі, беларускім рублём і працай у 2019 годзе?
2019.01.02 21:33

Пагаршае сітуацыю з інфляцыяй у Беларусі і рост коштаў у Расеі. Сярод беларускага насельніцтва таксама застаюцца высокія інфляцыйныя чаканні.

«У пачатку 2019 года дадатковы інфляцыйны ціск можа ўзнікнуць праз больш хуткую інфляцыю ў Расеі з-за павышэння стаўкі падатку на дададзеную вартасць… Захаванне павышаных інфляцыйных чаканняў, высокі рост заработнай платы і магчымае далейшае павышэнне ўнутраных коштаў на паліва з-за рэалізацыі падатковага манеўру ў Расеі павышае рызыку большага росту інфляцыі [у Беларусі. – Заўв. рэд.]», – мяркуюць аналітыкі ЕАБР.

Аднак у цэлым, адзначаюць яны, рост спажывецкіх коштаў у 2019 годзе застанецца ў межах «мэтавага ўзроўню Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь». Згодна з пастановаю Савету Міністраў № 989, гэта азначае інфляцыю не больш за 5 % па выніках года.

Атрымліваецца, патэнцыял нерэфармаванай беларускай эканомікі цяпер – гэта адставанне ад агульнасусветных тэмпаў росту ВУП: агульнасусветны ВУП расце цяпер на 3 % і больш.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў