Еўрапейскія палітыкі пагражаюць Лукашэнку санкцыямі за рэпрэсіі


Адразу шэраг еўрапейскіх палітыкаў выказваюцца супраць рэпрэсіяў у Беларусі і нават пагражаюць санкцыямі за іх працяг.

Былы кіраўнік Еўрапейскай Рады і былы прэм’ер Польшчы, які зараз узначальвае Еўрапейскую народную партыю – абʼяднанне правацэнтрысцкіх партый Еўропы Дональд Туск заявіў у Twitter, што Еўропа не будзе мірыцца з беспрэцэдэнтна жорсткімі паводзінамі беларускіх уладаў.

«Штодня мы чуем пра новыя арышты, несправядлівыя суды, катаванні ў турмах. Час дзейнічаць!» – заявіў ён.

Палітык таксама заклікаў лідараў ЕЗ падняць гэтыя пытанні ў кантактах з афіцыйным Менскам.

«Гвалт, пераследы і арышты ў Беларусі павінны спыніцца!» – заявіў Туск.

Генеральны сакратар Еўрапейскай народнай партыі Антоньё Лопэс-Істурыс у сваім відэазвароце таксама выказаў салідарнасць з беларускім народам, «які нягледзячы на рэпрэсіі і запалохванне, абараняе дэмакратыю і свабодныя выбары».

«Я выказваю салідарнасць, сваю і ЕНП, з тымі, хто ў турмах і падвяргаецца катаванням, – Паўлам Севярынцам, Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам, Віктарам Бабарыкам і іншымі. Мы захапляемся вашай мужнасцю і адданасцю Беларусі», – сказаў ён.

Палітык заклікаў «Лукашэнку спыніць рэпрэсіі і неадкладна вызваліць усіх палітвязняў», а усіх еўрапейцаў – далучыцца да кампаніі салідарнасці зь беларусамі. Свой зварот ён скончыў словамі «Жыве Беларусь!».

Або дапамога, або санкцыі

З супольным зваротам адносна сітуацыі ў Беларусі 18 чэрвеня выступілі і еўрадэпутаты з розных краін ЕЗ: Андрус Кубілюс, Анна Фатыга, Міхаель Галер, Анджэй Вітольд Галіцкі, Сандра Кальніетэ, Мірыям Лексман, Зігфрыд Мурэшан, Радаслаў Сікорскі, Віёла фон Крамон-Таўбадэль, піша сайт БХД.

Яны адзначылі, што «пасля 26 гадоў кіравання А. Лукашэнкі ў краіне, якая зараз пакутуе ад пандэміі і эканамічных няўзгодаў, людзі хочуць сапраўдных зменаў – гэта ясны сігнал, які грамадзянская супольнасць дасылае А. Лукашэнку і сябрам Беларусі ў Еўропе».

Паводле іх, Еўразвяз гатовы дапамагчы Беларусі «на яе шляху да гэтых непазбежных пераменаў».

Hавiны
Церцель распавёў дыпламатам ЕЗ і ЗША пра справу Бабарыкі
2020.06.19 08:11

«Аднак магчымасць для беларускага народа зрабіць выбар на такіх вольных і сумленных выбарах у значнай ступені залежыць ад рашэння А. Лукашэнкі. Ці хопіць у яго мудрасці прыслухацца да патрабаванняў сваіх суграмадзянаў, ці ён прыме рашэнне падавіць надзеі на любыя перамены пры дапамозе недэмакратычных адміністратыўных сродкаў ці нават сілы», – заявілі еўрадэпутаты.

Паводле іх, у першым выпадку для Беларусі адкрыюцца выгоды супрацы з Еўразвязам, а ў другім палітыкі паабяцалі зрабіць «усё магчымае для забеспячэння адказу дэмакратычнай садружнасці ў выглядзе найбольш жорсткай рэакцыі ў дачыненні асабіста да А. Лукашэнкі, яго палітычнага атачэння і рэпрэсіўных структураў».

«Рэпрэсіі, запалохванне і арышты (уключаючы сябраў дэмакратычнай апазіцыі) – абсалютна не прыдатныя метады для правядзення выбараў або для згуртавання краіны, гэта толькі цынічныя крокі для ўтрымання ўлады любым коштам. А. Лукашэнка павінен разумець, што ЕЗ не будзе патураць такім дзеянням», – падкрэслілі еўрадэпутаты.

Miriam M. Lexmann on the torture, repressions and continued curbing of fundamental freedoms in Belarus.These actions must have clear consequences

Opublikowany przez Igora Merheim-Eyre Czwartek, 18 czerwca 2020

З адмысловым відэазваротам звярнулася і адна з падпісантак заявы Мірыям Лексман са Славакіі. Яна адзначыла, што шакаваная падзеямі ў Беларусі: «катаваннямі, затрыманнямі, парушэннямі правоў чалавека».

Паводле яе, еўрапейскія лідары павінны паслаць ясны сігнал кіраўніку Беларусі, што такія дзеянні будуць мець наступствы ў выглядзе санкцыяў і спынення ўсялякага фінансавага падтрымання.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў