Еўрапарламент пастанавіў адмяніць сезонны перавод гадзіннікаў з 2021 года

Дэпутаты Еўрапейскага парламенту прагаласавалі ў аўторак за адмену практыкі пераводу гадзіннікаў на гадзіну наперад увесну і назад увосень з 2021 года, паведаміла агенцтва «Reuters».

«За» прагаласавалі 410 дэпутатаў, «супраць» – 192. Рашэнне Еўрапарламенту не зʼяўляецца апошнім вызначальным словам па гэтым пытанні, аднак стварае грунт для дыскусіі, падчас якой кожная краіна Еўразвязу павінна будзе агучыць сваё меркаванне.

Гадзіннік у бельгійскім Бруселі. Фота llippke via pixabay.com

З 2001 года закон ЕЗ патрабаваў, каб усе краіны блоку эканомілі святло, перастаўляючы гадзіннікі наперад на гадзіну ў апошнюю нядзелю сакавіка і на гадзіну назад у апошнюю нядзелю кастрычніка.

Сама практыка ўпершыню зʼявілася ў часы Першай сусветнай вайны.

Даклад Еўрапарламенту па гэтым пытанні вызначыў, што даследаванні звязваюць перанос часу з аслабленнем чалавечага арганізму з-за парушэння біялагічных цыклаў. Таксама адзначаецца, што ў сувязі з пашырэннем новых тэхналогіяў і зменай ладу жыцця насельніцтва больш гэтая мера не нясе ніякай эканоміі.

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Hавiны