Старшыня дэлегацыі Еўрапейскага парламенту ў справе стасункаў з Беларуссю Робэрт Бедрань і сталы спавяшчальнік ЕЗ аб Беларусі Пятрас Аўштравічус 20 чэрвеня выступілі з супольнаю заявай адносна сітуацыі ў нашай краіне.
Еўрадэпутаты асудзілі аднаўленне арыштаў і пераслед патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама іх прыхільнікаў, мірных дэманстрантаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці.
У заяве выказваецца глыбокая занепакоенасць «арыштам на загад прэзідэнта Лукашэнкі [патэнцыйнага. – Рэд. Belsat.eu] кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі і ягонага сына Эдуарда, які ўзначальвае яго ініцыятыўную групу».
Таксама палітыкі ўзрушаныя ананімнымі пагрозамі, запалохваннем і гвалтам у адрас Святланы і Сяргея Ціханоўскіх і іхных дзяцей, сталымі пераследам Мікалая Статкевіча і Паўла Севярынца ды «масавымі арыштамі ўдзельнікаў мірных і легальных пікетаў па зборы подпісаў па ўсёй краіне».
Еўрадэпутаты настойліва заклікалі беларускія ўлады «неадкладна і безумоўна вызваліць усіх адвольна затрыманых асобаў, каб спыніць цяперашнюю хвалю рэпрэсіяў і дазволіць народу Беларусь рэалізаваць сваё права на ўдзел у дэмакратычных выбарах».
Паводле іх, ігнараванне заклікаў «акажа негатыўны ўплыў на будучае развіццё стасункаў паміж ЕЗ і Беларуссю».
МГ belsat.eu