Эстонскі парламент прыняў заяву «Аб гістарычнай памяці і фальсіфікацыі гісторыі». Пра гэта паведамляе сайт Рыйгікогу (парламенту).
У заяве адзначаецца, што адной з прычынаў яе прыняцце стала імкненне выказаць падтрыманне Польшчы і іншым дзяржавам Еўропы, «якіх Расейская Федэрацыя ў апошні час прылічыла да ліку вінаватых у развязванні Другой сусветнай вайны».
Эстонскія дэпутаты асудзілі «спробы ўладаў Расейскай Федэрацыі перапісаць гісторыю, адмаўляючы ролю Савецкага Саюзу ў якасці аднаго з асноўных завадатараў Другой сусветнай вайны і пераносячы адказнасць за агрэсію на ахвяраў».
Паводле іх, Другая сусветная вайна стала магчымай у выніку падпісання 23 жніўня 1939 г. паміж Савецкім Саюзам і нацыянал-сацыялістычнай Нямеччынай дамовы аб ненападзе, такім чынам «нацысцкая Германія, камуністычны Савецкі Саюз і іншыя таталітарныя рэжымы вінаватыя ў беспрэцэдэнтных для чалавечай гісторыі масавых забойствах, генацыдзе, дэпартацыях і пазбаўленнях жыцця і свабоды».
Парламент таксама заклікаў урад Эстоніі падтрымаць захаванне сапраўднай гістарычнай памяці як у Эстоніі, так і па ўсім свеце, «каб злачынствы таталітарных рэжымаў не былі забытыя, бо веданне гісторыі павышае магчымасці супрацьстаяць пагрозам дэмакратыі».
За прыняцце заявы прагаласавалі 72 дэпутаты, супраць – адзін.
Падчас прэс-канферэнцыі 19 снежня Уладзімір Пуцін зняпраўдзіў акупацыю СССР часткі міжваеннай Польшчы і падкрэсліў, што «Польшча сама паўдзельнічала ў падзеле Чэхаславакіі».
«Звяртаю вашу ўвагу на наступную акалічнасць: войскі зайшлі-то зайшлі, але зайшлі пасля таго, як польскі ўрад страціў кантроль за сваймі ўзброенымі сіламі і за тым, што адбываецца на тэрыторыі Польшчы, і сам знаходзіўся дзесьці ўжо ў раёне польска-румынскай мяжы. Не было з кім нават размаўляць на гэтую тэму. Разумееце?» – заявіў прэзідэнт РФ.
Гэтую тэму ён працягнуў 20 снежня на саміце кіраўнікоў СНД. У адказ Міністэрства замежных справаў Польшчы выступіла з крытыкаю заяваў расейскіх уладаў пра тое, што Польшча была адною з пачынальніц Другой сусветнай вайны.
У ведамстве падкрэслілі, што заявы ўладаў РФ паўтараюць прапаганду часоў сталінскага таталітарызму, што «асудзіў нават савецкі лідар Мікіта Хрушчоў».
У заяве падкрэслівалася, што Польшча, якая аднавіла сваю незалежнасць у 1918 годзе, была вымушаная праводзіць палітыку раўнавагі адносна Нямеччыны ды СССР. Менавіта таму былі падпісаныя дамовы пра ненапад у 1932 годзе з Масквой і ў 1934 годзе з Берлінам. Разам з тым СССР рабіў дзеянні, «непасрэдна накіраваныя на тое, каб выклікаць вайну», падкрэслілі ў заяве. У прыватнасці, у 1937 годзе ў межах польскай аперацыі НКУС былі забітыя 111 тыс. палякаў, а дзясяткі тысяч былі сасланыя або арыштаваныя.
Ужо вясной 1939 годзе пачалася палітычная супраца СССР і Нямеччыны, а нямецка-польская дамова пра ненапад была скасаваная. 23 жніўня быў падпісаны пакт Молатава-Рыбэнтропа, які падзяліў Усходнюю Еўропу на нямецкую і савецкую сферы ўплыву.
1 верасня пачалася агрэсія нямецкіх нацыстаў супраць Польшчы, да якой 17 верасня далучыліся савецкія войскі. 28 верасня бакі падпісалі дамову пра межы, зафіксаваўшы падзел Польшчы паміж сабой. У савецкай зоне акупацыі ў 1939-1941 гадах былі арыштаваныя не менш 107 тыс. былых польскіх грамадзянаў, дэпартавана 380 тыс., а 22 тыс. польскіх вайскоўцаў былі расстраляныя. У 1944 годзе рэпрэсіі аднавіліся. Пакараныя былі ў тым ліку і лідары польскага падполля.
Але расейскі прэзідэнт на гэтым не спыніўся. У выніку пасла Расеі Сяргея Андрэева выклікалі ў Міністэрства замежных справаў Польшчы, абвінаваціўшы расейскія ўлады ў спробе «паменшыць сумесную адказнасць Савецкага Саюзу за разбурэнне свету ў Еўропе. СССР у 1939-1941 гадах быў саюзнікам Германіі».
29 снежня прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі апублікаваў заяву, у якой адзначыў, што адказнасць за пачатак Другой сусветнай вайны нясе не толькі фашысцкая Нямеччына, але і СССР. Польскі прэм’ер лічыць, што адказнасць за пакуты і смерці сотняў мільёнаў людзей у 20-м стагоддзі нясуць таталітарныя ідэалогіі.
МГ belsat.eu