«Эскадрон смерці» ў Беларусі: што пра гэта распавядаў асабіста Лукашэнка


Падчас звароту да народу і Нацыянальнага сходу Аляксандр Лукашэнка закрануў пытанне пазасудовых забойстваў у 90-я, распавёўшы як ён дасылаў «надзейных людзей з аўтаматамі», каб «навесці парадак». Гэта не першы выпадак, калі Лукашэнка фактычна наўпрост кажа пра дзейнасць «эскадронаў смерці» у Беларусі. Belsat.eu узгадвае, што кіраўнік Беларусі казаў на гэтую тэму раней.

У аўторак, 24 красавіка, Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да чыноўнікаў, заявіў:

«Вы што, з глузду з’ехалі? Ці мне прымаць жорсткія меры, як у першыя гады майго прэзідэнцкага жыцця, калі забівалі людзей на трасе Масква-Берлін: калі я пасылаў жменьку надзейных людзей з аўтаматамі, якія перастралялі там палову і навялі парадак на працягу месяца».

Лукашенко угрожает убийством

Тот момент, когда твой президент чокнутый псих ? #agl24

Opublikowany przez Мая Краіна Беларусь Wtorek, 24 kwietnia 2018

Але ў 2013 годзе падчас прэс-канференцыі для расейскіх журналістаў Аляксандр Лукашэнка распавёў пра забойствы на трасе Масква-Берлін нават больш падрабязна:

«Я сутыкнуўся ў першы раз, будучы яшчэ «смаркатым» хлопчыкам-прэзідэнтам, з гэтым бандытызмам. Мне прыходзяць і дакладваюць: там спынілі машыну і кагосьці забілі, а аўтамабіль забралі. Тады ж не столькі было «Мэрсэдэсаў» у Расеі ды і ў нас, як цяпер, гэта была рэдкасць, і бандыты адразу ж вока паклалі на гэтыя аўтамабілі і на гаспадароў, якія перамяшчаліся. Вось яны бачаць: «Мэрсэдэс» едзе нейкі ці «Аўдзі», яны спыняюць пад выглядам міліцыі ці яшчэ чагосьці. Калі супраціўляешся – могуць забіць або скалечыць. Аўтамабіль забіраюць, і ўсё, што ў ім забіраюць і гэтак далей.

Я вымушаны быў прыняць радыкальнае рашэнне. Сабралі некалькі груп, машын мала было такіх, крутыя аўтамабілі ўзялі і наладзілі пасткі на гэтай трасе – ад расейскай мяжы да Берасця. Усіх, хто супраціўляўся з бандытаў, расстрэльвалі на месцы. Тры групы такіх знішчылі. Чацвёртай не было. І дагэтуль ціха і спакойна. Можа, гэта занадта, але я не знаходзіў іншага метаду адказаць на гэты разбой, як даць у морду».

У 2011 гаду, падчас выступу ў парламенце, Лукашэнка таксама распавёў пра вайну «эскадронаў смерці» з бандытамі:

«Я вам шчыра скажу, што яшчэ 10 гадоў таму, што групоўкі, якія ў свой час з савецкіх штонікаў выраслі, сувязі ў іх былі яшчэ вельмі шчыльныя з Масквою, мы іх вельмі хутка прыбралі да парадку. Той, хто не падпарадкаваўся – іх ужо і косці згнілі…»

У кастрычніку 2001 года Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Гомель распавёў, што прыкладна 5 гадоў таму «праз пэўных жулікаў» папярэдзіў крымінальных аўтарытэтаў:

«Не дай Бог дзесьці вы створыце абстаноўку крымінальную, я вам паадрываю ўсім галовы». І дадаў: «Быў выпадак, калі яны няправільна сябе павялі. Памятаеце вы гэтых шчаўлікаў і іншых. Дзе яны зараз? Таму ў краіне парадак і ўсе задаволеныя».

Згаданы Лукашэнкай Шчаўлік – гэта беларускі злодзей у законе (сапраўднае імя Уладзімір Клешч), які бясследна знік 10 снежня 1997 года. Мяркуючы па ўсім, ён быў выкрадзены каля свайго ўласнага дому і потым забіты.

Злева – Дзмітрый Паўлічэнка. Эксперты мяркуюць, менавіта ён мог быць кіраўніком або адным з кіраўнікоў “эскадрону смерці”. Фота – sb.by

Палітыкі, журналісты і праваабаронцы лічаць, што «эскадроны смерці», якія ў 90-е знішчалі прадстаўнікоў крымінальнага свету, потым былі выкарыстаны супраць апанентаў Аляксандра Лукашэнкі – апазіцыйных лідараў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, бізнесоўца Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага. Усе яны бясследна зніклі ў 1999-2000 гг. Паводле папярэдняга заключэння праваабаронцаў, асноўнымі падазраванымі па справе па выкраданнях і забойствах Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага з’яўляюцца Аляксандр Лукашэнка, Віктар Шэйман (тагачасны кіраўнік Савета бяспекі), Юры Сівакоў і Уладзімір Навумаў (у розныя часы – міністры ўнутраных справаў), Дзмітрый Паўлічэнка (тагачасны камандзір в/ч 3214) і Мікалай Васільчанка (тагачасны начальнік Службы бяспекі прэзідэнта). Высновы беларускіх праваабаронцаў былі пацверджаны ў 2004 годзе ў адмысловым дакладзе дэпутата Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Хрыстаса Пургурыдыса, які праводзіў уласнае расследаванне.

Сваю датычнасць да выкрадання Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага Аляксандр Лукашэнка заўсёды зняпраўджваў. Ён падкрэсліваў, што яны не былі ягонымі апанентамі, ды наогул у Беларусі штогод шмат людзей знікаюць, таму не трэба столькі ўвагі надаваць гэтым справам.

Але аднойчы Лукашэнка даволі двухсэнсоўна выказаўся наконт практыкі «знікнення» апазіцыянераў. У 2010 годзе кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў быў жорстка збіты спецназам, а потым вывезены са шпіталю ў невядомым напрамку. Амаль содні сваякі Някляева не ведалі, дзе ён знаходзіцца. Пра лёс палітыка ў Лукашэнкі спыталі журналісты на прэс-канферэнцыі 20 снежня 2010 года. Тады кіраўнік дзяржавы заявіў:

«Вы думаеце, што мы «яго скралі і кудысьці звезлі»? Не. Такіх падарункаў не будзе БОЛЬШ».

Пра Някляева – з 13-й хвіліны:

Ігар Ільяш, belsat.eu

Стужка навінаў